Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ КАМПАЗЫТАРЫ ДЫ ВЫКАНАЎЦЫ СУТЫКАЮЦЦА З ПАРУШЭНЬНЕМ АЎТАРСКІХ ПРАВОЎ


Ігар Карней, Менск

Адзін з найбольш вядомых беларускіх выканаўцаў Леанід Барткевіч кажа, што сытуацыя з ігнараваньнем аўтарскіх правоў у прынцыпе немагчымая ў ЗША, у Заходняй Эўропе, ды нават у краінах былога сацлягеру: там кожны творца ведае, што ягоная праца будзе адпаведным чынам ўзнагароджаная. Вярнуўшыся з ЗША ў Беларусь, Барткевіч зноў сутыкнуўся з мадэльлю савецкіх часоў, калі замах на інтэлектуальную ўласнасьць ня лічыцца злачынствам.

(Барткевіч: ) "Да 1975 году "Песняры" прадукавалі 45 мільёнаў кружэлак, і толькі аднойчы пасьля запісу мы атрымалі па сто рублёў. Зараз яшчэ горш. Крадуць, выпускаюць дыскі. Ніводнай капейкі не атрымліваем ні ад гучаньня, ні ад пракату. Цяпер вось зьявіўся яшчэ гурт "Беларускія Песняры". Нядрэнныя некалі музыкі, але каб сьпяваць песьні "Песняроў", трэба атрымаць дазвол ад Уладзімера Мулявіна, бо гэта аранжыроўкі менавіта Мулявіна. Мы хадзілі ў камітэт аўтарскіх правоў, але нічога не дабіліся. Існуюць па-ранейшаму "Беларускія Песняры", можа, зьявяцца яшчэ "Полацкія Песняры", а потым і "Кіеўскія"... Выпускаюцца нізкаякасныя запісы. Ня ведаю, як гэта вырашыць, Мулявін спрабаваў. Але, напэўна, у падобнай сытуацыі ня толькі мы адны. Хоць, натуральна, павінны быць падпісаныя нейкія пагадненьні. Але ў Беларусі ніхто за гэтым ня сочыць".

Сучасны кумір беларускай моладзі, лідэр гурта N.R.M. Лявон Вольскі таксама вымушаны канстатаваць, што пакуль музыку ў Беларусі будуць успрымаць як "хобі асобных дзівакоў", ніякіх зрухаў чакаць нельга:

(Вольскі: ) "Калі йсьці паводле закону, у нас ён не адрозьніваецца ад таго ж расейскага, і мы мусім атрымліваць ганарары. Але няма досьведу такой работы, кантракты нават не падпісваюцца".

(Карней: ) "Беларускія музыкі тым часам павінны мець і сваіх адвакатаў?"

(Вольскі: ) "Безумоўна, гэта патрэбна. Альбо адукоўвацца, чытаць кнігі па аўтарскім праве. Зь іншага боку, у нас ёсьць вельмі сур'ёзная праблема зь пірацтвам — у N.R.M. менавіта".

(Карней: ) "Вы спрабавалі высьветліць, хто займаецца гэтай падпольнай дзейнасьцю, дзе знаходзяцца гэтыя студыі?"

(Вольскі: ) "У нас гэтым займаюцца, звычайна, дробныя канторы, прынамсі, не заводзкім мэтадам робіцца. Але ёсьць і іншыя праявы пірацтва. Прыкладам, падпісваецца дамова на выпуск трох тысяч асобнікаў, а потым гэта ж самая фірма яшчэ тысячу дадрукоўвае. У абыход нашага кантракту, самі займаюцца вытворчасьцю пірацкай прадукцыі. І гэта мы адсачыць ня можам ніяк".

(Карней: ) "Ці можна разьлічваць, што адносіны паміж музыкамі і дзяржавай, паміж музыкамі і студыямі запісу набудуць цывілізаваны характар?"

(Вольскі: ) "Блізкім часам нельга спадзявацца. У нас проста няма як вучыцца гэтаму ўсяму. На Захад мала хто езьдзіць, пераважна арыентуюцца на Маскву, а там цалкам гармідар і дзікі капіталізм".

Сапраўды, калі ў Беларусі ніхто нават гаворку не вядзе пра ганарар за выкарыстаньне кліпу на рыдыё ці тэлебачаньні, то ў Расеі прадусары самі плацяць вялізныя грошы за тое, каб іхныя выхаванцы трапілі ў эфір. Прыкладам адноснага посьпеху ў змаганьні з сыстэмай ёсьць гурт "Ляпіс Трубецкой". Самі музыкі тлумачаць гэта тым, што маюць вялікі штат расейскіх юрыстаў, якія кантралююць кожны крок піратаў ад шоў-бізнэсу. І хоць выдаткі на іх часам параўнальныя з атрыманым ганарарам, але каманда Сяргея Міхалка спадзяецца, што ў пэрспэктыве гэта дасьць плён.

Кіраўнік аддзелу аўтарскіх і сумежных правоў цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці Андрэй Лучанок сьцьвярджае, што беларуская заканадаўчая база ў галіне абароны аўтарскіх правоў адпавядае ўсім міжнародным нормам, але выконваць законы замінае эканамічная сытуацыя.

(Лучанок: ) "У багатых краінах існуюць адмысловыя арганізацыі ў гэтай галіне, якія могуць разьвівацца, бо эканамічная сытуацыя ў гэтых краінах стабільная; карыстальнікі пляцовак багацейшыя, квіткі каштуюць даражэй. Натуральна, зборы за выкарыстаньне твораў большыя. Гэтыя арганізацыі, адпаведна, маюць вялікі штат супрацоўнікаў, моцна стаяць на нагах, разьвіваюцца. Так што карані патрэбна шукаць у эканоміцы".

Гледзячы на стан сёньняшняй беларускай эканомікі, прагназаваць хуткі прагрэс ў галіне абароны інтэлектуальнай уласнасьці ніяк не выпадае.
XS
SM
MD
LG