Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАСТОЦКІЯ ЖУРНАЛІСТЫ ПАДТРЫМЛІВАЮЦЬ ГАРАДЗЕНСКУЮ “ПАГОНЮ”


Аляксей Дзікавіцкі, Беласток

Прысутныя па-польску і па-беларуску зачыталі тэкст пратэсту супраць перасьледу беларускіх журналістаў:

“Журналісты Беластоку пратэстуюць супраць перасьледу незалежнай прэсы ў Беларусі. Наяўным прыкладам падаўленьня свабоды слова ў Беларусі зьяўляецца судовы працэс супраць журналістаў гарадзенскага тыднёвіка “Пагоня” Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі. Мы пратэстуем таксама супраць рэпрэсіяў да іншых беларускіх журналістаў, якія выказвалі салідарнасьць са сваімі калегамі. Стаўленьне высокіх дзяржаўных асобаў Беларусі да свабоды слова сьведчыць пра тое, як далёка ўладам краіны да стандартаў дэмакратычнага сьвету”.

Пасьля падпісаньня прысутнымі журналістамі звароту супрацоўнік Польскай прэсавай агенцыі Робэрт Філанчук паспрабаваў перадаць тэкст з подпісамі ў беларускае консульства, аднак супрацоўніца беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва паведаміла, што ні консула, ні ніводнага зь ягоных трох намесьнікаў цяпер няма і не вядома, калі яны будуць. Як вынік, вырашылі накіраваць падпісаны зварот беларускаму консулу поштай.

Перад прысутнымі выступілі кіраўнік Радыё “Беласток” і беластоцкай рэдакцыі “Газэты Выборчай”.

Гаворыць кіраўнік Радыё “Беласток” Ежы Мушыньскі:

(Мушыньскі: ) “Мы не пытаемся пра тое, ці можа гэткі пратэст мець нейкі сэнс – думаем, што можа. На наш погляд, большасьць людзей у Беларусі – людзі прыстойныя, нават калі яны займаюць высокія дзяржаўныя пасады. Да іх мы і зьвяртаемся – і спадзяемся, што яны нас пачуюць і ня будуць браць удзелу ў справах рэжыму Лукашэнкі. Падобныя грамадзкія пратэсты перамагаюць ва ўсім сьвеце”.

Сёньня ў Беластоку ўпершыню сабралася гэтулькі журналістаў дзеля ўдзелу ў супольнай акцыі.
XS
SM
MD
LG