Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ЗАЦЯГВАЮЦЬ ВЫЗВАЛЕНЬНЕ ДЭПУТАТА АНДРЭЯ КЛІМАВА, — ЛІЧЫЦЬ ЯГОНАЯ ЖОНКА ТАЦЯНА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ужо хутка месяц, як турэмная камісія рэкамэндавала датэрмінова вызваліць Клімава. Гэта было яшчэ 21 лютага. Далей — паводле закону, цягам месяца ад атрыманьня матэрыялаў справы — сваё слова павінны былі сказаць судзьдзі Цэнтральнага суду Менску. Аднак яны дагэтуль нічога ня вырашылі, і дэпутат застаецца за кратамі.

У адміністрацыі менскай калёніі сьцвярджаюць, што яны да затрымкі ня маюць ніякага дачыненьня. Нашыя крыніцы паведамляюць, што на дадзены момант у турме ўжо да 50 вязьняў, якія пасьпяхова прайшлі турэмную камісію і чакаюць судовага перагляду сваіх справаў. Гэта у 2-3 разы болей за норму. Чаму судзьдзі з Цэнтральнага суду ня прыяжджаюць на перагляд, у турме ня ведаюць.

"Так, мы чакалі іх у мінулую пятніцу, быў прызначаны дакладны час, а яны не зьявіліся. Чаму? Без камэнтару", — адказаў адзін з супрацоўнікаў турэмнай установы, дзе адбывае пакараньне Клімаў.

Старшыня Цэнтральнага суду Менску Пётр Кіркоўскі пацьвердзіў Радыё Свабода, што матэрыялы на датэрміновае вызваленьне Клімава знаходзяцца ў судзе, але адмовіўся патлумачыць, чаму яны дагэтуль не разгледжаныя. Я нагадаў спадару Кіркоўскаму словы старшыні Вярхоўнага суду Вялянціна Сукалы, які заявіў, што Клімава выпусьцяць толькі пасьля таго, як ён прызнае віну ды кампэнсуе наснесеныя страты. "Ці будзеце вы кіравацца гэтым меркаваньнем?" — спытаў я ў Пятра Кіркоўскага і пачуў у адказ:

(Кіркоўскі: ) "Не, галоўнае меркаваньне — гэта закон".

Пасьля ён запэўніў, што справа будзе разгледжаная не пазьней за тэрмін, прадугледжаны законам. Паводле Кіркоўскага, гэта азначае, што ў судзьдзяў ёсьць яшчэ тыдзень.

Жонка дэпутата Клімава Тацяна, камэнтуючы тое, што адбываецца вакол справы яе мужа, сказала , што не хацела б неасьцярожным словам пашкодзіць вызваленьню.

(Клімава: ) "Не хачу нічога камэнтаваць, бо разумееце, пачну камэнтаваць, а яны потым нешта зноў вырашаць ня тое".

І ўсё ж яна не выключае, што затрымка з рашэньнем судзьдзяў зьвязаная з тым, што апошнія 10 дзён у краіне не было Аляксандра Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG