Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ЗАПАЛОХВАЮЦЬ І ШАНТАЖУЮЦЬ СЕМ’І ЎГЛЯНІЦЫ І ЖАРНАСЕКА


Юры Дракахруст, Прага

Некалькі месяцаў таму мы перадавалі цыкль інтэрвію зь беларускімі палітычнымі ўцекачамі – былым афіцэрам КДБ Генадзем Угляніцам і актывістам радыкальнага руху “Край” Андрэем Жарнасекам. Яны абвінавацілі беларускія ўлады ў дачыненьні да зьнікненьня палітыкаў і журналістаў. Угляніца і Жарнасек ужо атрымалі палітычны прытулак у Нарвэгіі, іх сем’і дагэтуль знаходзяцца ў Беларусі.

(Андрэй Жарнасек: ) “Усё чакалі ці будзе рэакцыя ўладаў на наш ад’езд, на тыя заявы, што мы рабілі. І яе нібыта не было. Вось, нарэшце, яна зьявілася. Хаця на самой справе рэакцыя была яшчэ раней. У нашых сем’яў спрабуюць любым шляхам адабраць дакумэнты, каб яны не маглі выехаць з краіны. Гэта тычыцца і маёй жонкі, і жонкі Генадзя. Маю жонку выклікалі ў АВІР і заявілі: “Ваш пашпарт несапраўдны. Здайце яго, мы зробім Вам сапраўдны, але бяз права выезду”. Жонцы Генадзя ўвогуле заявілі, што зробяць ёй пашпарт ці праз паўгода, ці праз год, ці калі рэжым памяняецца.
Але сёньня мы атрымалі інфармацыю, што рыхтуецца замах ужо на нашае жыцьцё тут, у Нарвэгіі. Улады не пакінулі нас па-за ўвагаю. Я ня ведаю, якім чынам яны зьбіраюцца гэта рабіць, бо гэта непрыкрыты тэрарыстычны акт. Ці яны забойцу нейкага падашлюць, ці яшчэ нешта.
Дакладна было сказана, што людзі ўжо павінныя былі паехаць, і яны выканаюць загад. Гэта паведаміў чалавек, які сустрэўся з маёй жонкаю. Ён мае адносіны да пэўных сілавых структураў”.

Гаварыў палітычны ўцякач зь Беларусі, актывіст радыкальнага руху “Край” Андрэй Жарнасек. Для ўдакладненьня інфармацыі, якую ён распавёў, мы зьвязаліся зь яго жонкаю, Тацянаю Жарнасек, якая жыве ў Менску. Яна распавяла нашаму радыё наступнае.

(Тацяна Жарнасек: ) “Са мною пажадаў сустрэцца адзін чалавек, я ня буду называць, хто ён. Ён сказаў мне літаральна наступнае. Што майму мужу пагражае небясьпека, што гэтая небясьпека сыходзіць ад чалавека, якога ён ведае, і які знаходзіцца ў ягоным атачэньні. Я ня ведаю, што ён мусіць зрабіць і як, але мне было сказана, што гэты чалавек мусіць выканаць нейкае заданьне, пасьля чаго і сам будзе ліквідаваны. Літаральна так мне было сказана. Горш за ўсё, што я ня ведаю, ад каго зыходзіць гэтая небясьпека для Андрэя, калі ня ведаеш, каму можна давяраць і ці давяраць тым людзям, якіх лічыў сябрамі. Я не выключаю, што гэта было сказана менавіта для таго, каб пасеяць гэты недавер і страх. А можа быць празь мяне спрабуюць дамагчыся ад Андрэя абвяржэньня фактаў пра зьніклых людзей, ці хочуць проста напалохаць – я ня ведаю”.

Гаварыла Тацяна Жарнесек, жонка палітычнага ўцекача Андрэя
Жарнасека.

XS
SM
MD
LG