Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКІ КАШТУЕ ШПАЦЫР У МЕНСКУ Ў ДЗЕНЬ СЬВЯТОГА ВАЛЯНЦІНА?


Любоў Лунёва, Менск

Прысуд стаў поўнай нечаканасьцю ня толькі для Паўла Севярынца, але й для супрацоўнікаў міліцыі.

У судовым паседжаньні даваў паказаньні кіраўнік аддзелу гарадзкой міліцыі Сяргей Гірэль. Паводле ягоных словаў, мэтаю акцыі было паказаць, што ў Севярынца ёсьць аўтарытэт, а таксама адпрацаваць грошы, якія нібыта выдаткаваў Захад на правядзеньне апазыцыйнай акцыі. Сяргей Гірэль патлумачыў сваю думку тым, што яму не далі на плошчы ані кветачкі, ані “валянцінкі”.

Судзьдзя Руслан Казадаеў абвесьціў вялікі перапынак, каб напісаць пастанову. У прызначаны час па Севярынца на “варанку” прыехалі міліцыянты, але пасьля абвяшчэньня прысуду нечакана высьветлілася, што іхныя паслугі не спатрэбяцца. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Паўтары тысячы даляраў за шэсьце, за гуляньне ў Дзень сьвятога Валянціна гэта папросту ад злосьці, ад бясьсільля, ад урэшце нахабства вялікага. Таму што й баяцца моладзі, і ня ведаюць, што рабіць, і жадаюць спадабацца Эўропе, якая сочыць за падзеямі ў Беларусі. 21 лютага – разгляд беларускага пытаньня. Відаць, трэба было абмежавацца штрафамі й падаць гэтую справу ня так жорстка й ня так груба, таму, хутчэй за ўсё, і далі штраф. Але ні штрафамі, ні адсідкамі, ні запалохваньнямі моладзевай кампаніі не спыніць. Кампанія "Беларусь у Эўропу!" працягваецца, і будзем рыхтавацца да 25 сакавіка".

Зьмітра Дашкевіча судзьдзя Аксана Рэлява пакарала штрафам 35 мінімальных заробкаў (гэта 350 тысяч рублёў). Зьміцер беспрацоўны і ня ведае, як яму заплаціць гэтыя грошы:

(Дашкевіч: ) “У краіне, дзе сярэдні заробак семдзесят даляраў у месяц, даваць такія штрафы!? Гэта нешта яны ўжо з глузду пазьяжджалі... Канешне, у мяне такіх грошай няма. Я жыву з бацькамі, не працую. Прасіць такія грошы ў маці мне сорамна. Нават. ня ведаю, што рабіць."

Сяргея Герасімовіча судзьдзя Руслан Казадаеў пакараў яшчэ большым штрафам — 40 мінімальных заробкаў.

Заўтра будуць судзіць Васіля Парфянкова. Міліцыянты перарабілі пратакол, і цяпер Васілю пагражае арышт альбо вялізны штраф.
XS
SM
MD
LG