Сёньня Вольга Завадская ў інтэрвію Радыё Свабода выказала меркаваньне, што адвакат уцёк зь Беларусі, бо пасьля таго, як ён зрабіў заяву адносна вынікаў суду па справе аб зьнікненьні Зьмітра Завадзкага, для яго ўзьнікла рэальная небясьпека.
(Завадзкая: ) “Там усё праўда, а гэтага якраз ніхто і ня любіць. Хаця там нічога не прагучала больш за тое, што было раней вядома”, — мяркуе маці зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага адносна заявы Аксёнчыка.
Яна лічыць вартымі асаблівай увагі абвінавачаньні Аксёнчыка на адрас генэральнага пракурора Віктара Шэймана і Аляксандра Лукашэнкі. Нагадаю, Аксёнчык тыдзень таму назваў генэральнага пракурора Шэймана “галоўным падазроным” у справе пра зьнікненьне Завадзкага, а пра Лукашэнку сказаў, што той нібыта штучна перашкаджаў расьсьледаваньню справаў зьніклых, калі сьледзтва выйшла на сапраўдных злачынцаў.
Вольга Завадзкая лічыць, што гэтыя абвінавачаньні цяпер асабліва небясьпечныя для іх аўтара, і таму Аксёнчык ня проста змоўк, а нават зьехаў зь Беларусі.
Журналіст ОРТ Павал Шарамет таксама пацьвердзіў зьвесткі пра тое, што адвакат Аксёнчык хаваецца ад беларускіх уладаў, але, паводле Шарамета, за межы краіны ён не зьяжджаў.
(Шарамет: ) “Я з Аксёнчыкам не сустракаўся, але маю зьвесткі, што ён у бясьпечным месцы на тэрыторыі Беларусі”.
Павал Шарамет кажа, што ў яго ёсьць вартыя даверу зьвесткі, паводле якіх беларускія ўлады аддалі пракуратуры загад “пакараць адваката”.
У пракуратуры Беларусі абверглі зьвесткі, што на Аксёнчыка завялі крымінальную справу за разгалошваньне тайны сьледзтва ды суду. Аднак прэсавы сакратар пракуратуры Аляксей Таранаў пацьвердзіў, што адпаведная праверка заяваў адваката вядзецца.
Дарэчы, незалежныя мэдыі Беларусі ўжо выказалі меркаваньне, згодна зь якім дзеяньнямі супраць адваката Аксёнчыка ўлады самі справакавалі павышаны грамадзкі інтарэс да ягоных рэзкіх выказваньняў.