Эўрапейскія парлямэнтары, накіроўваючы гэты ліст беларускаму лідэру, зыходзілі з таго, што афіцыйны Менск усё ж правядзе незалежнае расьсьледаваньне па справе зьніклых Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага, — перакананая Элізабэт Шродтэр.
(Шродтэр: ) “Мы чакаем, што прэзыдэнт Лукашэнка закліча сваю адміністрацыю адказна папрацаваць у гэтым напрамку і такім чынам гэта будзе азначаць, што ў Беларусі ўсё ж працуе Закон. Зараз мы ўсе назіраем за тым, як у краіне адбываюцца вялізныя парушэньні правоў чалавека, і эўрапейскія структуры, такія як АБСЭ, сустракаюць пэўныя праблемы ў пытаньнях супрацоўніцтва зь Беларусьсю.
Калі ж мы не атрымаем адпаведнага адказу з боку афіцыйнага Менску, то мы будзем уздымаць гэтую тэму зноў і зноў. Зьніклыя людзі — тая тэма, якая ня можа нікога пакінуць спакойным. У часе кожнай сустрэчы на любым узроўні мы будзем уздымаць яе зноў і зноў”, — сказала дэпутатка Эўрапарлямэнту Элізабэт Шродтэр.
Вядомыя нямецкія аналітыкі, камэнтуючы пасланьне Эўрапарлямэнту да беларускага лідэра, бачаць у гэтым дастаткова сур’ёзны знак: ніхто ў Эўропе не забыўся пра старыя давыбарныя грахі афіцыйнага Менску.
Паводле экспэртаў, ліст Эўрапарлямэнту трэба таксама разглядаць і ў кантэксьце з больш абмежаваным мандатам, які жадаюць прапанаваць групе АБСЭ ў Менску беларускія ўлады.
Як паведаміў адзін зь вядомых бэрлінскіх палітолягаў, тое, што на дыпляматычнай мове гучыць як “Хочам выказаць сваю сур’ёзную занепакоенасьць у зьвязку са зьніклымі”, трэба чытаць так: “З усяго можна зрабіць скандал. У адказ на перашкоды, якія беларускі бок выстаўляе місіі АБСЭ, Эўропа можа ўзяць адпаведныя захады да афіцыйнага Менску”.