Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Зінаіда Ганчар лічыць, што палітыкам Расеі трэба больш актыўна патрабаваць ад беларускіх уладаў расьсьледаваньня справаў зьніклых. Вярхоўны Суд не пажадаў пераглядаць справу дэпутата Андрэя Клімава. Маці зьніклага экс-міністра Юрыя Захаранкі перанесла прыступ хваробы сэрца. На судзе над групоўкай Ігнатовіча завяршаецца разгляд эпізоду пра Зьмітра Завадзкага.


На бягучым тыдні, якраз калі ў Маскве адбылася сустрэча расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам, у беларускіх мэдыях зьявіўся адкрыты ліст Зінаіды Ганчар да Пуціна. Жонка зьніклага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету чарговы раз зьвярнулася да лідэра Расеі з просьбай дапамагчы ў справе пошуку ейнага мужа.

У інтэрвію нашаму радыё Зінаіда Ганчар патлумачыла, што не прымяркоўвала свайго звароту да маскоўскага саміту, а проста вырашыла зноў зьвярнуцца праз расейскага прэзыдэнта да ўсіх расейскіх палітыкаў. Яна спадзяецца на іхныя палітычныя і чалавечыя якасьці і думае, што іхнае ўмяшальніцтва паўплывае на пазыцыю ўладаў Беларусі.

(Зінаіда Ганчар: ) "Спадзяюся на тое, што ўсё ж хопіць мужнасьці й палітычнай мудрасьці падняць гэтую тэму. Мяне вельмі непакоіць тое, што тэму зьніклых перасталі падымаць палітыкі. Яе не заўважаюць расейскія палітыкі, але гэта тыпова і для палітыкаў Беларусі. Шкада, але можа атрымацца, як і казаў той жа Лукашэнка, што хутка гэта будзе цікавіць толькі сваякоў зьніклых", — мяркуе Зінаіда Ганчар.

Да Пуціна яна зьвяртаецца ўжо ня першы раз, і прызнае, што гэтыя звароты няшмат зьмянілі, але яна хоць адказы атрымлівае, што звароты да адрасата дайшлі. "Лукашэнка ж мне ўвогуле не адказвае", — падкрэсьлівае Зінаіда Ганчар.

Аднак не зьмянілася і ейнае стаўленьне да некаторых лідэраў апазыцыі, якія, на думку спадарыні Ганчар, скарысталіся тэмай зьніклых выключна з палітычнымі мэтамі:

(Зінаіда Ганчар: ) "Я не разумею лідэраў апазыцыі, кандыдатаў на прэзыдэнта, якія ўсю перадвыбарчую кампанію будавалі на тэме зьніклых людзей, а цяпер раптам змоўклі".


***
Вярхоўны суд Беларусі пакінуў бязь зьменаў прысуд дэпутату Андрэю Клімаву, паводле якога Клімава пакаралі шасьцю гадамі турмы. Паводле Тацяны Клімавай, якая ўчора сустракалася з мужам у турме, ён атрымаў адмову на скаргу свайго адваката ў Вярхоўны Суд.

Касацыйная скарга на прысуд Клімаву, аказваецца, была пададзеная яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў, але судзьдзі чамусьці вельмі марудзілі зь яе разглядам, але нарэшце вызначыліся — і не на карысьць Клімава.

(Тацяна Клімава: ) "Гэтая скарга праляжала там пяць месяцаў, тры да выбараў і два пасьля выбараў — і вось адмова. Прычым адмова татальная, ня толькі ўсю справу не жадаюць пераглядаць, але ісьці на невялікія саступкі адмаўляюцца", — паведамляе Тацяна Клімава.

Яна таксама згадвае рашэньне Канстытуцыйнага суду — скасаваць год пакараньняў за злачынствы, падобныя да тых, што былі інкрымінаваныя Клімаву. Але гэтае рашэньне заблякаваў Лукашэнкаў парлямэнт, і вось Вярхоўны Суд не жадае ініцыяваць вяртаньне да гэтага пытаньня.

Тацяна Клімава мяркуе, што судзьдзі не сьпяшаліся з вырашэньнем скаргі на прысуд Клімава, чакаючы загаду зьверху ў рэчышчы абвешчанай лібэралізацыі, аднак цяпер стала зразумела, што гэтыя спадзяваньні марныя, таму й прынялі гэткае рашэньне. Тацяна Клімава лічыць такі адказ канчатковай адмовай рэжыму выконваць патрабаваньні міжнароднай супольнасьці.

Паводле Тацяны Клімавай, яе муж атрымаў за апошнія дні больш за 100 лістоў і паштовак з ЗША. Амэрыканцы падбадзёрваюць яго, пішуць, што сочаць за падзеямі ў Беларусі й жадаюць перамогі на шляху да дэмакратыі. Андрэй Клімаў, кажа Тацяна, пакуль ня вызначыў, дзякуючы якой амэрыканскай арганізацыі зрабіўся такі папулярны ў Амэрыцы, і таму за падтрымку дзякуе ўсім амэрыканцам — і простым грамадзянам, і прадстаўнікам дзяржаўных ды недзяржаўных арганізацыяў.

"Я ніколі ня думала, што лісты могуць так дапамагаць. Ён у захапленьні", — кажа Тацяна Клімава.


***
Праз 50 дзён Ульяна Захаранка будзе адзначаць сумную мяжу — тысячу дзён таму зьнік ейны сын, былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка. Учора я патэлефанаваў гэтай жанчыне дахаты, у вёску Васілевічы Рэчыцкага раёну. Ульяна Рыгораўна адразу падняла слухаўку, быццам яна і не адыходзіць ніколі ад тэлефону.

(Ульяна Захаранка: ) "У мяне няма нічога новага, акрамя як тое, што здароўе зусім стала ніякае. Сэрцам вельмі хварэю, трымаюся толькі на леках, на ўколах, нават з дому ўжо не выходжу, бо ногі не трымаюць. Суседзі, дзякуй ім, дапамагаюць, наведваюць, а так зусім хворая.

А што ж вы думаеце, магу я такое гора перанесьці, як маё. Аднаго сына пахаваць і другога... І застацца адной у хаце. Хаця б я знала, што ён жывы, мне б ужо лягчэй было. Але я, пэўна, яго не дачакаюся, бо ў мяне прыступ за прыступам, і я ўжо ня ведаю — дажыву я да Новага году ці дазімую. Ня ведаю".

Я запытаўся пра жыцьцё ў вёсцы і ня мог не згадаць сёлетняга візыту злодзеяў у хату Ўльяны Захаранкі. Я пацікавіўся, ці не знайшлі злодзеяў. Маці былога міністра ўнутраных справаў адказала, што не знайшлі, ды яна й не спадзявалася, што знойдуць. Ульяна Рыгораўна ўзгадала тое здарэньне:

(Ульяна Захаранка: ) "Яны ж перагарнулі ўсе ложкі, шукалі грошы, а ў мяне ж дзе тыя грошы. Як кажуць, толькі вошы, а ня грошы. Я ж са сваёй пэнсіі за Юраву кватэру плачу, і старшага сына дачцэ, якая вучыцца ў Гомелі, кожны месяц даю грошы ды харчы. Дык у мяне ніколі і капейчыны лішку няма. Вось пэнсія яшчэ 12-га, а я ўжо сёньня сяджу з адным рублём. Такім чынам, няма чаго ў мяне красьці. А яны думалі, у мяне шмат грошай".


***
І напрыканцы пра тое, як ідзе працэс у менскім абласным судзе над групоўкай Ігнатовіча. Тыдзень судзьдзі апытвалі сьведкаў паводле эпізоду пра Зьмітра Завадзкага. Крыніцы з суду сьцьвярджаюць, што найбольш грунтоўныя былі паказаньні Паўла Шарамета, які мае вэрсію што да зьнікненьня ягонага калегі.

Шарамет лічыць, што гэта былы кіраўнік Савету Бясьпекі Віктар Шэйман неяк датычны да зьнікненьня Завадзкага. Маўляў, бо Зьміцер завалодаў сакрэтнай інфармацыяй пра датычнасьць беларускіх спэцслужбаў да падзеяў у Чачэніі. Дарэчы, гэтая вэрсія не супярэчыць і таму, што на гэтым тыдні казаў на хвалях Радыё Свабода былы супрацоўнік КГБ Генадзь Угляніца. Але ці знойдзе суд доказы гэтай вэрсіі, і ўвогуле, ці возьмецца шукаць доказы, пакуль сказаць немагчыма. Працэс працягваецца.


XS
SM
MD
LG