Андрэй Клімаў лічыць, што менавіта міжнародная антытэрарыстычная кампанія стала штуршком да ўзьнікненьня ў беларускіх урадавых колах ідэі амністыі вывезеных за межы Беларусі капіталаў. Жонка дэпутата Тацяна Клімава, якая сустракалася зь ім у турме, гэтак перадае ягоныя думкі на гэты конт:
(Клімава: ) "Ідэя амністыі капіталаў — цэнтральная ў абвешчанай урадам лібэралізацыі, лічыць Андрэй. Ён мяркуе, што гэтая ідэя ўзьнікла ў выніку апошніх падзеяў у сьвеце.
Асобы пры ўладзе, якія рознымі махінацыямі нарабавалі мільёны даляраў і трымаюць іх на рахунках за мяжой, спалохаліся, што страцяць свае грошы, заробленыя на спэкуляцыях гарэлкай, кампутарамі, аўтамабілямі, на продажы расейскай нафты і сыравіны на захад, і, канечне, на продажы зброі розным сумнеўным рэжымам", — перадае словы Клімава ягоная жонка Тацяна.
Паводле Тацяны, Клімаў мяркуе, што гэтых брудных грошай — некалькі соцень мільёнаў даляраў, спаслаўшыся пры гэтым на свой досьвед бізнэсоўца і веданьне сытуацыі ва ўладных колах напрыканцы 1990-х гадоў.
Клімаў не выключае, што частка грошай можа належаць і найвышэйшым асобам у краіне. Але найхутчэй, мяркуе Клімаў, сам Лукашэнка такіх рахункаў ня мае. "Дастаткова, што ён можа даць загад тым, хто валодае грашыма", — лічыць дэпутат.
Ён таксама мяркуе, што ў сувязі з антытэрарыстычнай апэрацыяй брудныя грошы на рахунках у замежных банках аказаліся пад пагрозай, бо пачынаюцца праверкі. Іхныя ўладальнікі спалохаліся, што грошы проста немагчыма будзе забраць і вырашылі тэрмінова вярнуць іх на радзіму, таму й зьявіліся размовы пра амністыю капіталаў", — перадае словы Клімава ягоная жонка Тацяна.
Пры гэтым, паводле Клімавай, ейны муж збольшага вітае вяртаньне капіталаў у Беларусь, бо грошы будуць працаваць "у эканоміцы Беларусі, на яе карысьць".
Што ж тычыцца іншых чыньнікаў лібэралізацыі — зьніжэньня падаткаў ці зьмягчэньня правілаў рэгістрацыі, то Клімаў ня верыць, што гэтыя заявы будуць рэалізаваныя. "Гэта проста камуфляж амністыі капіталаў. Калі грошы вернуць дамоў, рэформы адменяць, бо яны будуць разбураць падмурак рэжыму", — гэтак перадае словы Андрэя Клімава ягоная жонка Тацяна.
Дэпутат выказаў таксама сваё стаўленьне да прэзыдэнцкіх выбараў. Ён лічыць, што апазыцыя прайграла, бо ня выявіла вялікай прагі да перамогі, вяла кампанію неактыўна, баялася рызыкаваць. "Барацьба за ўладу насамрэч рызыкоўная справа, яна патрабуе мужнасьці, гатоўнасьці ісьці да канца, а апазыцыя ўсяго баялася. А найперш яна баялася наступстваў пройгрышу і таму атрымала тое, чаго заслугоўвае", — лічыць Андрэй Клімаў.
Выпраўляць становішча ён раіць з дапамогай іншых формаў барацьбы, але якіх, не ўдакладняе. "Андрэй толькі сказаў, што ад палітыкі , калі выйдзе на волю, не адыдзе", — паведаміла Радыё Свабода Тацяна Клімава.
Нагадаю, дэпутат Клімаў быў арыштаваны ў лютым 1998 году і асуджаны на 6 гадоў турмы. Паводле гэтага прысуду, ён выйдзе на волю ў лютым 2004 году, але ня выключана, што ў ягоным выпадку будзе умоўна-датэрміновае вызваленьне пасьля дзьвюх трацінаў тэрміну. Гэта значыць, ёсьць шанец, што Андрэя Клімава вызваляць у жніўні наступнага году.