Алега Алкаева я знайшоў праз тэлефон у Бэрліне. Былы начальнік менскага сьледчага ізалятара, чый рапарт адносна датычнасьці найвышэйшых кіраўнікоў краіны да зьнікненьняў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага выклікаў вялікі скандал напярэдадні выбараў, не зьбіраецца адмаўляцца ад сваіх абвінавачаньняў.
Алкаеў заявіў нашаму радыё, што не складаў рапарта адмыслова да выбарчай кампаніі — ён быў напісаны год таму. Паводле Алега Алкаева, справы Захаранкі, Ганчара і Красоўскага не раскрытыя, бо праваахоўчыя органы не жадаюць ці ня здольныя гэтымі справамі займацца.
Алег Алкаеў перакананы, што калі б яго хаця б на два месяцы прызначылі генэральным пракурорам, сакрэты загадкавых зьнікненьняў палітыкаў былі б раскрытыя. Алкаеў зьвяртаецца наўпрост да Аляксандра Лукашэнкі.
(Алкаеў: ) "Ён кажа: "Пакажыце мне, дзе закапана". Я яму абяцаю паказаць, дзе закапана, але ў мяне няма ўлады — як я магу паказаць. Каб паказаць, мне патрэбная ўлада генэральнага пракурора. Выканаўцы абавязкаў ці часовага выканаўцы, але генэральнага пракурора. Тады я яму ўсё пакажу — дзе закапана, хто закопваў і калі".
Алег Алкаеў паведаміў, што асабіста ён прыйшоў да высноваў, якія зрабіў у сваім рапарце, параўнаўшы час зьнікненьняў Захаранкі, а потым Ганчара і Красоўскага з часам выдачы пісталета для выкананьня сьмяротных прысудаў.
Сваімі падазрэньнямі ён падзяліўся з шэрагам кіраўнікоў МУС і паводле іх загаду напісаў рапарт. Але цяпер Алкаеў лічыць, што гэтыя асобы кіраваліся не меркаваньнямі закону, а інтрыгамі ў кіраўніцтве. Бо ў выніку ўсе яны адмовіліся давесьці расьсьледаваньне да канца. Таму Алкаеў зьвязвае сваё вяртаньне ў Беларусь з арыштам ня толькі непасрэдных выканаўцаў злачынства.
(Алкаеў: ) "Я вярнуся ў выпадку зьмены курсу Аляксандра Лукашэнкі і арышту тых асобаў, якіх я ды іншыя называлі вінаватымі ў выкраданьні людзей. Гэта ў першую чаргу Шэйман, потым Сівакоў, Паўлічэнка, а цяпер і тыя, хто хаваў злачынства.
Канечне, і выканаўцы ёсьць, але вінаватыя і тыя, хто хаваў злачынства. Гэта і з адміністрацыі прэзыдэнта асобы, і чыноўнікі зь Міністэрства ўнутраных справаў, з КГБ. Я назваў тры асобы, безь якіх справа ў прынцыпе немагчымая. Ім пагражаюць вялікія тэрміны ў найлепшым для іх выпадку, а ў найгоршым — сьмяротная кара".
Алег Алкаеў ня лічыць, што справы Захаранкі, Ганчара і Красоўскага маюць непасрэдную сувязь са справай Завадзкага, якую расьсьледавала група сьледчых пад кіраўніцтвам Івана Бранчаля. Але Бранчаль, паводле Алкаева, мог правяраць розныя вэрсіі і ў выніку мог наблізіцца і да гэтых злачынстваў. Мог, толькі не зрабіў гэтага.
(Алкаеў: ) "Ужо час таго ж Бранчаля дапытаць, чаму ён зрабіў працэсуальную памылку. Ён мяне дапытаў, забраў у мяне зброю, а пастанову не прыняў аб прыпыненьні ці вылучэньні ў асобную справу. Ён проста аддаў і зброю, і кнігу выдачы зброі. Прыбег да мяне, вярнуў гэта і сказаў, каб нікому ніколі не казаў, што выклікалі кудысьці і дапытвалі. Маўляў, не было такога ў тваім жыцьці".
Нагадаю, што стрыжневым фактам у рапарце Алкаева было тое, што двойчы пісталет для выкананьня сьмяротных прысудаў, які быў пад кантролем Алкаева як начальніка ізалятара, выдавалі людзям Сівакова якраз у той час, калі зьнікалі палітыкі. Але чаму менавіта гэты пісталет выкарыстоўвалі злачынцы, канчатковага адказу дагэтуль няма. Алкаеў трымаецца наступнай вэрсіі:
(Алкаеў: ) "Прафэсійных і надзейных пісталетаў з глушыльнікам ня так і шмат. Калі зьвязвацца з крымінальнікамі, купляць у іх зброю — то гэта заўважаць. У міліцыі ўся забраная зброя на ўліку, яна адстраляная і знаходзіцца ў кулягільзавай картатэцы.
Але асноўная мая вэрсія — тая, што гэта зроблена, каб надаць забойству характар выкананьня сьмяротнага прысуду. Бо тады быццам грэх з душы крыху здымаецца. Так яно і атрымалася. Выканаўцы ж не задумваліся, што робяць. Ім загадалі, яны й выканалі. А пасьля гэтым ганарыліся — ім жа нават ордэны потым далі".
Алег Алкаеў заявіў, што ведае і яшчэ шэраг доказаў, пра якія пакуль казаць адкрыта ня можа. Ён перакананы, што па справах Ганчара, Красоўскага і Захаранкі абавязкова будзе суд, на якім ён у ліку іншых сьведкаў распавядзе ўсё, што ведае.