Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЦЯРПЕЛЫЯ АД МІЛІЦЫЯНТАЎ-САДЫСТАЎ І ПАДЧАС ЦЯПЕРАШНЯГА СУДУ АТРЫМЛІВАЮЦЬ ПАГРОЗЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пацярпелыя, якіх зьбівалі сьледчыя Першамайскага райаддзелу міліцыі, і падчас працэсу атрымліваюць пагрозы.

Ужо на другі дзень пасьля пачатку працэсу судзьдзя абвесьціў яго закрытым. Але гэтая закрытасьць больш падобная на гульню, бо ніхто з пацярпелых і іхных абаронцаў падпіскі пра нераскрыцьцё дэталяў працэсу не даваў.

Такім чынам, забарона прысутнічаць на працэсе фактычна тычыцца толькі журналістаў і сваякоў пацярпелых. Таму ўдзельнікі працэсу ахвотна распавядаюць, што адбываецца за зачыненымі дзьвярыма.

Адзін з абаронцаў, супрацоўнік Міжнароднай асацыяцыі абароны правоў чалавека Андрэй Дземідовіч распавёў, што ўжо апыталі ўсіх пацярпелых — яны паведамілі пра жудасныя факты зьбіцьця і зьдзекаў. Прыкладам, у арсэнале сьледчых былі такія мэтады як падвешваньне падсьледнага на вяроўках, зьбіцьцё скураным рамянём ды іншыя.

Зьдзекваючыся зь людзей, якіх яны лічылі злачынцамі, сьледчыя ня грэбавалі іхнай маёмасьцю. Адзін з апэратыўнікаў, прыкладам, на час пасяліўся ў кватэры падсьледнага. Высяліўся ён з захопленай кватэры, калі супраць яго самога распачалі крымінальную справу.

Абаронца Андрэй Дземідовіч мяркуе, што доказаў віны міліцыянтаў прагучала дастаткова, каб пераканаць судзьдзю ў іхнай вінаватасьці. Аднак былыя сьледчыя, цяпераўнія падсудныя, вінаватымі сябе не прызнаюць, што не падаецца абаронцам дзіўным.

"Яны яўна спадзяюцца, што пацярпелыя самі адмовяцца ад сваіх сьведчаньняў, і тады справа рассыплецца. А каб гэтак адбылося, гучаць пагрозы на адрас пацярпелых", — кажа абаронца Дземідовіч і працягвае:

(Дземідовіч: ) "Пагрозы ідуць і праз сваякоў. Прыкладам, пацярпелы Ішамбаеў на судзе паказаў, што яму нехта тэлефанаваў і сказаў, каб не саджаў хлопцаў, адмовіўся ад паказаньняў, а калі гэтак не адбудзецца, то будзе горш. Яшчэ ціснулі на пацярпелага Шчыронава".

(Карэспандэнт: ) "А як на гэтыя факты рэагуюць пракурор і судзьдзя?"

(Дземідовіч: ) "Ніякай рэакцыі з боку судзьдзі й пракурора на заявы пацярпелых пра пагрозы ды ціск не было".

(Карэспандэнт: ) "Суд абвесьцілі закрытым — ці сапраўды на судзе агалошваюцца нейкія сакрэты?"

(Дземідовіч: ) "Не. Больш за тое, учора даваў паказаньні абвінавачаны Бурдыка, дык ён на шэраг пытаньняў адмовіўся адказваць, спасылаючыся на закрытасьць інфармацыі. Дзіўна. Таму зараз пацярпелыя зьбіраюцца заявіць хадайніцтва, каб працэс быў адкрыты, бо калі яго закрывалі, сярод іншага казалі, што гэта патрэбна дзеля бясьпекі пацярпелых. Але ў такіх ўмовах абароненымі яны сябе не адчуваюць", — казаў праваабаронца Андрэй Дземідовіч.

Паводле Дземідовіча, сёньня на працэсе прагучала, што абвінавачанага Ярафеева ўлетку падвысілі ў званьні — ён нават і цяпер, нягледзячы на тое, што яго прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці, выконвае абавязкі намесьніка начальніка сьледчага аддзелу Першамайскага раёну. Не сядзяць бяз працы падчас працэсу і ягоныя калегі.

(Дземідовіч: ) "Дакладна ўсіх абвінавачаных, якіх раней быццам бы адхілілі ад працы, перавялі ў сьледчы аддзел гарвыканкаму, і яны там працуюць", — паведаміў абаронца пацярпелых Дземідовіч, спасылаючыся на зьвесткі, якія пачуў на закрытым працэсе ў Маскоўскім судзе сталіцы.


XS
SM
MD
LG