Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗІНАІДА ГАНЧАР: ЗАКАЗЬНІКАМ ВЫКРАДАНЬНЯ ВІКТАРА МОГ БЫЦЬ ЛУКАШЭНКА


Запісаў Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Зінаіда Ганчар: ) "16 верасьня 1999 году мой муж быў скрадзены разам зь бізнэсоўцам Красоўскім, і вось ужо 2 гады я нічога ня ведаю пра ягоны лёс.

Безумоўна, за гэты час я зьвярталася ва ўсе магчымыя праваахоўчыя органы ня толькі нашай краіны, але я вельмі спадзявалася і на Расею, бо Віктар апошнім часам меў цесныя кантакты з шэрагам палітыкаў Расеі. Канечне, я вельмі расчараваная тым, што Расея па сутнасьці падтрымала рэжым Лукашэнкі.

А чаму Лукашэнка не зацікаўлены ў расьсьледаваньні? Таму што, магчыма, ён сам мае дачыненьне да гэтых злачынстваў. Я ніколі не паверу ніводнаму высокаму чыноўніку — быццам нешта ў нас можа адбывацца безь ягонай згоды.

Такім чынам, заказ мог даць менавіта ён, а ўжо хто яго выканаў — я ня ведаю. Гэта мог быць "эскадрон сьмерці", маглі наняць выкрадальнікаў у другіх краінах — што заўгодна. Бо сродкаў дастаткова. Няма грошай на тое, каб накарміць людзей і зрабіць іх шчасьлівымі, а вось каб зрабіць іх няшчаснымі — тут усе захады спрацоўваюць".


XS
SM
MD
LG