Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП АБВЕРГЛА ЗАЯВЫ “РЭЗАНАНСУ” ПРА НІБЫТА КРЫМІНАЛЬНЫ ХАРАКТАР СПРАВЫ ЗАХАРАНКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька абвергнуў зьвесткі праграмы дзяржаўнага тэлебачаньня "Рэзананс", паводле якіх Юры Захаранка нібыта ўдзельнічаў у фінансавым забесьпячэньні АГП. У "Рэзанансе" сьцьвярджалі, што ён быццам бы перадаў на патрэбы партыі 76 тысяч даляраў, якія да яго трапілі ад аднаго гомельскага прадпрымальніка.

Анатоль Лябедзька назваў абвінавачаньне на адрас Захаранкі "хлусьнёй, мэта якой — скампрамэтаваць партыю і прыдумаць непалітычную вэрсію зьнікненьня Захаранкі". Паводле спадара Лябедзькі, Юры Захаранка, які быў толькі сябрам нацыянальнага камітэту партыі, проста ня меў паўнамоцтваў займацца фінансамі.

(Лябедзька: ) "За фінансы Захаранка ніколі не адказваў, гэта было ў пэўным сэнсе нелягічна. Гэтае пытаньне яшчэ можна было б разгарнуць у адносінах да Станіслава Багданкевіча ці Паўла Данейкі, якія маюць пэўныя сувязі й кантакты, але не да Захаранкі. У нас існуе жорсткае правіла — ніякіх сумнеўных крыніцаў ня можа быць увогуле, гэта абсалютна выключана. Калі ўявіць, што Захаранка меў нейкі бізнэс, то гэта была толькі ягоная прыватная справа", — заявіў радыё Свабода Анатоль Лябедзька.

Паводле старшыні АГП, пра тое, што пэўны час былы міністар займаўся пасярэдніцкай камэрцыйнай дзейнасьцю, у партыі нават ня ведалі. Лябедзька мяркуе, што абвінавачаньні Захаранкі ў фінансавых махінацыях тлумачацца спробамі ўладаў адвесьці ад сябе падазрэньні ў арганізацыі выкраданьня вядомых апазыцыянэраў.

(Лябедзька: ) "Ім трэба зараз вырашыць галоўную задачу — паказаць і даказаць, што гэтыя людзі альбо самі зьніклі, альбо да гэтага маюць дачыненьне нейкія грошы. Але, калі разглядаць эканамічную вэрсію, то за два гады сьледзтва яе павінны былі праверыць, і гэтыя дакумэнты ўсплылі б раней, паўтара года таму, але ня сёньня", — лічыць Анатоль Лябедзька.

Гэтая заява лідэра АГП супала з тым, што Радыё Свабода сказала сьледчая ў справе Захаранкі Сьвятлана Байкова. На пытаньне карэспандэнта, ці разглядаецца эканамічная вэрсія зьнікненьня экс-міністра і ці ня стала яна асноўнай, Сьвятлана Байкова адказала:

(Байкова: ) "Правяралі і правяраем, але нічога такога не знайшлі, што б яе пацьвердзіла".

Далей Сьвятлана Байкова з гарадзкой пракуратуры заявіла, што сьледзтва працягваецца, але ніякай новай інфармацыі паведаміць журналістам яна ня можа, бо гэтага не дазваляе ейнае кіраўніцтва.

Анатоль Лябедзька паведаміў Радыё Свабода, што ад імя Юр'я Захаранкі АГП рыхтуе пазоў у суд на Беларускае тэлебачаньне за паклёп.

XS
SM
MD
LG