Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СВАЯКІ ЗЬНІКЛЫХ ПІКЕТАВАЛІ АДМІНІСТРАЦЫЮ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ


Альгерд Невяроўскі, Менск


Родныя й блізкія зьніклых Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага, памерлага Генадзя Карпенкі й зьняволенага Андрэя Клімава прыйшлі сёньня да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі з партрэтамі гэтых людзей. Гэта быў своеасаблівы маўклівы пікет, які працягваўся прыкладна гадзіну. Перад пачаткам акцыі адзін зь ейных арганізатараў лідэр АГП Анатоль Лябедзька сказаў пра мэту гэтай акцыі наступнае:

(Лябедзька: ) "Пачуць адказ на пытаньні "Дзе Захаранка? Дзе Ганчар? Што здарылася з Карпенкам і Майсеням? Чаму ў турме Клімаў і Шчукін?" Гэтыя пытаньні без адказу".

Тое, што Лукашэнкі ў будынку адміністрацыі сёньня не было, (ён знаходзіцца ў Сочы), пікетоўцаў ня надта хвалявала. Паводле словаў Лябедзькі, яны не падладжваюцца пад распарадак працы Лукашэнкі.

А вось што сказала жонка зьніклага Анатоля Красоўскага Ірына:

(Красоўская: ) "Я ніяк не магу атрымаць адказы на пытаньні, якія мы ўжо неаднойчы задавалі ўладам. Я хачу ведаць пра тое, што адбылося з маім мужам, і я хачу атрымаць адказ на тыя пытаньні, якія былі надрукаваныя ў газэтах наконт пісталетаў, ды іншых дакумэнтаў, дзе сьцьвярджаецца, што мой муж, Захаранка й Ганчар былі скрадзеныя.

Можа гэта вымусіць улады паглядзець нам у вочы і адказаць на тое, пытаньне, якое нас турбуе ўжо два гады".

На гэты пікет жонкі й маці зьніклых прыйшлі адразу пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Паводле словаў Ірыны Красоўскай, сябры дэлегацыі абяцалі ім ставіць пытаньне "Дзе зьніклыя?" перад беларускімі ўладамі да таго часу, пакуль не атрымаюць пераканаўчага адказу. "Мы ўсе тут хочам ведаць праўду",— дадала жонка Зьмітра Завадзкага Сьвятлана.

Удава Генадзя Карпенкі Людміла сказала, што да правядзеньня сёньняшняй акцыі іх падштурхнуў і ўчорашні выступ Аляксандра Лукашэнкі, які сьцьвярджаў, што праблема зьніклых стала інструмэнтам у руках апазыцыі для зьвяржэньня ўлады.

Жонка Віктара Ганчара Зінаіда хаця і ўдзельнічала ў акцыі, аднак лічыць, што такія пікеты даюць мала плёну.

(Ганчар: ) "Улада даўно не зьвяртае ўвагі на нашыя пікеты, і трэба пераходзіць да іншых формаў патрабаваньняў. Трэба патрабаваць простага адказу на пытаньні ў тых людзей, якіх абвінавачваюць",— сказала спадарыня Ганчар.

Пасьля яна спрабавала запісацца на прыём да Сівакова й Латыпава, але безвынікова. Не захацелі падыйсьці да сваякоў зьніклых памочнік Лукашэнкі Сяргей Посахаў і дэпутат гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў" Аляксандар Шпілеўскі, якія выходзілі з будынку адміністрацыі.

Міліцыянты, якіх было шмат на месцы правядзеньня акцыі, яе ўдзельнікам не перашкаджалі, толькі ўчастковы Ігар Фалей перапісаў імёны й прозьвішчы ўсіх яе ўдзельнікаў, а таксама спраўдзіў дакумэнты ў другога сакратара амбасады ЗША ў Беларусі Крыстафэра Робінсана.



XS
SM
MD
LG