Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫЯ СЬВЕДЧАНЬНІ ПРА ЭСКАДРОН СЬМЕРЦІ


Юры Сьвірко, Менск


У сьвежым нумары амэрыканскага часопісу “U.S. News and World Report" зьмешчаны артыкул пра Аляксандра Лукашэнку “Тыран, якога ігнаруе сьвет”.

“У Беларусі Лукашэнка кіруе праз дэкрэт, прыхамаць, прыпадак раздражненьня ды, мажліва, забойства”,— робіць выснову аўтарка публікацыі Маша Гесэн і падае цытату зь Пятра Марцава, галоўнага рэдактара “Белорусской деловой газеты”. Спадар Марцаў сьцьвярджае, што асабіста ведае аднаго чалавека з каманды зьнішчэньня, цытую: “Так здарылася, што мы ведалі адзін аднаго зь дзяцінства. У 1999 годзе, пасьля таго, як мы апублікавалі расьсьледаваньне пра кантрабанду золата з Расеі празь Беларусь, ён прыйшоў да мяне й сказаў, што Лукашэнка загадаў мяне забіць. З чаго я зразумеў, што ў іншых выпадках, калі ён атрымліваў падобныя загады, ён проста выконваў іх. Я пайшоў у падпольле, імітуючы ад'езд з краіны, але насамрэч застаючыся ў сакрэтнай кватэры ў Менску. Праз паўтары месяцы той сам афіцэр паведаміў мне, што загад забіць быў скасаваны”.

Яшчэ адно сьведчаньне пра сапраўднасьць існаваньня дзяржаўнага "эскадрону сьмерці" зьявілася ў газэце "Народная воля", што надрукавала інтэрвію з генэрал-маёрам міліцыі Мікалаем Лапацікам, які летась у лістападзе даслаў міністру ўнутраных справаў рапарт пра абставіны палітычных забойстваў.

Журналістка Марына Коктыш пракамэнтавала сустрэчу з генэралам гэтак:

(Коктыш: ) "Генэрал Лапацік зараз адпачывае, адпачывае на прыродзе, выглядае ён вельмі няблага, хаця перанес інфаркт пасьля размовы з адной высокапастаўленай дзяржаўнай асобаю.

Пра рапарт ён усё сказаў у інтэрвію "Народнай волі" — што хварэў і пра ўсё забыўся, калі што й было. Што тычыцца менавіта почырку, якім напісаны гэты рапарт, дык я думаю, што графалягічная экспэртыза безь якіх-небудзь перашкод пацьвердзіць, што гэты рапарт напісаны менавіта Мікалаем Лапацікам.

(Карэспандэнт: ) "Вось ён Вам у інтэрвію кажа: маўляў, ён ведаў, што "рана ці позна прыйдуць карэспандэнты й будуць запытваць пра сакрэтныя дакумэнты, а ты паспрабуеш ім нічога не гаварыць, таму што ня маеш права". У Вас ўражаньне якое — ён пісаў гэты рапарт?

(Коктыш: ) "Так. На маю думку, ён пісаў гэты рапарт".

(Карэспандэнт: ) "Вы можаце сказаць, што вашае інтэрвію — гэта хутчэй пацьверджаньне той інфармацыі, якую абнародваў Уладзімер Ганчарык — пра эскадроны сьмерці, чым абвержаньне?"

(Коктыш: ) "Безумоўна".

Гэтак зазначыла спадарыня Коктыш з газэты "Народная воля".
XS
SM
MD
LG