Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА СЛАВЯНСКІМ БАЗАРЫ СЛУЖБА АХОВЫ ЛУКАШЭНКІ ЗЬБІЛА ДА НЕПРЫТОМНАСЬЦІ МАЛАДАФРОНТАЎЦА


Сабіна Радзько, Віцебск


Знайшоўся чалавек, які ўнес карэктыву ў заплянаваны сцэнар “Славянскага базару”. Андрэй Капорыкаў, сябра Маладога Фронту, пранес сьцяг пад вопраткаю. Паводле хлопца, яшчэ ўдзень за ім пачалі сачыць, і дзеля таго, каб трапіць у Амфітэатар, давялося пайсьці на шэраг хітрыкаў. На прыканцы цырымоніі, калі ўсе ўдзельнікі канцэрту выйшлі вітаць гледачоў, ён зь кветкамі ў рукох наблізіўся да сцэны, дзе й разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг з крыкам: “Жыве Беларусь! Хай Бог нам дапаможа!”

Да Андрэя Капорыкава адразу кінуліся двое супрацоўнікаў службы бясьпекі, але ён пасьпеў яшчэ сыпануць жмут налепак ды ўлётак Маладога Фронту. Тады на яго кінулася аж сямёра чалавек. Калі сямёра бамбізаў пачалі жорстка зьбіваць Андрэя проста на вачох гледачоў і артыстаў, ён працягваў крычаць “Жыве Беларусь!” аж пакуль ня страціў прытомнасьць.

Ачомаўся ён ужо на асфальце за амфітэатрам у шчыльным атачэньні людзей у цывільным і міліцыянтаў. Заўважыўшы, што да затрыманага вярнулася сьвядомасьць, яны паклалі яго тварам на машыну і яшчэ нейкі час мэтадычна зьбівалі. Пасьля Андрэя Капорыкава завезьлі ў Кастрычніцкі райаддзел унутраных справаў, дзе яму давялося вытрымаць тры допыты, у тым ліку з удзелам намесьніка начальніка райаддзелу.

На Андрэя склалі тры пратаколы: за хуліганства і за распаўсюджаньне ўлётак. А чацьвертай раніцы яму дазволілі вярнуцца дадому. Як патлумачылі Капорыкаву міліцыянты, затрымлівалі і зьбівалі яго супрацоўнікі асабістай Лукашэнкавай аховы. Такім чынам бел-чырвона-белы сьцяг трапіў-ткі на сьвята яднаньня славянскіх народаў.

XS
SM
MD
LG