Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛЕРЫ ШЧУКІН: МАЯ АДСІДКА ДЛЯ БЕЛАРУСІ НЯ МАРНАЯ


Любоў Лунёва, Менск


Журналістаў і праваабаронцаў, якіх суправаджаў намесьнік начальніка Камітэту выкананьня пакараньняў Вячаслаў Шабанаў, сустрэў начальнік сьледчага ізалятара. Ён не дазволіў перадачу для Шчукіна, матывуючы гэта тым, што Шчукін павінен быць роўны з астатнімі вязьнямі. Пагадзіўся перадаць толькі шахматы. Журналісты ўсе харчы пакінулі непаўнагадовым арыштаваным.

Потым усе прайшлі праз турэмны двор у памяшканьне адміністрацыі. Там здалі свае пашпарты і пад скрыгатаньне жалезных дзьвярэй за сваімі сьпінамі пайшлі з ахоўнікамі ў падземныя лябірынты. Пад зямлёй было вельмі халодна. Доўгія калідоры ішлі то ў адзін, то ў другі бок.

Урэшце за намі зачыніліся апошнія жалезныя дзьверы, і мы адчулі сьпякоту. Гэта быў корпус, дзе ўтрымліваюць Валер'я Шчукіна. Журналістаў завялі ў пакойчык бяз вокнаў. Празь некалькі хвілінаў дзьверы адчынілі, і на парозе мы ўбачылі Валер'я Шчукіна. Пасьля шумных сяброўскіх прывітаньняў Шчукін распавёў пра сваё жыцьцё ў ізалятары.

(Шчукін: ) "За гэты месяц я ніводнай незалежнай газэты ня бачыў. Здаецца, зараз гэтую праблему мы ўжо вырашылі, і праблем зь недзяржаўнымі газэтамі ня будзе".

Калі Валеры Шчукін даведаўся, што наведнікам не дазволілі перадаць газэты, абурыўся:

(Шчукін:) "Ну, чаму? Хай апэратыўнікі правяраюць газэты колькі пажадаюць, але дадуць пачытаць. Перадаць кавалак сала — не праблема, а газэты — так. Ну, а цяпер і з салам ужо праблемы. Калі ў нас чалавека пазбаўляюць волі, гэта зразумела, а калі яго абмяжоўваюць у іншых бытавых патрэбах — гэтага я не разумею.

Абмежаваньне ў ежы — гэта ненармальна. Чалавек павінен есьці столькі, колькі яму трэба і колькі дазваляюць даходы. Вязьні маюць права раз на месяц набываць сабе харчы ў шапіку на суму ад адной да пяці мінімалак. Што можна набыць за гэтыя грошы? Такога не павінна быць".

Наконт умоваў утрыманьня Валеры Шчукін дадаў:

(Шчукін: ) "Галоўная непрыемнасьць — гэта поўная адсутнасьць сьвежага паветра. За тры тыдні камэру ніколі не праветрывалі. Гэта цяжка нават у халоднае надвор'е. А ўявіце сабе — як у такую сьпякоту? Я некалькі разоў прасіў, каб адчынілі так званую "кармушку" ў дзьвярах, але дарэмна.

Акрамя таго, у камэры ўсе паляць. Там жа і прыбіральня. Яна не ізаляваная. Асобнай вэтыляцыі няма. Вось толькі за дзень на адну гадзіну выводзяць на прагулку. У камэры вельмі цёмна. Чытаць немагчыма. Толькі з электрычным сьвятлом. Ноччу дзяжурнае асьвятленьне, а ўдзень —таксама лямпачка. А я ж кожны дзень працую, пішу. І мне сядзець яшчэ 50 дзён.

Я даслаў 17 лістоў у "Народную волю". А вось тое, што яны атрымалі толькі 9 — гэта сьведчыць пра што?.. На жаль, ня маю поўнай інфармацыі пра тое, што адбываецца на волі. У камэры ёсьць тэлевізар з маленькім экранам, які паказвае толькі ОРТ. Ды газэта "Звязда", а адтуль таксама пра сапраўднае жыцьцё не даведаесься".

Валеры Шчукін пацікавіўся навінамі з волі, а потым працягнуў:

(Шчукін: ) "Сёньня атрымаў ліст ад унучкі. Яна піша: "Чаму ты крыўдзіш бабулю? Яна табе даслала канвэрты, а ты ёй не даслаў ніводнага ліста". А я адказваю, што канвэрты ў мяне для лістоў у "Народную волю". Я іх зьберагаю, таму і на лісты да жонкі не хапае. Калі мяне забралі, я ня меў грошай. Так што няма за што купіць.

Увогуле, я лічу, што мая "адсідка" для Беларусі ня марная. Я вывучыў абстаноўку зь сярэдзіны. Калі выйду, буду пісаць пра гэта, каб зьмяніць сыстэму. Раней вязьніца была інструмэнтам расправы, а цяпер у законе напісана, што гэта папраўчая ўстанова. За 20 дзён, што я тут, ні мяне, ні маіх сукамэрнікаў ніхто не намагаўся выпраўляць. Тут павінны працаваць псыхолягі, весьці гутаркі з арыштаванымі, каб яны зразумелі, што зьдзейсьнілі дрэнны ўчынак.

Працэсу выпраўленьня няма. Ёсьць толькі працэс пакараньня. Акрамя таго, арышт ня ёсьць пазбаўленьнем волі. Гэта строгая ізаляцыя. А для ахоўнікаў розьніцы паміж арыштаваным і вязьнем няма ніякай".

На здароўе Валеры Шчукін ня скардзіўся, толькі паказаў нагу. Яна ўнізе апухла, пачырванела. Шчукін мяркуе, што гэта ад антысанітарыі. Журналістам дазволілі паглядзець камэру, дзе трымаюць Шчукіна. Як толькі адчынілі яе, адразу загадалі сукамэрнікам стаць "на выцяжку". Яны так і стаялі, пакуль мы не сышлі.

У камэры мы адразу адчулі недахоп паветра. Тэмпэратура — градусаў 30. Драўляныя нары. На стале маленькі тэлевізар. Стос паперы, і больш нічога. На аблупленых сьценах месцамі зялёная фарба.

Вярталіся мы таксама падземнымі калідорамі. Атрымалі свае пашпарты і толькі калі пачулі за сабой скрыгатаньне жалезных дзьвярэй, адчулі, што мы на волі.


XS
SM
MD
LG