Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З НАГОДЫ ГАДАВІНЫ ЗЬНІКНЕНЬНЯ ЗАВАДЗКАГА Ў МЕНСКУ ПРАЙШЛІ ВУЛІЧНЫЯ АКЦЫІ І АДБЫЛІСЯ ЗАТРЫМАНЬНІ


Любоў Лунёва, Менск


Актывісты “Маладой Грамады”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і праваабаронцы з арганізацыі Алега Волчака “Прававая дапамога насельніцтву” правялі пікеты ў цэнтры Менску. Сем пікетоўшчыкаў затрыманыя.

Некалькі дзясяткаў журналістаў, апранутых у футболкі з партрэтам Зьмітра Завадзкага, спачатку наведалі будынак МУС на вуліцы Камсамольскай. Ахова не дазволіла перадаць запыт, пад якім 274 подпісы, непасрэдна міністру Навумаву, але запэўніла, што міністар сёньня ж азнаёміцца з тэкстам і дасьць адказ. У адкрытым запыце журналісты прапануюць міністру і генэральнаму пракурору правесьці прэс-канфэрэнцыю і адказаць на пытаньні, якія ўзьніклі пасьля заяваў былых сьледчых пракуратуры Алега Случака і Зьмітра Петрушкевіча, калі тыя паставілі пад сумненьне вынікі сьледзтва, а таксама на выказваньні Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што ён гатовы праверыць ці сапраўды Завадзкі ды іншыя зьніклыя пахаваныя на Паўночных могілках у Менску. У канцы запыту напісана (цытую) “…Мы і надалей будзем настойліва патрабаваць адказу на пытаньне: што насамрэч здарылася з Завадзкім?..”

Гаворыць прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Ліцьвіна:

(Ліцьвіна: ) “Калі гінуць журналісты ў месцах ваенных канфліктаў, то хоць нечым такую недарэчнасьць, як сьмерць, можна патлумачыць. Калі журналіст становіцца закладнікам улады ў мірнай краіне, якая не вядзе ваенных дзеяньняў, канфліктаў, альбо яшчэ горш – ахвярай крымінальных структураў, то, канечне, ніводны жыхар маёй краіны ня можа спаць спакойна, пакуль мы не атрымаем адказы на пытаньні: “Дзе Завадзкі? Дзе Ганчар? Дзе Захаранка? Дзе Красоўскі?” І на сёньняшні дзень мне падаецца, што гэта асноўнае пытаньне, зь якім павінен жыць грамадзянін краіны. Яшчэ адна асблівасьць, якую мы ўжо заўважылі. Мноста людзей падыходзяць да нас, якія ня маюць дачыненьня да прафесіі журналіста, і пытаюцца ці могуць яны падпісаць запыт. Таму я думаю, што гэтая журналісцкая акцыя можа ператварыцца ў агульнаграмадзянскую з патрабаваньнем адказаў на пытаньні, дзе зьніклыя людзі”.

Пакуль сябры Рады БАЖ перадавалі запыт праз прэс-сакратара генэральнаму пракурору, журналісты на ганку будынка Рэспубліканскай пракуратуры скандавалі:

(Галасы: ) “Дзе Завадзкі? Дзе Ганчар? Дзе Красоўскі? Дзе Захаранка?”

Прэс-сакратар запэўніў, што ў хуткім часе БАЖ атрымае пісьмовы адказ Віктара Шэймана.

Праз некалькі хвілінаў у цэнтры Менску адбыліся тры пікеты. Адзін ладзілі сябры праваабарончай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву” ля будынку Міністэрства ўнутраных справаў. Другі – на вуліцы Энгельса актывісты “Маладой Грамады” з Барысава. Трэці пікет арганізавалі маладыя актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі на Кастрычніцкай плошчы. Усе пікеты яднала агульнае пытаньне “Дзе Зьміцер Завадзкі?”. Міліцыянты разам з амонаўцамі разагналі пікеты, а сем удзельнікаў затрымалі і адвезьлі ў Цэнтральнае ўпраўленьне ўнутраных справаў.
XS
SM
MD
LG