Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сьвятлана Завадзкая мяркуе, што слуханьні па справе выкраданьня ейнага мужа пачнуцца няхутка. Юлія Чыгір паскардзілася генэральнаму пракурору на свавольства сьледчых у справе ейнага сына Аляксандра. Дачка зьніклага Анатоля Красоўскага абвінаваціла Аляксандра Лукашэнку ў хлусьні. Уладзімер Кудзінаў лічыць, што ўсе кандыдаты на прэзыдэнта, у тым ліку Лукашэнка, на час выбарчай кампаніі павінны прыпыніць сваю службовую дзейнасьць.

Два тыдні спатрэбілася Сьвятлане Завадзкай, жонке зьніклага апэратара ОРТ Завадзкага і ягонай маці Вользе Рыгораўне, каб пазнаёміцца са справай аб выкраданьні Зьмітра.

За гэты час, працуючы з раніцы да вечара, яны вывучылі 8 тамоў дакумэнтаў. А ўсяго ў справе пра дзеяньні групоўкі Ігнатовіча каля 40 тамоў, кажа Сьвятлана і робіць выснову, што абвінавачаныя будуць знаёміцца са справай больш за месяц.

(Завадская: ) "Паводле закону на гэта даецца месяц, але гэта нерэальна, каб за такі тэрмін вывучыць усю справу, таму я лічу, што гэта ўсё зацягнецца і калі пачнецца працэс, я нават не магу сказаць, зразумела толькі, што ён не пачнецца ў хуткім часе", — мяркуе Сьвятлана Завадзкая.

Яна згадвае свае ўражаньні пасьля азнаямленьня са справай. Галоўнае — яна не пераканалася ў вэрсіі, якую прадаставілі сьледчыя. Згодна з той вэрсіяй, гэта Ігнатовіч адпомсьціў Завадзкаму і арганізаваў ягонае выкраданьне.

Завадзкая зьвярнула ўвагу на тое, што некаторыя ключавыя (паводле афіцыйнай вэрсіі) сьведкі былі апытаныя толькі ў сакавіку, калі сьледзтва завяршалася, а не тады, калі ўпершыню ўзьніклі падазрэньні. Адсюль і ейнае меркаваньне, што зьверху прыйшоў загад як хутчэй завершыць справу, і расьсьледаваньне сапраўды хутка згарнулі.


***
На гэтым тыдні ў незалежных мэдыях зьявіўся адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі дачкі зьніклага разам зь Віктарам Ганчаром бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

"Я выкарыстаю магчымасьць, каб сказаць, што Лукашэнка вінаваты ў тым, што больш за 20 месяцаў я ня маю магчымасьці бачыць побач майго самага любімага чалавека. У нашай сям'і няма ніякіх зьвестак пра лёс майго бацькі. За гэты час ніводнага слова надзеі, ніводнай зачэпкі. Я ня ведаю, ці жывы мой бацька", — піша Лера Красоўская Лукашэнку.

Дзяўчына наўпрост абвінавачвае кіраўніка дзяржавы ў ілжы і патрабуе сказаць праўду пра лёс усіх зьніклых. Гэтая праўда асабліва патрэбная зараз, калі распачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, перакананая дачка зьніклага Анатоля Красоўскага.


***
З галавой у перадвыбарчую барацьбу кінуўся нядаўні вязень менскай калёніі дэпутат Уладзімер Кудзінаў. Ён уваходзіць у групу, якая зьбіраецца падтрымліваць Сямёна Домаша. Уладзімер Кудзінаў заўважае, што рашэньне абвесьціць выбары павінна было прымацца значна раней, і ўсё ж ён спадзяецца, што групы прэтэндэнтаў пасьпеюць зарэгістравацца.

"Сур’ёзныя прэтэндэнты ўжо павінны былі падрыхтавацца да рэгістрацыі ініцыятыўных групаў", — перакананы Ўладзімер Кудзінаў. Пры гэтым дэпутат падтрымлівае патрабаваньне, каб усе кандыдаты, і Аляксандар Лукашэнка таксама, на час выбарчай барацьбы прыпынілі сваю службовую дзейнасьць, каб мець роўныя ўмовы з усімі.


***
Зь вязьніцы, дзе адбывае 6-гадовае пакараньне дэпутат Андрэй Клімаў, прыйшло цікавае паведамленьне. Там прайшоў канцэрт, які для вязьняў далі сьпевакі Ядвіга Паплаўская і Аляксандар Ціхановіч ды парадыст Георгі Волчак.

Артысты не хаваюць, што асабліва хацелі ўсьцешыць Андрэя Клімава, зь якім асабіста знаёмыя. Дарэчы, у "палаце прадстаўнікоў" актывізаваліся кулюарныя размовы на тэму датэрміновага вызваленьня дэпутата Клімава зь вязьніцы. Па маіх зьвестках, некаторыя дэпутаты "палаты" вывучаюць магчымасьць таго, што кіраўніцтва краіны пойдзе на гэты крок, каб прадэманстраваць паслабленьне рэжыму напярэдадні выбараў. Але пакуль няма зьвестак, што такая гатовасьць ёсьць.


***
І напрыканцы паведамленьне пра чарговы захады ў змаганьні Юліі Чыгір за свае правы і правы сына Аляксандра, якога ўжо пяты месяц трымаюць ў вязьніцы быццам бы паводле крымінальнага абвінавачваньня.

Як вядома, сьледчыя не дазволілі Юліі Чыгір быць адвакаткай сына. Яна ня раз скардзілася ў розныя інстанцыі, але беспасьпяхова. Учора жонка экс-прэм'ера зьвярнулася са скаргай да генэральнага пракурора Віктара Шэймана. Праз пэўны час стане вядома, як пракурор паставіцца да парушэньня права на абарону, гарантаванага Канстытуцыяй Беларусі.
XS
SM
MD
LG