Праваабарончыя арганізацыі Беларусі пратэстуюць супраць гвалту, учыненага невядомымі супрацоўнікамі беларускіх спэцслужбаў да мірных пікетоўцаў.
Як вядома, 18 траўня ў Менску разагналі два пікеты, у тым ліку пікет на Кастрычніцкай плошчы, якім нагадвалі пра зьніклых апазыцыянэраў. Пікетоўцаў зьбівалі й затрымлівалі асобы, якія не называлі сябе і не паказвалі дакумэнтаў.
Праваабарончы цэнтар "Вясна" і Цэнтар прававой дапамогі насельніцтву выступілі з заявамі, у якіх пратэстуюць супраць такіх дзеяньняў уладаў і патрабуюць ад пракуратуры й Міністэрства ўнутраных справаў знайсьці й пакараць вінаватых.
Кіраўніца Цэнтру прававой дапамогі насельніцтву Вера Страмкоўская таксама ўдзельнічала ў падзеях на Кастрычніцкай плошчы. Яна кажа, што ніколі ў жыцьці гэтак не баялася, як у той момант, калі яе схапілі невядомыя асобы ў цывільным.
(Страмкоўская: ) "Гэтыя людзі былі ў цывільным, але ўсе яны выглядалі як вайскоўцы. Моцныя такія, каротка пастрыжаныя. У вачах было нешта — падавалася, што яны ці то ўжывалі нейкія наркотыкі ці што іншае.
Мабыць, гэта нейкая спэцслужба — калі яны ўжываюць такое, калі гэтак нацкаваныя на людзей. Твары без эмоцыяў зусім, ні на што не рэагавалі, што адбывалася вакол. Толькі зьбівалі людзей. Затрымлівалі і цягнулі, у мэтро ці ў нейкія аўтобусы. Альбо спрабавалі нас выціснуць з вуліцы, запхнуць у мэтро.
Яны моўчкі ўсё гэта рабілі, але на нейкі загад. Загад атрымлівалі па сувязі, кожны зь іх меў мабільны тэлефон".
Многія, да каго невядомыя ўжылі сілу, зьвярнуліся ў пракуратуру. Занесла туды заяву і Вера Страмкоўская.
Але што рабіць чалавеку не пасьля таго, як невядомыя яго схапілі й зацягнулі ў мэтро ці аўтобус, а ў момант нападу? Ці мае чалавек права не падпарадкоўвацца гвалту? Адвакатка Страмкоўская лічыць, што так.
(Страмкоўская: ) "Ні ў якім разе не падпарадкоўвацца, калі яны не называюць сябе і не паказваюць дакумэнтаў, якія патрэбныя ў такіх выпадках. Трэба клікаць людзей на дапамогу, крычаць, каб нехта дапамог і спрабаваць ад іх уцячы. Як юрыст я не магу даць іншай парады ва ўмовах, калі шайкі нейкіх бандытаў дзейнічаюць у горадзе і ніхто не нясе за гэта адказнасьці".
Паводле Страмкоўскай, у судзе дзеяньні дзеля абароны ад невядомых асобаў павінны быць апраўданыя. Адвакатка спасылаецца на новы Крымінальны кодэкс, які прадугледжвае права чалавека нават на затрыманьне тых, хто ўчыняе злачынства.
А дзеяньні невядомых, якія хапаюць і некуды цягнуць людзей, інакш як злачынныя суд кваліфікаваць ня можа, лічыць Вера Страмкоўская. Дзеля затрыманьня такіх асобаў яна раіць ужываць электрашокеры і балёнчыкі са сьлезацечным газам.
Між тым, ніводнае зь сілавых ведамстваў не прызнала, што гэта ягоныя супрацоўнікі 18 траўня разганялі пікеты. Як у прэсавай службе МУС, гэтак і ў аддзеле сувязяў з грамадзкасьцю КГБ мне заявілі, што гэтыя ведамствы ня маюць дачыненьня да разгону пікетаў.