Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УДЗЕЛЬНІК ВАЙНЫ ПРАТЭСТУЕ СУПРАЦЬ КАРУПЦЫІ


Ігар Карней, Менск

Гэта ня першы пікет мужа й жонкі Шмялёвых. Месяц таму яны прыходзілі да рэзыдэнцыі Лукашэнкі, але тады супрацоўнікі адміністрацыі парвалі плякат.

Цяперашняя спроба аказалася больш удалай: ахова Дома ўрада сказала, што ад радыкальных наступстваў былога салдата засьцярог толькі заўтрашні Дзень Перамогі. Але для старых пікетоўцаў гэта слабое суцяшэньне. Гаворыць Аляксандар Шмялёў, які, дарэчы, ў часе вайны атрымаў 26 дзяржаўных ўзнагародаў:

(Шмялёў: ) "Я ніколі не ўяўляў, што больш як праз 50 гадоў мне, сталаму вэтэрану, прыйдзецца выйсьці з плякатам на плошчу, каб абараніць гонар, годнасьць і правы свае й жонкі як паслухмяных закону грамадзянаў.

Я перакананы: на жаль, мы маем карумпаваную мэдыцыну, якая ня лечыць і не прымае да гэтага ніякіх захадаў. Лекары павязаныя зь Міністэрствам аховы здароўя. Не дапамагаюць ані пракуратура, ані судова-мэдычная экспэртыза. Таму даводзіцца выходзіць на плошчу з плякатам".

(Карэспандэнт: ) "Вы лічыце, што ваш крок дасьць вынік якраз напярэдадні Дня Перамогі? І наогул, ці не баіцеся вы наступстваў свайго ўчынку?"

(Шмялёў: ) "На маім плякаце напісана: "Абараніце ад карумпаванай мэдыцыны". На жаль, ніхто да гэтага не прыслухоўваецца. Я напісаў прэзыдэнту два лісты, але мае просьбы ды патрабаваньні засталіся без адказу.

Што тычыцца наступстваў… Я не баюся праваахоўчых органаў, бо мне ўжо баяцца няма чаго. Я ведаю, што маю рацыю і абараняю свае правы. І буду змагацца да канца".

Сутнасьць праблемы акрэсьлівае жонка Шмялёва, спадарыня Міна:

(Шмялёва: ) "У 1997-м годзе я лячылася ў водагразелячэбніцы. Лекар Аляксандар Філіповіч нават не пацікавіўся, ці ёсьць у мяне рэнтгенаўскі здымак. Раптам ударыў па хрыбце і, як потым выявілася, умомант я зрабілася інвалідам: у мяне адбыўся кампрэсійны пералом хрыбта.

Тры гады хаджу па інстанцыях, і нічога не магу дабіцца. Усе падманваюць. У тым ліку й намесьніца міністра аховы здароўя Сакалоўская, якая выдавала ліцэнзію бацьку й сыну Філіповічам на мэдычную дзейнасьць. Мяне наогул нельга было чапаць, і любы мэдык гэта можа пацьвердзіць. Але йдзе такая абарона сяброў-чыноўнікаў, што дзіву даесься".

Шмялёвы дамагаюцца, каб Міністэрства аховы здароўя кампэнсавала ім маральныя й матэрыяльныя страты.

XS
SM
MD
LG