Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ ГОМЕЛЬСКАГА АБЛВЫКАНКАМУ ЯКАБСОН ПРАКАМЭНТАВАЎ УЧОРАШНІ ІНЦЫДЭНТ НА МІТЫНГУ


Казімер Яноўскі, Гомель

Анатоля Паплаўнага, токара заводу “Электраапаратура”, міліцыянты Цэнтральнага РАУС літаральна выносілі на руках з пляцу Леніна разам з транспарантам супраць эканамічнай і сацыяльнай палітыкі Лукашэнкі. Другі гамельчук Іван Адаменка ў гэты час сядзеў на асфальце. Пасьля каманды не чапаць рабочых, начальнік Цэнтральнага райаддзелу міліцыі палкоўнік Смолікаў загадаў міліцыянтам пакінуць спадароў Паплаўнага і Адаменку ў спакоі.

Новы старшыня аблвыканкаму Якабсон сказаў на гэты конт:

(Якабсон: ) “Усё тое, што там нейкае непаразуменьне было ўчора, я магу зьвязаць гэта з тым, што трэба быць пасьлядоўнымі ўсім. Учора быў Першамай – дзень салідарнасьці працоўных, які праводзіла ўлада. Калі хто хацеў правесьці асобны мітынг, трэба было зрабіць заяўку, і ўсё было б вырашана ў звычайным парадку. Я хачу, каб мы жылі агульным мірам, але хто пераступіць існуючае заканадаўства, мы будзем рэагаваць адэкватна”.

Відавочна, што ўчорашні выпадак – проста саступка, і тлумачыцца яна хутчэй за ўсё асабістым стаўленьнем новага старшыні аблвыканкаму да працы гомельскай міліцыі.

(Якабсон: ) “Бачу тут шмат праблем. Адна зь іх, якая мяне прыгнятае, гэта абыякавасьць ў многіх выпадках супрацоўнікаў праваахоўчых ворганаў, у прыватнасьці ўправы ўнутраных справаў”.

Паводле словаў Якабсона, ён наважаны дамагацца стварэньня ў абласным цэнтры гарадзкой управы міліцыі, якая зараз дзейнічае раздроблена ў чатырох раёнах гораду.

Новы галоўны вэртыкальшчык вобласьці казаў сёньня і пра далікатнае і паважнае стаўленьне да пазыцыі ўсіх палітычных групаў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Праўда, апошнія тры гады, калі Аляксандар Якабсон узначальваў гарадзкую вэртыкаль, гарвыканкам прыняў адмысловае рашэньне пра забарону любых апазыцыйных пікетаў і мітынгаў у цэнтры Гомелю. Калі ж яны здараліся, суды бязьлітасна штрафавалі апазыцыянэраў і нават прыцягвалі іх да крымінальнай адказнасьці.
XS
SM
MD
LG