Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПІКЕТ УКЛАДЧЫКАЎ БАНКУ-БАНКРУТУ Ў ГОМЕЛІ


Казімер Яноўскі, Гомель



На несанкцыянаваны пікет падманутыя ўкладчыкі сабраліся пасьля безвыніковых візытаў ва ўладныя структуры, скаргаў у цэнтральны апарат “БелКомБанку”, Нацыянальны банк, праваахоўчыя органы.

Вось як патлумачыла мэту пікету ўкладчыца Ніна Фёдарава:

(Фёдарава: ) "Мы сабраліся сёньня, каб паказаць усёй Беларусі: Лукашэнка даваў гарантыі захаваньня ўкладаў усім грамадзянам, казаў, што грошы патрэбныя для разьвіцьця дзяржавы.

Мы паверылі яму, аддалі ўсе свае грошы ды чакалі, што грошы пойдуць на народную гаспадарку Беларусі. Але выйшла ня так. Цяпер жа нам аб'явілі, што сродкі пайшлі ў маскоўскія структуры, у іхныя каштоўныя паперы, якія трапілі ў дэфолт".

Асабліва абураліся гамельчукі тым, што нават пасьля рашэньня Нацыянальнага банку адносна ліквідацыі “БелКамБанку” ім ніхто не патлумачыў, якім чынам і калі вернуць уклады.

Распавядае Ўладзімер Турко:

(Турко: ) "Дасылаюць нам адныя й тыя ж адказы: вы не ўваходзіце ў дэкрэт прэзыдэнта Лукашэнкі, паводле якога ахоўваецца ваш банк. Быццам Канстытуцыя не аднолькавая для Лукашэнкі й для нас, укладчыкаў. А там, у Канстытуцыі, запісана пра гарантыю захаванасьці й вяртаньня ўкладчыкам іхных грошай".

Намесьнік кіраўніка банкаўскай філіі Сяргей Андрэенка паведаміў пікетоўшчыкам, што да часу, калі ў траўні выйдзе вэрдыкт Вышэйшага гаспадарчага суду пра банкруцтва “БелКомБанку”, ніякіх выплатаў ня будзе.

Гомельскія ўкладчыкі стварылі камітэт дзеля абароны сваіх зьберажэньняў. Яго ўзначаліў Мікалай Ускоў.

Да таго ж пікетоўшчыкі вырашылі зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд, а таксама даслаць ліст прэзыдэнту Расеі Пуціну й спытацца: куды падзелася валюта беларускіх укладчыкаў “БелКомБанку”?



XS
SM
MD
LG