Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУДЗІНАЎ АБВІНАВАЧВАЕ ЎЛАДЫ Ў ЗАБОЙСТВЕ І ВЫКРАДАНЬНІ АПАЗЫЦЫЯНЭРАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дэпутат Вярхоўнага Савету Ўладзімер Кудзінаў на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ў праваабарончым цэнтры “Вясна” заявіў, што ўпэўнены ў датычнасьці беларусіх ўладаў да зьнікненьняў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара. Ён таксама мяркуе, што і да раптоўнай сьмерці Генадзя Карпенкі ў 1999 годзе таксама маюць дачыненьне беларускія спэцслужбы. Дэпутат спаслаўся на меркаваньне былых супрацоўнікаў сілавых структураў, якія знаходзіліся разам зь ім у калёніі.

(Кудзінаў: ) “Калі толькі памёр Карпенка, адразу тыя, хто можа прафэсійна ацаніць сытуацыю, сказалі, што Рада Бясьпекі мае ўсе магчымасьці, каб любы чалавек памёр ад інфаркту. Таму я лічу, што Карпенка памёр не сваёй сьмерцю, што гэта заказное забойства чалавека, які на той момант быў лідэрам апазыцыі,” – заявіў Ўладзімер Кудзінаў.

Прычына зьнікненьня Юрыя Захаранкі, паводле Кудзінава, у тым, што ўлады ўбачылі небясьпеку ў ягоных спробах аб’яднаць вакол сябе былых сілавікоў. Што тычыцца Віктара Ганчара, зь якім Кудзінаў асабіста сябраваў, ён зьнік па волі тых самых людзей, якія аддавалі загады адносна Карпенкі і Захаранкі, мяркуе дэпутат.

(Кудзінаў: ) “Восеньню 1999 году Ганчар, фактычна, ўзначаліў апазыцыю, вакол яго магло аб’яднацца ўсё грамадства, а гэтага нашыя ўлады баяцца больш за ўсё”.

Кудзінаў, аднак, ўпэўнены, што праўда стане вядомая, а вінаватыя будуць пакараныя.

Ці адчувае дэпутат ўвагу з боку спэцслужбаў цяпер, пасьля выхаду з турмы? Ўладзімер Кудзінаў адказаў на гэтае пытаньне станоўча. Яго ўжо паставілі на ўлік ў івацэвіцкай міліцыі. Акрамя гэтага, за ім пачало сачыць мясцовае КГБ. І ад яго, хутчэй за ўсё, ужо не адчэпяцца, – перакананы Кудзінаў.

(Кудзінаў: ) “За мной ўвесь час будуць сачыць, тэлефон будуць праслухоўваць, лісты прачытваць, ўсе мае выступы будуць аналізавацца. Пасьля таго, як тры гады таму я ўпершыню трапіў у карцар, на мяне была заведзеная спэцыяльная справа, і такая ўвага будзе ўвесь час, калі ў нас нічога ня зьменіцца. У іх такія парадкі. Я раней пра іх ня ведаў, а калі пабываў у турме, на многае расплюшчыў вочы,” – заявіў Уладзімер Кудзінаў.

Ён падрабязна распавёў, як яго затрымлівалі і потым складалі справу аб хабары. У сьледчых не было доказаў ягонай віны, і яны пайшлі на яўную фальсыфікацыю, якую суд палічыў магчымым не заўважаць. У выніку з абвінаваўчага заключэньня ў прысуд трапілі проста сьмешныя недарэчнасьці.

(Кудзінаў: ) “У прысудзе запісана, што міліцыянт Чарнуха, якому я падараваў сваю візытоўку, можа ў Маскве ці Санкт-Пецярбургу атрымаць па гэтай візытоўцы 200 даляраў. Вось які быў узровень ў сьледчых і судзяў,” – зазначае Кудзінаў.

Прагучала таксама прозьвішча былога намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі Юркіна, які, паводле Кудзінава, адмыслова прыехаў ў Барысаў, дзе затрымалі Кудзінава, каб кіраваць сьледчымі ў ягонай справе. Уладзімер Кудзінаў заявіў, што не выключае новых правакацыяў, але саступаць не зьбіраецца. Ён быў вельмі ўзрушаны маральнай падтрымкай, якую атрымліваў у турме і атрымлівае цяпер. У якасці прыкладу была ўзгаданая нядаўняя сустрэча ў Івацэвічах зь невядомай жанчынай сталага ўзросту, якая адмыслова прыйшла да яго, каб выказаць свае думкі. “Яна прасіла не за сябе, а за ўсю краіну,” – заўважае Кудзінаў і распавядае:

(Кудзінаў: ) “Са сьлязьмі на вачох сказала: “Сынок, зрабіце вы што-небудзь, вы ж маладыя, каб я ў апоші момант хоць убачыла, што нашае грамадзтва ідзе да паляпшэньня жыцьця”.

Дарэчы, учора Кудзінаў меў сустрэчу з амэрыканскім амбасадарам ў Беларусі Майклам Козакам. Паводле Кудзінава, паміж імі адбылася шчырая размова і ўсталявалася сяброўства.
XS
SM
MD
LG