Сёньняшнюю размову пачну зь ліста ад слухача з Расеі, зь мястэчка Старадуб Бранскай вобласьці. Сяргей Буравы лічыць, што Беларуская Свабода павінна весьці перадачы ня толькі на беларускай, але і на расейскай мове. Нячаста, але час ад часу атрымліваем мы падобныя прапановы (і нават патрабаваньні) і ад іншых слухачоў, таму спынімся на аргумэнтах прыхільнікаў гэтай ідэі больш падрабязна. Сяргей Буравы піша:
“Сам я ліцьвін, валодаю мовай, але жадаю, каб Беларуская Свабода ўлічвала інтарэсы большасьці насельніцтва і ўвяло перадачы на расейскай мове (прынамсі раз на тыдзень). На мой погляд, беларусізацыя да гэтага часу праходзіць прынцыпова няплённа. Агітаваць за беларускую мову і беларускую нацыянальную ідэю трэба на расейскай мове. Гэта пазбавіць агітатараў ад высакамернай нацыянальнай эўфарыі. Да гэтага часу не навучыўшыся мысьліць крытычна па-беларуску, навучыліся гаварыць, карыстаючыся моўнымі догмамі й штампамі, як сякерай. Вось вам прыклад. Ва ўправе БНФ кампанія гаворыць па-беларуску, адышоўшы ад управы трыццаць мэтраў тая ж кампанія — ужо па-расейску. Каму патрэбны гэты спэктакль? Навошта тэлефанаваць сябрам партыі, ТБМ і правяраць, ці гавораць там па-беларуску? Гэта ж — парушэньне правоў асобы, даносы.
Беларусізацыю трэба праводзіць зьверху, пачынаючы з чыноўніцтва. Але для дэпутатаў і прэзыдэнта зрабіць выключэньне. На заканчэньне цікава спытацца: ці не зьяўляецца беларусізацыя ўвогуле паказухай, спосабам расейскамоўных беларусаў арыгінальна бавіць час? Безумоўна, у беларускіх гарадах ёсьць сем’і, што гавораць на мове не таму, што нядаўна пераехалі зь вёскі, і не таму, што такім чынам выказваюць свой сацыяльны пратэст. Але такіх людзей адзінкі. Большасьць гараджанаў, якія гавораць па-беларуску, робяць гэта з палітычных меркаваньняў”.
Адметна, што свой ліст на Свабоду Сяргей напісаў па-беларуску. Цяжка зразумець, Сяргей, пра якую беларусізацыю, што нібыта праводзіцца ў сёньняшняй Беларусі, вы пішаце ў сваім лісьце. Кароткі пэрыяд, калі пры канцы 1980-х і на пачатку 1990-х гадоў дзяржава падтрымлівала адраджэньне беларускай мовы і пашырала сфэру яе грамадзкага ўжытку, скончыўся пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. І вось ужо дзесяць год у Беларусі працягваецца татальная русіфікацыя ўсяго грамадзкага жыцьця — беларуская мова цалкам выцесьненая са справаводзтва, амаль не засталося беларускіх школаў у гарадах, у тым ліку і ў сталіцы. Няма ніводнага цалкам беларускамоўнага тэлеканалу. Беларуская Свабода на сёньня — адзінае радыё, якое вяшчае выключна на беларускай мове. Мы ня лічым, што для расейскамоўных грамадзянаў, якія хочуць слухаць Свабоду, беларуская мова ёсьць перашкодай і што нашая аўдыторыя пашырыцца, калі частку перадачаў мы пачнём перадаваць па-расейску. А вось беларускамоўныя слухачы ўспрынялі бы падобны пераход яўна нэгатыўна: у іх зьнікла бы адзіная крыніца інфармацыі на роднай мове.
Ліст ад настаўніка Алеся Ляскоўскага зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну. Слухач піша:
“Тэрмінова неабходна распачынаць папулярызацыю (так званае “раскручваньне”) дэмакратычных кандыдатаў, бо ўжо не за гарамі выбары — спачатку ў Палату прадстаўнікоў, а потым і прэзыдэнцкія. Пэўная частка нашага ачмуранага грамадзтва ўсё яшчэ лічыць, што ў Беларусі няма альтэрнатывы аднаму ўсім вядомаму палітыку. А лідэры дэмакратычных патрыяў тым часам шукаюць аптэкарскіх шаляў, каб дакладна ўзважыць свае ўласныя амбіцыі. Я прапаную, каб Беларуская Свабода адкрыла пастаянную рубрыку, у якой слухачы самі называлі бы імёны асобаў, якім цалкам давяраюць і хацелі бы бачыць іх у кіраўніцтве дзяржавы. Можа, хоць гэткім чынам зможа пачацца раскручваньне дэмакратычных кандыдатаў”.
У лісьце на Свабоду Алесь Ляскоўскі прапануе ўласны сьпіс найбольш вартых, на ягоную думку, асобаў, якія маглі бы пазмагацца за высокія дзяржаўныя пасады. Уваходзяць у гэты сьпіс Зянон Пазьняк, Івонка Сурвілла, Ніл Гілевіч, Юрась Беленькі, Павал Севярынец, Уладзімер Колас, Лявон Баршчэўскі, Радзім Гарэцкі, Анатоль Грыцкевіч і многія іншыя вядомыя ў Беларусі асобы.
Галасы названых вамі, спадар Ляскоўскі, людзей (а гэта асобы сапраўды вядомыя і значныя) часта гучаць у нашым эфіры — калі на тое ёсьць апэратыўная падстава альбо патрэба ў іхных камэнтарах. Што да палітычнай рэклямы, так званага “раскручваньня” тых ці іншых палітыкаў, то гэта задача саміх палітычных партыяў, але зусім ня нашага радыё. Свабода захоўвае незалежнасьць ад любых палітычных сілаў і не абслугоўвае іхных інтарэсаў. І многія слухачы разумеюць і падзяляюць гэтыя нашыя прынцыпы. Вось, напрыклад, кароткая цытата зь ліста Валерыя Грыцука зь Менску. Ён піша:
“Падтрымліваю ваш камэнтар адносна Зянона Пазьняка, спадар Валянцін. Ёсьць падзея, зь якой зьвязаны палітык — ёсьць гаворка пра яго, а няма — дык няма. Увогуле, вам трэба паставіць рытарычнае пытаньне: а што зрабіла КХП? Чарговы раз памаліліся на Курапатах? А дзе рашучае змаганьне сапраўдных патрыётаў? Дзе месьцяцца (і калі працуюць) іх нядзельныя беларускія школкі?”
У сваім лісьце Валеры Грыцук таксама прапануе, каб апытаньні мінакоў на менскіх вуліцах рабіліся ня толькі ў цэнтры, але і ў розных раёнах гораду.
Зусім слушная прапанова, спадар Грыцук. Ня толькі ў розных раёнах Менску, але і ва ўсіх рэгіёнах Беларусі праводзяць цяпер апытаньні нашыя карэспандэнты. Зваротная сувязь з аўдыторыяй значна пашырылася і пасьля таго, як у слухачоў зьявілася магчымасьць ня толькі напісаць, але і патэлефанаваць на Свабоду. Што да рытарычных пытаньняў наконт дзейнасьці Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, то гэта ня ёсьць функцыяй нашага радыё — даваць ацэнкі дзейнасьці тых ці іншых палітычных сілаў, ушчуваць іх за нешта, ці, наадварот, хваліць.
Наш даўні слухач Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну напісаў свой ліст пад уражаньнем нядаўняга газавага канфлікту паміж Беларусьсю і Расеяй.
“Кожны народ павінен жыць самастойна, мець права самому распараджацца сваім нацыянальным багацьцем, — лічыць слухач. — Якіх бы чужынцаў мы ні пускалі на сваю зямлю — потым іх было ні выгнаць. Вось пусьцілі з Расеі бальшавікоў у 1939 годзе, дык тыя да таго давялі, што ў нашых вёсках потым немцаў сустракалі хлебам-сольлю. Пра расейскіх камуністаў у нашай мясцовасьці памяць засталася нядобрая. Ён у цябе ў гасьцях, паеў і выпіў, а потым — кароўку на вяроўку, кабанчыка ў санкі, а твае дзеці няхай галадаюць.”Мне няма справы, — кажа, — у нас рэквізыцыя і калектывізацыя”. Яны прыйшлі да нас, як акупанты. І мы павінны заўсёды пра гэта памятаць. І адстойваць уласныя нацыянальныя інтарэсы”.
Колькасьць людзей у Беларусі, якія гэтак жа, як вы, спадар Сац, разумеюць каштоўнасьць нацыянальнай незалежнасьці — усе апошнія гады ўзрастае. Ня ўсе прыйшлі да такіх высноваў на падставе ўласнага багатага досьведу, падобнага на той, што маеце вы і вашыя аднавяскоўцы. Але ня толькі савецкі пэрыяд гісторыі, а і сёньняшнія рэаліі даюць нямала доказаў таго, што ўласны нацыянальны дом — гэта значна лепш, чым агульная камунальная кватэра.
На заканчэньне электронны ліст, які даслаў Алесь Супрынюк з Канады. Слухач піша:
“Хацеў бы падзяліцца думкамі наконт тых, хто зьехаў працаваць у Расею. Вельмі шкада, што гэтых людзей, як паведаміў у сваім лісьце адзін са слухачоў, зьбіваюць, забіраюць грошы, якія былі заробленыя цяжкай працай на расейскіх прадпрыемствах. Але ўзьнікае іншае пытаньне: “Чаму шмат людзей мараць аб тым, каб зьехаць з краіны на заробкі?” А гэта таму, што ў краіне замацавалася жабрацкая сыстэма працы, калі людзі не атрымліваюць нармальных заробкаў. Ці можа хто-небудзь уявіць сабе, які павінны быць ўзровень заробкаў пры такой інфляцыі? Вось кормяць абацанкамі, што паднімуць зарплату, а што на самой справе — кошт тавараў узрастае прапарцыйна! Пры такім стане эканомікі й ня можа быць інакш. У той жа час на прадпрыемствах пачалі пашыраць штат “ідэалягічных супрацоўнікаў”, якія павінны “растлумачыць” працоўным, што нібыта эканоміка працуе на поўную моц і ўсё цяпер добра. Калі ўсё так добра, дык чаму многія шукаюць працы за мяжой?”
Працу за мяжой, спадар Супрынюк, шукаюць ня толькі беларусы. Літоўцы едуць на заробкі ў Нямеччыну, палякі — у Амэрыку, баўгары — у Грэцыю. Беларуская сытуацыя адметная тым, што ў савецкі час многія расейцы імкнуліся знайсьці працу і асесьці менавіта тут, у Беларусі, дзе быў вышэйшы ўзровень жыцьця. Тое, што цяпер міграцыйны рух зьмяніў кірунак на працілеглы — сьведчыць пра рэальны стан беларускай эканомікі ў параўнаньні з эканомікай расейскай. І ніякія штатныя ідэолягі ня здольныя пераканаць людзей у адваротным.
Апошнімі днямі нам таксама даслалі лісты Барыс Гудзімчык зь Менску, Генрых Аўцюкевіч з Гарадзенскай вобласьці, Іван Паплаўскі з Лагойску, Мікола Саскевіч з Калінкавічаў, Эдуард Тобін са Смалявічаў, Міхаіл Леках з Рыгі й Мікола Бусел зь мястэчка Дуброва Сьветлагорскага раёну. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.