Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Слухаюць вас многія, а вось пісаць баяцца”


Валянцін Жданко, Менск

Для першага ў 2004 годзе агляду пошты я адклаў лісты тых нашых слухачоў, якія сочаць за перадачамі Свабоды з асаблівай увагай і зацікаўленьнем. Гэта дапытлівыя і неабыякавыя людзі, якія самастойна шукаюць адказаў на няпростыя пытаньні, часта не пагаджаюцца з пачутым, унікліва ўслухоўваюцца ў кожнае слова. Яны патрабуюць адказу на свае пытаньні. І, відавочна, маюць права на такі адказ — шчыры і добразычлівы. А яшчэ яны разам з намі хочуць зрабіць перадачы Свабоды больш зьмястоўнымі і цікавымі. І дзеля гэтага дзеляцца ўласнымі прапановамі. Пачну зь ліста ад Васіля Шнуркевіча з Маладэчна. Слухач піша:

“Перадачы Беларускай Свабоды слухаю зь мінулага верасьня. Раней ня меў прыймача. І вось нібы адчыніў фортку ў новы сьвет. Чаму не разумеў гэтага раней? Асабліва вялікую ўдзячнасьць хачу выказаць Данчыку за ягоныя песьні і перадачу “Данчык выбірае”. Прапанаваў бы для працягу гэтай перадачы больш увагі надаваць песьням беларускіх выканаўцаў, якіх амаль не пачуеш на дзяржаўным беларускім радыё. Узяць, хаця б, Міхася Пацука. Ад ягоных песень я ня раз выціраў сьлёзы на вачах. А цяпер яго ўвогуле не дапускаюць да мікрафону”.

Дзякуй вам, спадар Шнуркевіч, за цёплыя словы і за прапановы. Падобныя парады гучаць у многіх лістах, і мы іх пастараемся выкарыстаць.

Ліст ад Андрэя Паско зь Берасьця. Слухач адклікнуўся на адну зь перадачаў “Вострая Брама”, што выйшла з эфір у лістападзе мінулага году і была прысьвечаная постаці бальшавіцкага літаратуразнаўцы Лукаша Бэндэ, які ў свой час паспрыяў арышту многіх беларускіх пісьменьнікаў. Слухач з нагоды пачутага піша:

“Зь перадачы стала зразумела, што постаць Бэндэ дэманізаваная звыш меры, і што ён фактычна чысты перад уласным сумленьнем, бо рабіў тое, што адпавядала ягоным перакананьням. І, сапраўды, многія так званыя “нацдэмы” былі двурушнікамі, прыжываламі. Іхныя пасьлядоўнікі і цяпер гэтага пазбавіцца ня могуць. А ўсё таму, што ад масаў вельмі далёкія. Беларусь выдуманая, Беларусь летуценьняў і мараў вельмі адрозьніваецца ад Беларусі рэальнай. Народ сам ня хоча беларушчыны. Ён ідзе сваім уласным шляхам, і перашкаджаць яму ў гэтым ня трэба. Трэба падказваць, дапамагаць, прапаноўваць. А яшчэ няблага было б увесьці на радыё перадачу, прысьвечаную мясцовым дыялектам. Яны разнастайныя, а некаторыя значна адрозьніваюцца ад літаратурнай мовы”.

Думаю, спадар Паско, вашае сьцьвярджэньне пра тое, што народ нібыта “сам ня хоча беларушчыны” — занадта катэгарычнае і павярхоўнае. У гэтай праблемы вельмі вялікая гісторыя, шмат аспэктаў і адценьняў, — вось так адной фразай рабіць прысуд не выпадае. Лёс беларускай мовы і культуры, сапраўды, драматычны, і сёньня яны перажываюць адзін з крытычных пэрыядаў сваёй гісторыі. Але прычынага гэтага — ня толькі ў грамадзкіх сымпатыях і антыпатыях.

А Раман Зіноўеў з расейскага гораду Іванцееўка ў сваім допісе на Свабоду распавёў пра выпадак, які выклікаў у яго шмат пытаньняў.

“Зайшоў я ў райцэнтры Лёзна Віцебскай вобласьці ў краму і зьдзівіўся: мясцовае беларускае піва тут даражэйшае, чым такое ж піва ў Смаленску. “Чаму такое магчыма?” — пытаюся. “А мы ў Смаленску і бярэм, — адказваюць. — Яго туды пастаўляюць танна, як плату за энэрганосьбіты. А мы як бы рээкспартуем. А плацяць за ўсё гэта, вядома, шаноўныя беларускія пакупнікі”.

Выпадак гэты, спадар Зіноўеў, адметны: вось вам наступствы эканамічнай палітыкі, якую ўсе апошнія гады ажыцьцяўляла беларускае кіраўніцтва. Цэны на большасьць тавараў на ўнутраным рынку значна вышэйшыя, чым у суседзяў: гэта вынік высокіх падаткаў, адсутнасьці сур’ёзнай канкурэнцыі і пагоні за нібыта высокімі заробкамі. А вось праз бартэрныя апэрацыі, якія цяжка кантраляваць, тавар пастаўляецца за мяжу па настолькі заніжаных коштах, што яго выгадна нават увозіць назад, каб прадаваць на беларускім рынку.

Ліст ад Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Слухач піша:

“Слухаюць вас многія, а вось пісаць баяцца. У нас людзі ўвогуле палахлівыя — як бы чаго ні выйшла. Я вось аднаму юнаку бел-чырвона-белы сьцяг вырашыў падарыць. Дык ён спалохаўся, замітусіўся: як бы хто яго ня ўбачыў. Ведаю многіх людзей і ў нашай вёсцы, і ў Дабросаве, і ў Маларыце, якія слухаюць Свабоду. Некаторыя ставяцца да пачутага варожа. Але — усё роўна слухаюць”.

Ня ўсе, спадар Сац, адважваюцца гэтак жа адкрыта, як вы, адстойваць уласную грамадзянскую пазыцыю. І дакараць людзей за гэтыя страх і асьцярожнасьць не выпадае. У Беларусі па-ранейшаму вельмі вялікая залежнасьць чалавека ад начальніка, чыноўніка. Асабліва гэта датычыць вёсак ды невялікіх мястэчак. Чалавек так разважае: сёньня адважуся сказаць пра кіраўніцтва тое, што думаю — а заўтра пад скарачэньне траплю, альбо прэміі не дадуць. І для такіх апасеньняў ёсьць падставы. Чалавек ня можа адчуваць сябе абароненым, калі няма незалежнага суду і гарантыяў уласнасьці.

Урывак зь вялікага ліста слухачкі, якая падпісалася як Ніна Крывіцкая зь Менску:

“Чамусьці на Свабодзе нічога не расказваецца аб жыцьці й дзейнасьці Зянона Пазьняка, які вымушаны жыць за межамі Беларусі. Пасьля расколу Народнага Фронту актыўнасьць народу зьнізілася. Пазьняк выводзіў на шэсьці супраць рэжыму тысячы людзей. А цяпер прыйдзеш у сядзібу БНФ — там пуста, сходкі, як раней, не праводзяцца. Замест таго, каб перадаваць матэрыялы выхаваўчага характару, Свабода зноў пачынае перадачу аб Лукашэнку. Ці не замнога рэклямуеце яго, ды яшчэ называеце “лідэрам”, “кіраўніком дзяржавы”. А Валянцін Жданко называе Пазьняка “палітыкам мінулага часу”, гаворыць, што “палітык сам сабе павінен дапамагаць”. Дазваляе сабе іншыя недарэчныя выказваньні. Гэта не на карысьць прасьвятленьню сьвядомасьці беларусаў.

Вельмі прыкра слухаць лісты ад тых, хто адвяргае нашае Адраджэньне, нашу Незалежнасьць. Валянцін Жданко чытае гэтыя напоўненыя нянавісьцю лісты, многія аўтары якіх агітуюць вас за расейскамоўе. Мала мы наслухаліся такога кшталту хамства на вуліцы і ў транспарце? Падманутыя лукашыстамі людзі, пачуўшы гэта па Свабодзе, прымаюць за праўду. А лукашысты імкнуцца выкарыстаць і Свабоду, каб усхваляць Лукашэнку… Ёсьць лісты, у якіх слухачы гавораць пра тых расейцаў, якія адмоўна ставяцца да беларускай мовы, культуры. Аднак Жданко не ўхваляе, не падтрымлівае аўтараў лістоў, у якіх асуджаюцца памкненьні расейцаў ды іншых нацменшасьцяў дыктаваць свае правілы, свае імпэрскія пажаданьні, не абвяргае тых, хто з насьмешкай ставіцца да нацыянальнага. Спадару Жданко раю быць асьцярожным у сваіх камэнтарах, пазьбягаць навязваньня сваёй думкі, калі гэта тычыцца сьцьвярджэньня нацыянальных каштоўнасьцяў”.

Што да асобы Зянона Пазьняка. Мы, спадарыня Крывіцкая, нагадваем пра яго, калі на тое ёсьць важкая інфармацыйная падстава. Для прыкладу, нядаўна такой нагодай быў чарговы зьезд КХП БНФ, на якім агучваўся даволі адметны даклад спадара Пазьняка. У іншых выпадках маштабы асьвятленьня дзейнасьці спадара Пазьняка і ягонай партыі, на нашу думку, цалкам адпавядаюць памерам іхных масавых ды палітычных акцыяў, а таксама маштабам іхнага ўплыву на жыцьцё беларускага грамадзтва.

Тое ж датычыць і вашых заўвагаў наконт таго, якое месца займаюць у нашых праграмах паведамленьні пра Аляксандра Лукашэнку. Ва ўмовах аўтарытарнай сыстэмы ўлады, якую ён стварыў, ад ягоных палітычных ды эканамічных рашэньняў амаль цалкам залежыць тое, у якім кірунку рухаецца сёньня Беларусь. Ігнараваць гэта, як вы, спадарыня Крывіцкая, прапануеце — ніяк не выпадае. Што да вашых прэтэнзіяў наконт таго, што мы называем яго “лідэрам Беларусі” ды “кіраўніком дзяржавы” — дык гэта аб’ектыўная рэальнасьць. У гэтых вызначэньнях няма ніякай ацэначнасьці, проста канстатуецца фактычнае становішча справаў. І гэта зусім не азначае, што мы неяк па-іншаму пачалі ставіцца да палітыкі Аляксандар Лукашэнкі і мэтадаў, з дапамогай якіх ён спрабуе ўтрымаць сваю аднаасобную ўладу ў Беларусі.

І, нарэшце, пра лісты тых, хто інакш, чым вы, глядзіць на праблемы нацыянальнага адраджэньня, заняпаду беларускай мовы і культуры, русіфікацыі грамадзкага жыцьця. Такія лісты складаюць значную частку нашай пошты, у іхных аўтараў — свае аргумэнты і свая лёгіка. І яны маюць такое ж, як і іншыя, права на паважлівае стаўленьне да сваіх меркаваньняў і цывілізаваную дыскусію. Выключэньне — выпадкі, калі даходзіць да зьнявагі нацыянальных пачуцьцяў ці то беларусаў, ці расейцаў, ці прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Вясёлых усім Калядаў і шчасьлівага Новага году! Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG