Пошта апошніх дзён 2003 году — у асноўным віншавальная, з падсумаваньнем вынікаў, з позіркам у будучыню і роздумам над пражытым.
“Які сьлед застаўся ў гісторыі ад гэтага году? Што карыснага для душы і для нашчадкаў ён пакіне, — задае пытаньне настаўнік Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну. І сам жа адказвае: — Яшчэ раз мы павінны ўсьвядоміць: калі хочам людзьмі звацца, не павінны далучацца да чэрствасьці і халоднасьці, шэрай масы, а ведаць і цаніць усё айлепшае, што далі нам продкі і Бог, без чаго мы проста пыл, а не патрыёты. Дагестанскі паэт Расул Гамзатаў неяк сказаў: “Цяжка быць здаровым у хворай краіне”. Так, у нашым грамадзтве нейкія цьмяныя, невыразныя ідэалы, няма нацыянальных традыцыяў сваёй дзяржаўнасьці. Цяжка тым, хто спрабуе абудзіць чалавечую годнасьць беларуса.
Беларусь — ня Чэхія. Нам яшчэ вучыцца і вучыцца ў Эўропы, як бы перавучвацца наноў. А гэта нялёгка. Ды і новая ідэалёгія наўрад ці дазволіць нам зноў людзьмі звацца. У свой час Васіль Быкаў адзначыў: “Дзеля таго, каб захаваць уладу, яны гатовыя аб’яднацца хоць з д’яблам”. Так, усялякія тэхнолягі ўладных структураў зробяць усё магчымае і немагчымае, каб ня выпусьціць уладу са сваіх рук”.
І ў вашым, спадар Волчык, лісьце, і ў лістах многіх іншых нашых слухачоў, калі заходзіць размова пра год надыходзячы, настрой ня надта аптымістычны. Тлумачыцца гэта, відавочна, тым, што за мінулыя дзевяць год многія проста стаміліся чакаць зьменаў і спадзявацца на тое, што гэтыя зьмены ў Беларусі ў блізкай будучыні магчымыя. Вось адзін з тыповых лістоў апошняга часу. Яго нам даслаў Віктар Баранаў з Рагачова. Слухач піша:
“На канец наступнага году Лукашэнка абяцае нам сярэднюю зарплату 170 даляраў. Але людзі ўжо сытыя і стодаляравай зарплатай. Пагоня за гэтымі ста далярамі прывяла да шалёнага росту цэнаў. Танных харчоў у краме фактычна няма. Таму і ўражаньне такое: усё ёсьць, але мала хто купляе. Інфляцыя апярэджвае рост зарплаты. І ўжо ніхто ня верыць у зьмены да лепшага. Пры такіх коштах, можа, толькі амэрыканцы здольныя былі б купляць у нашых крамах. Цікава было б ведаць, колькі там каштуюць сьвініна, ялавічына, куры…
Вось нядаўна Лукашэнка даў заданьне наладзіць адносіны з Захадам, у тым ліку з Амэрыкай. Хочацца спытаць: “Дзе ж ты быў раней?” Толькі і чуваць было, што НАТО — патэнцыйны вораг, што ня трэба было выводзіць ядзерныя ракеты. Хоць яшчэ невядома, адкуль нам варта чакаць нападу — з Захаду ці з Усходу. А нашыя калгасы. Незразумела, у што яны ператварыліся. Як на маю думку, дык у прадпрыемствы для парабкаў, дзе людзі працуюць за мізэрны заробак. Cялянства ў нас вынішчаецца. Сабраць хакейную каманду значна прасьцей, чым адрадзіць сялянства на зямлі. Людзі на вёсцы дэградавалі, і мала хто здольны самастойна гаспадарыць на зямлі.
Цяпер Лукашэнка прымусова ўводзіць ідэалёгію. А гэтая ідэалёгія для маладога пакаленьня як для сабакі пятая лапа. У кінатэатрах пачалі паказваць дзецям фільм пра Мальчыша-Кібальчыша, які змагаецца з “праклятымі буржуінамі”. Лепш бы ўжо пра Чырвоную Шапачку паказвалі. У савецкай гісторыі заўсёды так было: пры жыцьці пра лідэра дазвалялася казаць толькі добрае і сьветлае. А памёр ці адхілілі ад улады — чаго толькі пра яго не даведаесься. Пара ўжо мяняць гэтую практыку: трэба пры жыцьці распавядаць пра тое, якія глупствы робіць кіраўнік дзяржавы. Дзеля таго, каб зноў не паўтараць старых памылак”.
Што да вашага, спадар Баранаў, пытаньня пра кошты на харчовыя тавары ў Амэрыцы. Вы, напэўна, бачылі амэрыканскае курынае мяса ў сябе ў краме ці на рынку. Яно, як правіла, таньнейшае, чым такі ж тавар беларускіх птушкафабрык. І гэта пры тым, што амаль палову ягонага кошту складаюць выдаткі на тое, каб даставіць яго праз акіян у Эўропу. А ўвогуле, кошты на ежу ў ЗША прыблізна такія ж, як і ў Беларусі. Штосьці таньней, штосьці даражэй. Істотна тое, што сярэдні заробак амэрыканцаў пры гэтым разоў у трыццаць вышэйшы, чым у беларусаў. Чаму? Адказаў на гэтае пытаньне шмат. Верагодна, і таму, што амэрыканцы маюць магчымасьць гаварыць і пісаць пра сваю ўладу ўсё, што думаюць; і таму, што могуць свабодна гэтую ўладу выбіраць; і таму, што там ніколі не было калгасаў і камуністы не захоплівалі ўладу... Сьпіс прычынаў можна працягваць.
Ліст ад Генрыха Аўцюкевіча з Гарадзенскай вобласьці. Слухач піша:
“Мясцовыя начальнікі нас, простых людзей, за людзей ня лічаць. Ня хочуць бачыць, што большасьць народу ўжо даўно за рысай галечы. На паперы ды на словах у начальнікаў усё гладка, а ў сапраўднасьці наадварот. І становіцца яшчэ горш. Міністар сацыяльнай абароны Морава, напэўна, пазайздросьціла нам, інвалідам, чарнобыльцам ды ўдзельнікам вайны: прапанавала скараціць нашыя льготы. Мы можам пагадзіцца, але пры ўмове, што мінімальная пэнсія будзе не 64 тысячы рублёў, як цяпер, а 164 тысячы. Каб можна было і камунальныя паслугі аплаціць, і лекі купіць. А пакуль мы пры нашых жабрацкіх пэнсіях зацягнутыя ў балота галечы. Я не магу купіць неабходных лекаў, патрэбнай вопраткі і абутку. Нават на хлеб не заўсёды грошай хапае. Ці мае права прэзыдэнт у такіх умовах, пры такой эканоміцы будаваць новыя палацы ды тэлевежы?
На жаль, з прычыны свайго здароўя ня маю магчымасьці браць удзелу ў мітынгах ды пікетах, якія наладжваюць сапраўдныя патрыёты. Калі ў новым годзе не адбудзецца ніякіх зьменаў, маё існаваньне стане ўвогуле невыносным”, — напісаў інвалід 2-й групы Генрых Аўцюкевіч з Гарадзенскай вобласьці.
Бадай, галоўнае спадзяваньне на зьмены, спадар Аўцюкевіч, у тым, што такімі ж назіраньнямі й настроямі могуць падзяліцца многія людзі, якія жывуць побач з вамі. І ўрэшце настане момант, калі большасьць зразумее: трэба самім прыкладаць намаганьні дзеля таго, каб зьмены адбыліся. Для пачатку — хаця б перастаць моўчкі назіраць за тым, як фальшуюцца выбары, як уладу ўтрымліваюць незаконным шляхам, як замінаюць тым людзям, якія хочуць быць гаспадарамі на ўласнай зямлі, а не гібець у заняпалых раскрадзеных калгасах.
На заканчэньне — кароткія віншавальныя лісты ад нашых даўніх слухачоў. Вось, напрыклад, некалькі радкоў зь віншавальнай паштоўкі сьвятара Дубровенскай царквы, што ў Маладэчанскім раёне, Яна Крупко:
“Шлю вам сьвятарскае блаславеньне. Малю Бога, каб умацаваў вас духоўна за адданую працу на карысьць нашай шматпакутнай Беларусі. Бо праз вашыя праўдзівыя перадачы сам Бог гаворыць”.
Яшчэ адзін наш сталы слухач Юры Гіль зь Вільні разам зь віншавальнай паштоўкай даслаў аплатку, якой за калядным сталом дзеляцца каталікі. Ён таксама апісвае асаблівасьці сьвяткаваньня Калядаў на сваёй радзіме — у вёсцы Вашунава Докшыцкага раёну:
“Раство Хрыстова ў нас адзначалі заўсёды, у тым ліку і за камуністамі. Абавязковыя атрыбуты сьвяткаваньня — белы абрус, пад ім — сена і саломка. Прыгожая елка ў пакоі, а на стале на талерачцы — аплатка. Гэта тоненькі прэсны хлеб, які выпякаецца ў касьцельнай пякарні ў адмысловых формах з рэлігійнымі матывамі. Усе дзяліліся адзін з адным кавалачкамі аплаткі, што азначае паяднаньне людзей і ўзаемнае дараваньне крыўдаў. А з 25 сьнежня пачынаюцца Калядкі, што доўжацца цэлы тыдзень. Калядоўшчыкі вандравалі ад хаты да хаты, праслаўляючы зьяўленьне на сьвет Збаўцы нашага, сьпявалі калядныя песьні, несьлі добрыя пажаданьні гаспадарам, за што атрымлівалі пачастунак”.
І, нарэшце, яшчэ адно віншаваньне — ад старшыні лідзкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Лявона Анацкі:
“Няхай усе непрыемнасьці застануцца ў старым годзе і ня будуць вас турбаваць у наступным. Магчыма, гэта нерэальна. Але шмат што ў нашым жыцьці залежыць ад нас. Чалавек у вялікай ступені такі, якім сам сябе ўяўляе. Будзьце ўпэўненыя ў сваіх сілах і верце, што ўсё магчыма памяняць да лепшага”.
Дзякуй, спадар Анацка, вам і ўсім, хто ў гэтыя сьвяточныя дні знайшоў час для ліста на Свабоду. А віншавальныя паштоўкі і лісты мы атрымалі ад Сяргея Магонава з Кобрына, Андрэя Паска зь Берасьця, Міколы Саскевіча з Калінкавічаў, Васіля Шнуркевіча з Маладэчна, Рамана Зіноўева з расейскага гораду Іванцееўкі, Віктара Макарэвіча зь вёскі Няровы Валожынскага раёну, Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Аксаны Новікавай, Уладзіслава Жыгалкі, Віктара Бута, Мікалая Лясовіча, Ніны Крывіцкай і Віктара Скарахода зь Менску. Вясёлых усім Калядаў і шчасьлівага Новага году!
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.