Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Як утаймаваць дыктатара?”


Валянцін Жданко, Менск

Усьлед за трывожнымі паведамленьнямі з Іраку, якія апошнім часам становяцца ўсё больш частымі, многія слухачы Свабоды ў сваіх лістах спрабуюць адказаць на пытаньні, зьвязаныя з гэтым крызысам. Ці не была памылкай ваенная апэрацыя Злучаных Штатаў супраць рэжыму Садама Хусэйна? Ці ўяўляў ірацкі дыктатар рэальную пагрозу для міжнароднай бясьпекі? Ці магчыма ўвогуле ўсталяваць на Ўсходзе дзяржаўны лад, які б адпавядаў дэмакратычным стандартам? І як завяршэньне апэрацыі ў Іраку і вывад адтуль амэрыканскіх войскаў здольныя паўплываць на будучыню іншых аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымаў, якіх пакуль што нямала ў розных канцах сьвету?

Вось які ліст на гэтую тэму даслаў нам Генрых Аўцюкевіч з Гарадзенскай вобласьці. Слухач піша:

“Часта чую пра тое, што цяпер робіцца ў Іраку. Штодня там гінуць людзі: і мясцовыя жыхары, і амэрыканскія салдаты. У зьвязку з гэтым хачу ў вас спытаць: чаму Амэрыка ўзяла на сябе ролю міжнароднага жандара? Хто даў ёй права ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншых краінаў? Сьпярша была Югаславія, цяпер Ірак. А хто наступны? Напэўна, наступнымі могуць стаць Іран, Паўночная Карэя і ўсе, хто Амэрыцы не падабаецца.

Ну, што да Югаславіі, то я згодзен: там уладу трэба было мяняць. (Як, зрэшты, і ў Іраку.) Але не такім жа шляхам — шляхам агрэсіі. У Іраку ж так і не знайшлі ні ядзернай, ні якой іншай зброі масавага зьнішчэньня. Думаю, уся справа толькі ў вялікай цікавасьці Амэрыкі да ірацкай нафты. Праўда, амэрыканскі прэзыдэнт Джордж Буш усё ж крыху лепшы, чым наш Лукашэнка, які свой народ гне ў кулак і дыхаць не дае. А адносна ўсяго іншага вы вельмі праўдзіва ўсё гаворыце, дзякуй вам за гэта”.

Злучаныя Штаты, спадар Аўцюкевіч, на сёньняшні момант — адзіная супэрдзяржава ў сьвеце. Яе вялізны эканамічны і вайсковы патэнцыял накладае на яе і вялікія міжнародныя абавязкі. Ніводная іншая краіна ня здольная на фінансавыя і матэрыяльныя выдаткі, якіх вымагае вайсковая апэрацыя, аналягічная ірацкай.

Між тым, дыктатарскія рэжымы, якія ўжо маюць ці могуць завалодаць зброяй масавага зьнішчэньня — гэта найвялікшая пагроза для агульнай бясьпекі. Што могуць супрацьпаставіць шантажу і пагрозам дыктатара суседнія краіны? Згадайце лёс Кувэйту ў 1991 годзе, які за некалькі гадзінаў быў захоплены войскамі Садама Хусэйна і абвешчаны ірацкай правінцыяй. Дыктатара, як правіла, немагчыма ўтаймаваць угаворамі, аанаўскімі рэзалюцыямі ды ўшчуваньнямі. Як паказвае досьвед, не заўсёды дзейсныя і эканамічныя санкцыі: дзеля захаваньня ўласнай улады дыктатар гатовы дзесяцігодзьдзямі трымаць уласны народ у галечы. А вось ваенная магутнасьць гэтых рэжымаў, іхная здольнасьць супрацьстаяць сучаснай арміі, як паказвае маланкавае зьвяржэньне Садама Хусэйна сёлета ўвесну, часта перабольшанае.

Іншы погляд на падзеі ў Іраку і вакол яго — у нашага даўняга слухача і аўтара Міколы Саскевіча з Калінкавічаў. Ён піша:

“Нядаўна пачуў, як Аляксандар Лукашэнка гаварыў пра Ірак. Маўляў, раней, калі кіраваў Садам Хусэйн, у Іраку быў парадак і спакой. А цяпер там — выбухі бомбаў ды гібель людзей. Хацеў бы адказаць на гэта: узрываюць бомбы ды забіваюць людзей тыя самыя садамаўскія галаварэзы, якія і тады, калі ў Іраку быў, так бы мовіць, “парадак” — масава забівалі людзей і ўсяляк зьдзкваліся са свайго народу. Усе памятаюць злачынствы Хусэйна: як ён помсьціў апазыцыі, як супраць мірнага насельніцтва ўжывалі хімічную зброю, як бясьсьледна зьнікалі цэлыя сем’і тых, каго западозрылі ў нелаяльнасьці”.

Да вашых, спадар Саскевіч, зусім слушных развагаў дадам наступнае. Чаму ўсё ж гэтую функцыю – утаймаваньне дыктатара і скасаваньне напружанасьці ў рэгіёне — бяруць на сябе Злучаныя Штаты? Адказ, на маю думку, відавочны: ніякая іншая дзяржава ці міжнародная арганізацыя на сёньня справіцца з гэтая задачай ня ў стане — няма для гэтага ні патрэбных грошай, ні адпаведных узброеных сілаў, ні палітычнай волі, ні гатовасьці і здольнасьці аб’ядноўвацца і дамаўляцца нават перад рэальнай і сур’ёзнай пагрозай. Магчыма, у будучыні міжнародная супольнасьць здолее стварыць аб’яднаную структуру, якая самастойна і апэратыўна будзе рэагаваць на падобныя крызысныя сытуацыі. Але пакуль сьвет мае тое, што мае.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG