Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пра Зянона Пазьняка вы разважаеце прымітыўна і несумленна”


Валянцін Жданко, Менск

Каго можна лічыць духоўным лідэрам беларускай нацыі? Ці маюць шанцы на рэальную ўладу ў краіне апазыцыйныя палітыкі, якія ня здолелі выйграць выбараў на пачатку 1990-х гадоў і рэйтынг папулярнасьці якіх сёньня ў Беларусі нязначны? Як за апошнія гады зьмянялася ў грамадзтве стаўленьне да асобы Зянона Пазьняка, і ці магчымае ягонае вяртаньне ў Беларусь і ў вялікую палітыку? Адказы на гэтыя пытаньні спрабуе даць у сваім лісьце Віктар Туравец з францускага Ліёна. Слухач піша:

“На жаль, большая частка грамадзтва так і ня здолела перамагчы сваю “саўковасьць” (савецкасьць). Віной таму слабы імунітэт, які застаўся з савецкага часу. Жыць беларус хоча лепей, але, на вялікі жаль, ня ў стане абраць шлях беларускай салідарнасьці і разуменьня. І такія людзі часта пішуць на Свабоду, што Зянон Пазьняк ужо ніколі не паднімецца, што БНФ — гэта ня тая сіла, якая патрэбная Беларусі, і так далей...

Любое меркаваньне мае права на агучваньне на Свабодзе. Але, на вялікі, жаль, лічу, спадар Жданко, вашы камэнтары да такіх лістоў не на карысьць Беларусі. Вы — на баку “хворых”. Я ні ў якім разе не віню гэтых людзей, гэта наш агульны боль і наша бяда. Трэба дапамагаць людзям прачынацца.

А для лідэраў нашай апазыцыі, на маю думку, уласьцівы эгалітарызм — непрыняцьце тых, хто лепшы, разумнейшы, чысьцейшы, сумленьнейшы. Маўляў, не высоўвайся. Мы ўсе трохі ў чымсьці грэшныя, а ты такі чысты... Будзь як усе, адкінь гэтую маральнасьць. Тады, можа, і падтрымаем.

Прабачце, спадар Жданко, але я і вас залічваю да такіх людзей. Вы ніколі пра Зянона Пазьняка не гаварылі проста і чэсна. Усё зводзілася да таго, што рэйтынг яго малы, людзі за столькі гадоў яго так і не зразумелі, няма ў яго народнай падтрымкі... Ад гэтага Зянон Пазьняк горшы не становіцца. Вашы адказы на гэты конт прымітыўныя і несумленныя.

У вас можа быць свой погляд на гэта, свой духоўны лідэр. І на вас ляжыць немалая адказнасьць, бо “Паштовая скрынка 111” — гэта сіла, якая дае магчымасьць разумець тое, чаго жадае і чакае наша Бацькаўшчына”, — піша Віктар Туравец зь Ліёна і патрабуе, каб я абгрунтавана выказаўся на гэтую тэму, не азіраючыся на меркаваньне бальшыні грамадзтва і на рэйтынгі.

Вельмі цяжка, спадар Туравец, разважаць пра вартасьці ды заганы палітыка, не зважаючы пры гэтым на тое, як ставяцца да гэтага палітыка ў грамадзтве, ці падзяляюць ягоныя ідэі, ці гатовыя аддаць яму свае галасы на выбарах.

Я ўспамінаю Зянона Пазьняка такім, якім упершыню ўбачыў яго 20 сакавіка 1988 году на мітынгу ў менскім сквэрыку на плошчы Свабоды — мужнага, апантанага, пераканаўчага. Гэта быў адзін зь першых у Менску публічных пратэстаў, мітынгавалі тады ў абарону гістарычнай забудовы, якой пагражала будаўніцтва мэтро. Потым былі Курапаты, праўду пра якія першым сказаў Пазьняк, потым — Дзяды 1988 году, страх і хітрыкі ўладаў, агонія камуністычнага рэжыму, шматтысячныя мітынгі з удзелам Пазьняка, ягоная пераканаўчая перамога на выбарах у Вярхоўны Савет.

У яго сапраўды была шырокая грамадзкая падтрымка і выдатныя стартавыя магчымасьці — ня горшыя, чым у дэмакратычных лідэраў у суседніх краінах, у якіх апазыцыя здолела дамагчыся ўлады. Чаму тая падтрымка ў Беларусі не ператварылася ў рэальную ўладу дэмакратычных сілаў? Чыя ў тым віна? Хто за гэта павінен несьці адказнасьць? Няўжо толькі так званы “антынародны камуністычны рэжым” Кебіча?

І калі я чытаю ў вашым, спадар Туравец, лісьце старыя знаёмыя фразы пра так званы “хворы народ”, то міжволі задаю сабе і вам пытаньне, якога цяжка пазьбегнуць у гэтай спрэчцы: “Хто да каго павінен прыстасоўвацца: народ да палітыка, які імкнецца атрымаць з рук гэтага народу рэальную ўладу, ці ўсё ж наадварот — палітык да народу?”

У мінулай перадачы, 12 кастрычніка, я цытаваў ліст Надзеі Багацькі зь Менску. “Ня трэба, Радыё Свабода, ружовых акуляраў, — пісала нам Надзея. — Калісьці я была рамантычнай ідэалісткай, хадзіла на ўсе мітынгі з удзелам Пазьняка, сама пашыла бел-чырвона-белы сьцяг... І дзе цяпер той Пазьняк, дзе тыя сьцягі?” Такія ж роспачныя пытаньні гучаць у многіх лістах. І да іх нельга не прыслухоўвацца.

Зянона Пазьняка няма ў Беларусі ўжо больш як восем гадоў. Большасьць зь сёньняшніх менскіх падлеткаў і студэнтаў ніколі ня бачылі і ня чулі яго. Для іх, сёньняшніх і заўтрашніх рэальных выбарцаў, ён такі ж пэрсанаж далёкай ужо “перабудовачнай” гісторыі, як Гарбачоў, Кебіч ці Дземянцей.

Ніхто не замінае вам, спадар Туравец, і вашым аднадумцам з Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ верыць, што Пазьняк-трыбун і Пазьняк-дзяржаўны дзеяч вернецца, што ў яго ўсё наперадзе, што так званы “хворы” народ адумаецца і стане такім, якім вы яго хочаце бачыць. Але рэальнае жыцьцё сярод рэальных людзей схіляе да іншых думак і прымушае цьвяроза глядзець на куміраў мінулага.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG