У сёньняшнім кароткім аглядзе — два лісты пра лёс Беларускага гуманітарнага ліцэю. Допісы слухачоў у абарону адной зь нямногіх у краіне цалкам беларускамоўнай навучальнай установы ня раз гучалі на нашых хвалях. Ёсьць, аднак, і іншы погляд на гэтую праблему. Для сёньняшняга агляду я выбраў два лісты слухачоў, у якіх уласнае меркаваньне наконт падзеяў вакол ліцэю — у многім адрознае ад агульнапрынятага.
Вось які ліст даслаў на Свабоду электроннаю поштай наш слухач Генадзь Самусевіч. Ён піша:
“Ліцэістаў, вядома, шкада. Але адначасова я, спадар Жданко, не магу не пагадзіцца і з адным з вашых аўтараў, які пісаў пра тое, што кіраўнікі ліцэю сьвядома ўцягваюць ліцэістаў у палітыку. Ведаю гэта ад сваіх знаёмых, якія працавалі (а некаторыя і працягваюць працаваць) у ліцэі.
Асноўная прычына закрыцьця ўладамі ліцэю — палітычная. Увесну 2003 года спадар Колас вырашыў з групай нацыянальна арыентаваных “таварышаў” правесьці Ўсебеларускі зьезд інтэлігенцыі. Дзеля таго, каб зьезд выглядаў надпартыйным, дырэктара ліцэю Коласа ўгаварылі ўзначаліць аргкамітэт. Пасьля таго зьезду спадар Колас увайшоў амаль адначасова ў два аргкамітэты новых рухаў — “інтэлігенцкага” і ў рух Міхаіла Марыніча, што выглядае крыху дзіўна і ня вельмі прыгожа.
Неўзабаве ў спадара Коласа, а адначасова і ў беларускага ліцэю пачаліся праблемы. Такім чынам, праблемы ліцэю — у сфэры палітыкі. Сам спадар Колас, калі ён сур’ёзны чалавек, мусіў цудоўна ўсьведамляць: калі вырашыў ісьці ў палітыку, то ўлада можа ў будучыні прасаваць яго рознымі спосабамі. Што мы і назіраем. Коласу належала ўсё гэта ўлічваць, і ня ставіць пад удар ліцэй...” — напісаў Генадзь Самусевіч.
Уявім, спадар Самусевіч, што вы маеце рацыю, і што сапраўдная прычына закрыцьця ліцэю — палітычная актыўнасьць дырэктара. Няўжо ў гэтым разе можна апраўдаць дзеяньні ўлады, якая, змагаючыся зь няўгодным кіраўніком, вырашыла зрабіць ахвярамі некалькі соцень дзяцей? У чым тут іхная віна?
А ўвогуле, калі зыходзіць з вашай, спадар Самусевіч, лёгікі, дык тады любы супрацоўнік дзяржаўнай установы — навуковец, настаўнік, інжынэр — ня можа вольна выказваць сваіх палітычных поглядаў, бо гэта не падабаецца ўладзе, і тая можа ўжыць розныя формы ціску. А як жа тады палітычныя правы асобы, Канстытуцыя?
Ці вы лічыце, што кожны, хто працуе ў дзяржаўнай установе ці на прадпрыемстве, павінен толькі хваліць уладу і ня мае права на ўласныя палітычныя погляды?
Ліст ад Алеся Марціновіча з Баранавічаў. Слухач піша:
“Шумныя акцыі гуманітарных ліцэістаў у Менску ня выклікалі заўважнага розгаласу ў беларускім грамадзтве. Ліцэісты павінны не пра мову хныкаць пад верасьнёўскім дажджом у сталіцы, а гераічна атакаваць расейскія вайсковыя базы ў Ганцавічах ды Вялейцы.
Іншымі словамі, цяпер самае важнае — стварыць новую сыстэму адукацыі на расейскай мове. І менавіта па-расейску тлумачыць маладой частцы народу, хто прывязаў Беларусь да Расеі зь яе бардаком, і хто замінае беларускаму народу ісьці да цывілізаванага жыцьця ў Эўразьвязе.
Інакш — вечнае зачараванае кола: менскія гуманітарныя ліцэісты ды іх старэйшыя апякуны — самі для сябе. А самае простае выйсьце з лукашызму і паварот у Эўразьвяз — харвацка-ірляндзкая мадэль, калі галоўны ўдар будзе скіраваны не на моўнае адраджэньне, а на самы кароткі шлях да сьвядомасьці беларуса. А дзеля гэтага трэба гаварыць на рэальнай мове”.
Ліцэісты, спадар Марціновіч, гэта падлеткі, якім 15–16 гадоў, і іхнае месца — у школьных клясах, а не ля агароджы расейскай вайсковай базы пад Ганцавічамі.
Адносна расейскамоўнай адукацыі ў Беларусі... Дык іншай у краіне фактычна і не засталося. І мова, на якой зьвяртаецца да насельніцтва апазыцыя, гэта ўжо далёка не заўсёды беларуская мова. Многія апазыцыйныя палітыкі даўно кіруюцца той жа лёгікай, што і вы, спадар Марціновіч: не акцэнтуюць увагі на праблемах мовы, прамаўляюць свае заклікі выключна па-расейску і ставяць перад сабой выключна прагматычныя палітычныя мэты. Цяжка, аднак, сьцьвярджаць, што гэта кардынальна паўплывала на іхнае становішча ў грамадзтве.
Беларускамоўных асяродкаў у краіне і без таго засталося вельмі няшмат. Трымаюцца яны галоўным чынам на энтузіязьме ды бескарысьлівасьці тых, каму па-сапраўднаму рупіць беларуская справа. Не застанецца гэтых асяродкаў — ня будзе з чаго і пачынаць новае беларускае адраджэньне.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.