За дванаццаць гадоў, што мінулі з распаду Савецкага Саюзу, большасьць былых грамадзянаў СССР усьвядомілі немагчымасьць вяртаньня былой імпэрыі. Але грамадзкія настроі, абапіраючыся на якія бальшавікі ў свой час захапілі ўладу, уласьцівыя і для сёньняшняга часу. І гэтак жа, як і стагодзьдзе таму, многія людзі шукаюць простых адказаў на складаныя пытаньні пра сацыяльную няроўнасьць і несправядлівы падзел грамадзкага багацьця. Адметны ліст на гэтую тэму даслаў нам днямі былы калгасны бугальтар Алег Моніч з Мядзелскага раёну. Слухач піша:
“Вось вы ўсё крытыкуеце ўладу — маўляў, народ жыве бедна. А хто ў гэтым вінаваты? Я нядаўна езьдзіў да дачкі ў Менск. Вочы разьбягаюцца: колькі даражэзных машын, якія простаму чалавеку нават ня сьніліся. Колькі рэстарацыяў, абед у якіх каштуе столькі ж, колькі ў калгасе не заробіш і за месяц. Паадкрывалі нейкіх казыно, фітнэсаў, боўлінгаў... Каму ўсё гэта патрэбна? Толькі багацеям. Вось у чые кішэні трапілі грошы, адабраныя ў простага народу.
Лукашэнка правільна змагаецца са злодзеямі, але недастаткова. На працоўную зарплату машыну за 30 тысяч даляраў ня купіш. Таму трэба проста прыціснуць гэтых багацеяў і адабраць у іх тое, што яны накралі ў народу. Нябось, пры Савецкім Саюзе яны так не раскашавалі. І зарплаты тады ў людзей былі больш-менш роўныя, не было жабракоў ды галодных”, — напісаў Алег Моніч зь Мядзелскага раёну.
Рацэпт гэты, спадар Моніч, ня новы. Бальшавікі ў 1917 годзе ўжо паспрабавалі ўсё “адабраць і падзяліць”. З багатымі яны хутка расквіталіся, гэта праўда — хто не пасьпеў уцячы за мяжу, трапіў на Калыму, а то і проста быў пастаўлены “да сьценкі” як “контаррэвалюцыйны элемэнт”. Але бедныя з гэтага ня сталі багатымі. Спакваля выявілася, што так званая “грамадзкая ўласнасьць” — па сутнасьці нічыя, і па-гаспадарску распараджацца ёю няма каму.
Заняпалая савецкая эканоміка магла існаваць толькі пры “жалезнай заслоне”, вытрымаць адкрытую канкурэнцыю з рынкам яна не магла. Так, была адносная сацыяльная роўнасьць, але гэта была роўнасьць у беднасьці — зь бясконцымі чэргамі, дэфіцытамі, прыніжэньнямі перад прадаўцамі ды чыноўнікамі.
І жабракі тады былі, спадар Моніч, і галодныя... Іншая рэч, што прыбірала іх міліцыя з гарадзкіх вуліцаў намнога больш жорсткімі спосабамі, каб не псавалі зьнешні выгляд так званай “сьветлай сацыялістычнай рэчаіснасьці”.
Сёньняшняй беларускай уладзе савецкая мадэль даспадобы, як і вам, спадар Моніч. Але аднавіць яе немагчыма, калі не адгарадзіць Беларусь ад астатняга сьвету новай “жалезнай заслонай”. А з гэтым вялікія праблемы: самаізаляцыі арыентаваная на экспарт эканоміка ня вытрымае.
На некаторыя зь лістоў, што прагучалі на хвалях Беларускай Свабоды 16 ліпеня, адклікнуўся Ільля Копыл зь Менску. Аляксею Галынку зь Нясьвіскага раёну, які ўхваляе адстаўку прэм’ера Генадзя Навіцкага, Ільля Копыл у сваім лісьце адказвае так:
“Няўжо вы такі наіўны і не ўсьведамляеце, што дзеяньні Лукашэнкі — звычайны папулізм. Такім прыёмам ён карыстаецца яшчэ з часу, калі быў дырэктарам саўгасу, і потым, калі стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету. Многія памятаюць, як ён, так бы мовіць, “змагаўся” з карупцыяй, калі стаў старшынём часовай камісіі. Гэта быў усяго толькі трамплін для скачка ў прэзыдэнцкае крэсла. Мэта сёньняшніх ягоных гістэрык — працягнуць свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы на трэці тэрмін”.
Адгукнуўся Ільля Копыл і на выказваньні Алеся Марціновіча з Баранавічаў — у прыватнасьці, на цьверджаньні, што кіраўнікі апазыцыі нібыта трацяць грошы заходніх грантадаўцаў на ўласныя патрэбы. Ільля Копыл з гэтай нагоды згадвае такі эпізод з уласнага жыцьця:
“Працаваў я тады ў вайсковым прадстаўніцтве. І кожны раз, калі надаралася магчымасьць, браў удзел у акцыях апазыцыі. Майму кіраўніцтву гэта было недаспадобы. Выклікае мяне неяк начальнік і пытаецца: ці праўда, што за ўдзел у апазыцыйнай акцыі я кожны раз атрымліваю 10 даляраў. На што я яму адказаў парадай: самі схадзіце ды атрымайце тыя 10 даляраў”.
Падобныя чуткі, лічыць слухач, распаўсюджваюць тыя, хто зацікаўлены ў дыскрэдытацыі апазыцыі.
Прычым, спадар Копыл, адметна, што гэтых чутак тым больш, чым бліжэй якая-небудзь чарговая палітычная кампанія. Распаўсюджваюцца яны ў тым ліку і дзяржаўнымі газэтамі і тэлеканаламі. Хоць канкрэтныя факты пры гэтым ніколі не называюцца. Чалавек удумлівы і разважлівы цану такім зьвесткам ведае. І пра тое, адкуль яны сыходзяць, здагадацца няцяжка.
Анатоль Жэрдзеў з Гомелю ў сваім лісьце разважае пра нацыянальную ідэю беларусаў. Ён піша:
“Беларуская нацыянальная ідэя, на мой погляд, супадае з расейскай — “людзьмі звацца”. Адрозьненьне ў тым, што расейцы яшчэ не асэнсавалі: вялікія памеры дзяржавы не даюць падставаў годна пачувацца ў сьвеце.
Вялікая адказнасьць ускладаецца на эліту грамадзтва. На жаль, пастаянныя спрэчкі ды канфлікты паміж прадстаўнікамі беларускай эліты вельмі нэгатыўна адбіваюцца на агульнай справе. А каталізатар варожасьці — грошы, у тым ліку заходнія гранты. Баюся, калі грашовая дапамога ЗША дасягне мільёнаў, то крымінал самага жорсткага кшталту можа запанаваць і ў нас, як у Расеі.
Для нас дарога дадому, пра якую пісаў Васіль Быкаў, будзе няпростай і няскорай. Але трэба ісьці па ёй. Гэта наш абавязак: зрабіць Беларусь сваім домам. Калі адолеем гэтую дарогу, то і будзем людзьмі звацца. А пра іншае ня хочацца і думаць”, — напісаў Анатоль Жэрдзеў з Гомелю.
Ня думаю, спадар Жэрдзеў, што нацыянальныя ідэі беларусаў і расейцаў супадаюць. У расейцаў — дзяржава, незалежнасьці якой нішто не пагражае; свая мова, якая пануе ва ўсіх сфэрах грамадзкага ўжытку; адносна дэмакратычна абраная ўлада, якая шчыльна супрацоўнічае з Захадам і ўсё больш схіляецца да эўрапейскага шляху разьвіцьця. У беларусаў, на жаль, пакуль што ўсё па-іншаму.
Уладзімер Прышчэпаў з Асіповічаў піша:
“Вялікая просьба да вас — знаёмце пераважна зь беларускай музыкай ды песьнямі. Ведаю, што ў Менску ў Доме вэтэранаў неаднойчы выступалі гурты старадаўняй музыкі, але мы, жыхары невялікіх гарадоў і вёсак, ня маем магчымасьці паслухаць нашыя скарбы. І “Полацкі сшытак” існуе, але калі мы што-небудзь чулі зь яго? І нашы знаныя фальклярысты, Шырма і Цітовіч, сабралі многа не вядомых нам дагэтуль песень. Так што выбіраць ёсьць з чаго”.
У сваім лісьце слухач таксама згадвае пра той час, калі ў Асіповічах на так званай “хіміі” адбываў пакараньне рэдактар гарадзенскай газэты “Пагоня” Мікола Маркевіч. “Я, — піша Ўладзімер Прышчэпаў, — наведваў яго кожную нядзелю. Аднойчы ён заўважыў, што хацеў бы ў вольны час вывучаць нямецкую мову. Пасьля гэтага я зьвярнуўся на “Нямецкую хвалю” з просьбай, каб прыслалі дапаможнік да сваіх радыёўрокаў нямецкай мовы. Колькі дзён таму дапаможнік я атрымаў, але Мікола Маркевіч тым часам вызваліўся, і сувязь зь ім я згубіў. Трэба абавязкова як-небудзь зь ім зьвязацца”.
Мы, спадар Прышчэпаў, паведамілі пра ваш добры ўчынак Міколу Маркевічу: ён быў вельмі гэтым усьцешаны. Чакайце ад яго ліста.
А наконт музыкі — вы, безумоўна, маеце рацыю, пастараемся ўлічыць вашыя пажаданьні і больш увагі надаваць менавіта творам беларускіх кампазытараў.
На заканчэньне ліст ад старшаклясьніка Максіма Фралова зь мястэчка Дзісна Мёрскага раёну. Слухач піша:
“Вашая хваля мне вельмі падабаецца. І ня толькі мне, але і маім сябрам. Вось толькі адна сур’ёзная перашкода: сыгнал слабы. Раней я ўвогуле ня мог вас злавіць, бо карыстаўся прыймачом, які ўмантаваны ў магнітолу (танная кітайская, але такія, ці падобныя да такіх ва ўсіх маіх сяброў). Нядаўна я набыў музычны цэнтар з дадатковай АМ-антэнай. Цяпер хоць пасьля 20-й гадзіны магу вас слухаць на сярэдніх хвалях. У астатні час, на жаль, шукаць вашую хвалю няма сэнсу”.
Большасьць нашых даўніх слухачоў карыстаюцца старымі савецкімі прыймачамі зь некалькімі дыяпазонамі кароткіх хваляў — кшталту “Акіяну”, “ВЭФа”, ці “Сьпідолы”. Магчыма, дзе-небудзь захавалася падобная амаль рарытэтная радыётэхніка і ў вашых, Максім, бацькоў альбо дзядулі з бабуляй.
Радыёпрыймачы “Акіян”, дарэчы, выпускаюцца і цяпер — нязначна мадыфікаваныя, з тымі ж дыяпазонамі кароткіх хваляў. І кошт іх параўнальны з коштамі недарагіх і ня надта якасных магнітолаў азіяцкага паходжаньня, што прадаюцца на рэчавых рынках.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алесь Шустоўскі з Барысава і Эдуард Тобін са Смалявічаў.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.