Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Добраахвотна ад улады ў нас яшчэ ніхто не адмаўляўся”


Валянцін Жданко, Менск

У нашай пошце апошніх тыдняў па-ранейшаму шмат лістоў на тэму палітычнай будучыні Аляксандра Лукашэнкі. Большасьць аўтараў допісаў на Свабоду ўстрывожаныя і абураныя намерам улады правесьці новы рэфэрэндум і на няпэўны тэрмін працягнуць прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Але ёсьць і прыхільнікі гэтай ідэі. Вось які ліст даслаў Уладзіслаў Шумко зь Віцебску.

“Не разумею, чаго вы так узьеліся на Лукашэнку за тое, што ён хоча застацца пры ўладзе. Я ўжо стары чалавек, пажыў і пры Сталіне, і пры Хрушчове, і пры Брэжневе, і пры Гарбачове, і пры Кебічы з Шушкевічам. І хто зь іх, скажыце, не хацеў і не спрабаваў як мага даўжэй пакіраваць намі? Ды ўсе без выключэньня хацелі. Але ўсім нешта замінала: адным — хваробы і сьмерць, іншым — інтрыгі заклятых сяброў ды паплечнікаў. Відаць, такая ўжо гэта штука — улада, што ад яе добраахвотна адмовіцца немагчыма.

А што нам, простым людзям, ад таго, што Лукашэнку скінуць, а на яго месца стане нейкі іншы чыноўнік? Ну, зьменіць ён палітыку, зробіць, можа, так як у Расеі: пачне прадаваць заводы і фабрыкі. Народу ж ад гэтай дзяльбы нічога не перападзе: усё разьбяруць начальнікі, а потым пачнуць страляць адзін аднаго за тое, што няправільна падзялілі.

Са свайго жыцьцёвага досьведу я зрабіў адну выснову: кожны наступны правіцель быў ня лепшы (а часта і горшы) за папярэдняга. Дык навошта мяняць шыла на мыла? І нічога страшнага не адбудзецца, калі будзем дажываць свой век пры Лукашэнку. Ён хоць нахабна красьці начальнікам не дае, трымае іх у страху. І пэнсію, хоць і невялікую, плаціць своечасова”, — напісаў Уладзіслаў Шумко зь Віцебску.

На жаль, спадар Шумко, цяперашнім пакаленьням беларусаў (у тым ліку і вам, нягледзячы на ваш багаты жыцьцёвы досьвед) не давялося жыць у дэмакратычнай дзяржаве. Адсюль, напэўна, і такія высновы. Быў у найноўшай беларускай гісторыі кароткі пэрыяд на пачатку 1990-х гадоў, калі рухнула камуністычная дыктатура і зьявілася спадзяваньне, што ўдасца стварыць сыстэму, пры якой лідэра краіны будзе выбіраць ня кола набліжаных, а народ, і не пажыцьцёва, а на пэўны, прадугледжаны Канстытуцыяй тэрмін. Спадзяваньні, як бачыце, ня спраўдзіліся.

Сапраўды, прыцягальная сіла ўлады вялізная — нямногія асобы здольныя супрацьстаяць ёй. Але час аўтарытарных сыстэмаў у Эўропе мінуў: яны ня вытрымалі канкурэнцыі з дэмакратычным ладам, пры якім грамадзтва набывае дынаміку праз магчымасьць мяняць палітыку і палітыкаў, якія ня спраўдзілі людскіх надзеяў. Ні адна дыктатура, спадар Шумко, не забясьпечыла грамадзянам сваёй краіны годны ўзровень жыцьця. Заможна людзі жывуць толькі ў тых краінах, дзе няма пажыцьцёвых валадароў.

Беларусь у любым выпадку не застанецца выспай аўтарытарызму пасярод эўрапейскага кантынэнту. Іншая справа, як хутка адбудзецца гэты пераход.

Ліст ад Уладзіслава Міцкевіча з Браслава. Слухач піша:

“Да чаго ж ты дажылася, Беларуская Свабода, да чаго дадумалася. Вашы карэспандэнты выйшлі на вуліцы Менску апытваць людзей, як тыя прагаласавалі б, калі б Лукашэнка абвясьціў рэфэрэндум аб падаўжэньні сваіх паўнамоцтваў. Думаць трэба, што пытаеце. Колькі намаганьняў прыклаў увесь вызвольны рух дзеля таго, каб людзі пры гэтым рэжыме і нагі не паказвалі на выбарчыя ўчасткі, каб Лукашэнка і ягоныя памагатыя засталіся сам-насам са сваімі так званымі “выбарамі” ды “рэфэрэндумамі”.

Грамадзяне Беларусі не павінны ўдзельнічаць ні ў якіх мерапрыемствах, аб’яўленых рэжымам Лукашэнкі. У такіх выбарах выбару не бывае — усё роўна падмануць.

Гэта ёсьць пазыцыяй сапраўднага БНФ, а ня псэўда-БНФ зь ягонымі Ганчарыкамі, Домашамі, Вячоркамі. Дарэчы, нагадайце вашым слухачам, дзе цяпер усімі горача любімы Ганчарык. Здаецца, у Расеі, і пасада ў яго там неблагая. Няхай ягоныя выбарцы зробяць для сябе высновы”, — прапануе Ўладзіслаў Міцкевіч з Браслава.

Радыё Свабода, спадар Міцкевіч, захоўвае незалежнасьць ад любых палітычных партыяў, кіроўных ці апазыцыйных групаў альбо арганізацыяў. І тое, што вашая партыя агітуе за кампанію байкоту любых выбараў альбо рэфэрэндумаў, паколькі лічыць такую тактыку адзіна правільнай — не накладвае на нас ніякіх абавязкаў. Нашым суразмоўцам мы будзем задаваць тыя пытаньні, якія лічым актуальнымі і цікавымі для слухачоў, незалежна ад таго, упісваюцца гэтыя пытаньні ў вашую стратэгію ці не.

Што да ідэі байкоту выбараў і рэфэрэндумаў. Аднаго разу апазыцыя ўжо спрабавала ажыцьцявіць яе — і гэты досьвед цяжка назваць удалым. Магчыма, таму большасьць апазыцыйных дэмакратычных партыяў абіраюць іншую тактыку — дамагаючыся справядлівых, празрыстых выбараў, шляхам якіх толькі й магчыма зьмяніць уладу бяз гвалту і грамадзкіх катаклізмаў.

Віктар Бута зь Менску ўсьлед за некаторымі іншымі нашымі слухачамі прапануе перавесьці вяшчаньне Беларускай Свабоды на расейскую мову. Аргумэнты слухача наступныя:

“Вы робіце вялікую працу, але тое, што ведзяце перадачы толькі па-беларуску, вельмі шкодзіць. Гэтым вы навязваеце ідэалёгію, ад якой ужо ўсе стаміліся. Даводзіцца настройвацца на іншыя станцыі — у прыватнасьці, на маскоўскую Свабоду: ад іх мовы не баліць галава ды іншыя органы.

Размаўляць па-беларуску ў Менску ўвогуле небясьпечна: тут жа трапіш у чорны сьпіс, можаш застацца бяз працы. Таго, хто размаўляе па-беларуску, успрымаюць як небясьпечны элемэнт, апазыцыянэра. Такіх не выбіраюць нават у гарсавет. Так што, каб дайсьці да большай колькасьці слухачоў, пераходзьце на расейскую мову, г.зн. — на савецкую, якой шырока карыстаюцца ў Менску і ўвогуле ў Беларусі”.

Спыню цытаваньне вашага ліста, спадар Бута, і заўважу, што ўжо ня раз даводзілася адказваць на падобныя пытаньні. Мова тытульнай нацыі ў Беларусі дыскрымінуецца на ўсіх узроўнях, улада ажыцьцяўляе мэтанакіраваную палітыку татальнай русіфікацыі, па сутнасьці ігнаруючы статус беларускай мовы як дзяржаўнай. Мы не падзяляем такую палітыку і ня лічым патрэбным дзейнічаць у ейным рэчышчы.

А тое, што пераход вяшчаньня зь беларускай мовы на расейскую нібыта здольны значна пашырыць аўдыторыю — сьцьвярджэньне сумнеўнае. Усе, хто размаўляе па-расейску, бяз значных намаганьняў разумеюць беларускую мову.

Віктар Бута выказаў у сваім лісьце на Свабоду таксама некалькі заўвагаў наконт зьместу праграмаў Беларускай Свабоды:

“Вось вы лаеце аднаго Лукашэнку. А што ж Латыпаў, Паўлаў, Папоў, Сідорскі, а таксама міністры, судзьдзі, іншыя высокія чыноўнікі? Не Лукашэнка, а яны вінаватыя ў бяспраўі, самаўладзтве, галечы, безабароннасьці людзей. Чыноўнікі паўсюль бяруць хабар, не зважаюць на беды народу, а вы абвінавачваеце аднаго Лукашэнку”.

У Беларусі, спадар Бута, няма ніводнага высокапастаўленага чыноўніка, які б прызначаўся на пасаду бяз згоды Аляксандра Лукашэнкі. Няма незалежнага суду і незалежнага парлямэнту — таго падмурку, які робіць дзяржаву дэмакратычнай і засьцерагае ад неабмежаванай улады адной асобы. Так што асноўная частка адказнасьці за палітыку, якая ажыцьцяўляецца ў Беларусі, натуральным чынам кладзецца на таго, хто мае рэальную ўладу.

На заканчэньне ліст ад Алеся Станкевіча з Горадні, у якім слухач зьвяртаецца да падзеяў, што папярэднічалі другой усясьветнай вайне. Спадара Станкевіча непакоіць, што ў афіцыйнай гісторыі зноў пачалі замоўчваць закулісныя перамовы (а напярэдадні вайны — і шчыльнае вайсковае супрацоўніцтва) фашысцкай Нямеччыны і сталінскага Савецкага Саюзу. Слухач, у прыватнасьці, піша:

“Цяпер лукашэнкаўская ды расейская прапаганда ўсяляк абельваюць чорныя справы Сталіна і ягонай банды, усяляк прыніжаюць ролю антыгітлераўскай кааліцыі. А дастаткова прывесьці толькі адну лічбу: 100 мільярдаў даляраў — столькі было выдаткавана дапамогі вайсковай тэхнікай, узбраеньнямі, абсталяваньнем Савецкаму Саюзу. У цяперашніх цэнах гэта каля 500 мільярдаў даляраў — гадавы абаронны бюджэт ЗША.

Ад так званай “мудрай” сталінскай палітыкі цярпелі і гінулі многія людзі і цэлыя народы сьвету. Адзін чалавек — нават геній — аднаасобна ня можа і не павінен камандаваць цэлай дзяржавай і вырашаць лёсы народаў”, — робіць у сваім лісьце выснову Алесь Станкевіч з Горадні.

Тое, што беларускія ўлады робяць спробу перагледзець ролю Сталіна ў гісторыі, замоўчаць ягоныя злачынствы, відавочна ня толькі па перапісаных падручніках гісторыі. Сёлета падчас травеньскага сьвята Перамогі профіль Сталіна ўпершыню пасьля 1956 году зьявіўся ў цэнтры Менску — на плякаце на адным з будынкаў праспэкту Машэрава. Дэталь, на маю думку, вельмі адметная, знакавая. Ня варта таксама забываць, як улады ставяцца да ўшанаваньня памяці ахвяраў Курапатаў — мясьціны, якая стала сымбалем злачынстваў Сталіна супраць народаў савецкай імпэрыі.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Міхаіл Леках з Латвіі, з Рыгі, Віктар Курлукоў з Гомелю і Віктар Скараход зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG