Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мой дыплём настаўніка не гарантуе нічога, апроч жабрацтва”


Валянцін Жданко, Менск

Пачну зь ліста, пад якім, відавочна, маглі б падпісацца многія былыя беларускія настаўнікі, якія, маючы вышэйшую адукацыю, змушаныя былі кінуць любімую працу, бо ня бачылі для сябе іншага выйсьця. Ліст гэты даслала нам Алена Кавальчук зь Менску:

“Пяць год я выкладала ў школе беларускую мову і літаратуру. Праца мне вельмі падабалася, але як за шэсьцьдзесят даляраў пракорміш дваіх дзяцей, калі ў мужа, таксама настаўніка, заробак ня большы за мой? Давялося ісьці працаваць на рынак. Зарабіць тут можна 200–300 даляраў, але ніякага задавальненьня ад свайго цяперашняга занятку я не атрымліваю. Сумую па школе, па сваіх дзецях, па беларускай мове.

Чаму дзяржава так паступае з настаўнікамі? На словах — ім гонар і пашана, а ў сапраўднасьці — жабрацтва і прыніжэньне? Навошта пяць гадоў вучыцца ва ўнівэрсытэце, калі дыплём не гарантуе нічога, апроч жабрацкай зарплаты? І ці можна спадзявацца, што хоць калі-небудзь адбудуцца зьмены і я змагу вярнуцца ў школу?”

Вы, напэўна, і самі ведаеце, Алена, што такі ж, як вас, лёс напаткаў тысячы іншых настаўнікаў, мэдыкаў, інжынэраў... Зразумела, гэта марнатраўства і зьдзек зь людзей — змушаць дыплямаваных спэцыялістаў займацца некваліфікаванай працай. Хоць на пераходным этапе, калі рухнула старая савецкая сыстэма, а рынак яшчэ не ўсталяваўся, падобныя зьявы, напэўна, непазьбежныя. Іх перажылі і Польшча, і Чэхія, і нашы балтыйскія суседзі. Іншая рэч, як доўга гэты пераходны этап працягнецца. У Цэнтральнай Эўропе школьнага настаўніка ужо не прывабіш гандлёвым месцам на рынку. У Беларусі ж на заробак настаўніка па-ранейшаму немагчыма пракарміць сям’ю.

Наша даўняя слухачка Марына Леваценка з бэльгійскага Гента піша:

“Свой ліст хачу пачаць словамі Васіля Быкава: ”Кожны вечар я ўключаю свой прыймач і пачынаю шукаць хвалі Свабоды, гэта ўжо зрабілася звычкай у маім жыцьці”. Але, на вялікі жаль, няшмат можна пачуць такіх навін, якія б падавалі надзею. Часам зьяўляецца такі глыбокі пэсымізм і роспач, што западаеш у дэпрэсіўны стан. Асабліва цяпер, калі параўноўваеш два розныя грамадзтвы і жыцьцё ў іх...

У Беларусі кожны заняты толькі ўласным “як выжыць?” Зразумела, калі табе не хапае сродкаў на ежу, адзеньне, лекі, табе ўжо не да опэры, выставы ці балету. Але нават агульнае жабрацтва не яднае людзей. Хтосьці не задаволены Лукашэнкам ды ўладай; хтосьці абвінавачвае апазыцыю; нехта чакае дапамогі з Захаду, нехта — з Усходу... Як жа мы прызвычаіліся шукаць вінаватых альбо спадзявацца на іншых. А самі? Ня здольныя выйсьці шматлікай акцыяй пратэсту, каб абараніць свае правы нават пад такімі да болю блізкімі сацыяльнымі лёзунгамі пра годную пэнсію, заробак, стыпэндыю...”

Адказ на ўсе гэтыя шматлікія пытаньні Марыя Леваценка з Бэльгіі дае наступны. Зноў цытую ліст:

“Усё гэта адбываецца таму, што няма ў нас нацыянальнасьці. Хоць і завёмся беларусамі — у нас яе скралі даўно. А мы ня надта і супраціўляліся: з задавальненьнем адмаўляліся ад мовы, гісторыі, скарбаў і каштоўнасьцяў. Настаўнікі нават у беларускамоўных школах размаўляюць па-расейску. Артысты, якія на сцэне цудоўна выконваюць ролі на роднай мове, пасьля спэктаклю ўжо пра яе забываюцца. Дык што ж казаць пра астатніх? І ня трэба абвінавачваць толькі ўрад. Яго можна зьмяніць, але ня зьменіцца становішча, калі кожны не пачне зь сябе.

Калі з-за мяжы я пачала пісаць свае лісты знаёмым на роднай мове, яны былі незадаволеныя. Але скаргі не спынілі мяне. Няхай хоць маленькі аркуш на роднай мове нагадвае ім ды іхным дзецям, што яны беларусы.

Мяне вельмі ўразіў ліст ад Ірмы Табушавай — пра цудоўных 12-гадовых дзетак з гурта “Князёўна”. Камяк падступіў да горла, і сьлёзы гонару зьявіліся на вачах, калі вы зачытвалі пра іх. Ня іх настаўнік, ня іх бацькі, якія прапаноўвалі зрабіць расейскамоўную клясу, а вось гэтыя дзеткі, якія адчуваюць сябе беларусамі — гэта і ёсьць наша надзея, наш гонар, наш скарб”, — напісала Марына Леваценка зь бэльгійскага гораду Гента.

Наўрад ці, Марына, выпадае зводзіць усе шматлікія праблемы беларускага грамадства толькі да невысокай нацыянальнай сьвядомасьці. Вядома, гэта вельмі важны чыньнік і ў справе будаўніцтва незалежнай дзяржавы, і ў выхаваньні асобы, але сытуацыю, у якой апынулася Беларусь, нельга вытлумачыць толькі адным гэтым фактарам.

Надзвычай імпануе вашае імкненьне нават у прыватных выпадках адстойваць беларушчыну — нягледзячы на перашкоды і супраціў іншых. Ня дужа шмат людзей, якія гатовыя на такія ахвяры, але менавіта яны пакідаюць спадзеў на больш шчасьлівую будучыню беларускай нацыі.

Ліст ад Міхаіла Адаркіна з Гомелю. Слухач піша:

“Дагэтуль ня чуў праграмы нашага прэзыдэнта. Якую дзяржаву ён хоча будаваць, невядома. Увогуле, на маю думку, прэзыдэнтам у Беларусі выбіраць няма каго — няма ў нас таленавітага, прызнанага ў сьвеце лідэра нацыі. А раз так, прэзыдэнцкую рэспубліку трэба скасаваць і вярнуцца да парлямэнцкай. Жывуць жа без прэзыдэнтаў (і яшчэ як жывуць!) Вялікабрытанія, Італія, Швэцыя.

Як засьведчыла кароткая гісторыя СНД, амаль усе тутэйшыя прэзыдэнты хочуць заставацца пры ўладзе да магілы. Дзеля гэтага пераглядаюць канстытуцыі, праводзяць рэфэрэндумы, а то і ўвогуле абвяшчаюць сябе пажыцьцёвымі валадарамі ды правадырамі. Пры такой уладзе заможнае жыцьцё не пабудуеш”.

Не пагаджуся з вамі, спадар Адаркін: тое, якую дзяржаву зьбіраецца будаваць Аляксандар Лукашэнка, добра вядома. Дзеля тлумачэньня гэтага ён увесну нават адмысловую ідэалягічную нараду праводзіў — можаце пазнаёміцца зь яе матэрыяламі, іх надрукавалі ўсе дзяржаўныя газэты.

Што да вяртаньня парлямэнцкай рэспублікі, то зрабіць гэта бязь зьмены Канстытуцыі немагчыма. А ці захоча Аляксандар Лукашэнка добраахвотна адмаўляцца ад улады нават пасьля сканчэньня сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, вы, відавочна, і сам добра ведаеце.

Адам Добрын зь Менску піша:

“Мяне вельмі ўзрушыла паведамленьне пра тое, што ізраільскія ўлады вырашылі закрыць сваю амбасаду ў Менску. Афіцыйная прычына — фінансавыя цяжкасьці. Але чаму з прычыны гэтых цяжкасьцяў скасоўваюць амбасаду менавіта ў Беларусі, адначасова пакідаючы дыппрадстаўніцтвы ў значна меншых эўрапейскіх краінах? Ці не зьвязана гэта з тым, што Расея ўсё яшчэ не адмовілася ад плянаў паглынуць Беларусь? І ці не пайшоў Ерусалім на змову з Масквой?

Няўжо Ізраілю так дорага абыходзілася ўтрыманьне некалькіх супрацоўнікаў? І дзе — у краіне, на тэрыторыі якой габрэі стагодзьдзямі знаходзілі паратунак ад антысэмітаў. Зь беларускай зямлі пайшлі адраджэнцы мовы іўрыт, стваральнікі незалежнай габрэйскай дзяржавы. У беларускай зямлі пахаваныя сотні тысяч ахвяраў гітлераўскага генацыду. Няўжо цяперашнія кіраўнікі Ізраілю нічога ня ведаюць пра гэта?” — задае пытаньне Адам Добрын зь Менску.

Апошнія гады, спадар Добрын, ізраільская дзяржава, сапраўды, церпіць вялікія фінансавыя цяжкасьці. У значнай ступені гэта зьвязана з абвастрэньнем канфлікту з палестынцамі. Узрасьлі ваенныя выдаткі, а тым часам сфэра турызму, якая раней была адным з падмуркаў ізраільскай эканомікі, прыйшла ў поўны заняпад. Дзяржаўны бюджэт улады вымушаныя скарачаць па ўсіх напрамках. Ахвярай гэтага скарачэньня сталі і некаторыя амбасады.

Зрэшты, пытаньне пра тое, чаму пад скарачэньне трапіла менавіта амбасада ў Менску — зусім слушнае. Але варта адзначыць, што самі ўлады Ізраілю сьцьвярджаюць, што мера гэтая часовая, і амбасада ў Беларусі неўзабаве зноў зьявіцца.

Што да цесных гістарычных сувязяў беларускага і габрэйскага народаў — то, запэўніваю вас, спадар Добрын, пра іх у Ізраілі добра ведаюць і памятаюць. Нядаўна я сам змог пераканацца ў гэтым, пабываўшы ў гэтай краіне.

На заканчэньне кароткі ліст ад нашай новай слухачкі з Адэсы Рузаны Зрэны. Яна піша:

“Выпадкова натрапіла на вашыя хвалі ўвечары 22 чэрвеня. На сваім капеечным прыймачы невядомай краіны паходжаньня я шукала Стакгольм, а знайшла Беларускую Свабоду. Доўга не магла адарвацца. Большая частка вашай праграмы ў той вечар была прысьвечаная памяці Васіля Быкава, які яшчэ за некалькі гадзінаў да эфіру быў жывы. Уразіла тое, як хутка вы адклікнуліся на гэтую вялізную страту, як прафэсійна здолелі сабраць камэнтары і водгукі. Дзякуй за выдатную працу. Рузана Зрэна. Адэса. Украіна”.

Дзякуй, спадарыня Зрэна, і вам за добрыя словы і за ўвагу да Беларускай Свабоды. За апошнія дні нам таксама даслалі лісты Вольга Сафонава зь Менску, Уладзімер Паборцаў з Асіповічаў і Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG