Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Раней у Беларусі вясковыя жыхары ніколі не страйкавалі”


Валянцін Жданко, Менск

Пачну зь ліста, у якім апісваюцца рэаліі беларускай калгаснай вёскі. Канфлікт паміж калгасьнікамі і адміністрацыяй, пра які распавёў Уладзімер Гардзейка са Смалявічаў, ня ёсьць чымсьці выключным — ён мог адбыцца ў кожным другім беларускім калгасе, дзе шматмесячная нявыплата заробкаў стала звычайнай справай. Уладзімер Гардзейка піша:

“Нядаўна, 12 чэрвеня, калгасьнікі вёскі Пятровічы, што ў Смалявіцкім раёне, ня выйшлі на працу. Патрабаваньне: выдаць заробак за пяць апошніх месяцаў. Не працавала бугальтэрыя, адмовіліся садзіцца за руль мэханізатары. Старшыня аграфірмы тэрмінова выправіўся па дапамогу ў раён. Адтуль замест каб дапамагчы грашыма, прыслалі міліцыянтаў — нібы тут каго забівалі ці што разбуралі. Тыя пачалі высьвятляць, хто падняў голас, што хоча есьці.

А сапраўды, чыя віна, што людзі амаль паўгоду не атрымлівалі заробак? Як на маю думку, віна ў калгаснай сыстэме, у нашым ладзе жыцьця. Вёсцы патрэбны прыватны гаспадар, але якраз гэтага і баіцца ўлада. Калгасная сыстэма для яе мае лепшы смак. Чалавек, пазбаўлены маёмасьці, ператвараецца ў прыгнечанага парабка, у бяспраўнага раба.

Згадваю Заходнюю Беларусь пры Польшчы. Сяляне жылі і працавалі аднаасобна. Спакойнае ціхае жыцьцё панавала ў вёсках. Жылі вольна, ніякіх камандаў зьверху. Мелі і хлеб, і да хлеба. Колькі калгасьнікаў з Усходу выратавалі ў паваенныя гады ад голаду ў заходнебеларускіх вёсках, пакуль і да іх не прыйшлі калгасы.

А што сёньня? Нас кормяць аднымі абяцанкамі. На словах у Лукашэнкі адно, а ў сапраўднасьці ўсё па-іншаму. Учора ў краме былі адны цэны, сёньня — ужо іншыя, вышэйшыя. Вось было б добра, калі б за падвышэньне цэнаў насылалі міліцыю шукаць злачынцаў, а не за нявыхад на працу абяздоленых калгасьнікаў”.

Тое, што вы, спадар Гардзейка, апісалі — адна з праяваў агоніі калгасаў. Праяваў такіх шмат. Для прыкладу, у многіх раёнах сёлета прымушаюць усіх жыхароў райцэнтраў — настаўнікаў, прадпрымальнікаў, мэдыкаў — нарыхтоўваць уласнымі сіламі сена для калгасных кароваў. Прычым, гэта не азначае, што Беларусь напаткала нейкае стыхійнае бедзтва. Травы шмат, сенажаці багатыя. Але ў калгасаў няма ні грошай, ні людзей, ні тэхнікі. Найпрасьцей загадаць выйсьці з косамі тым, хто ня мае да калгасаў ніякага дачыненьня. Нормы немалыя — 200 кіляграмаў і болей.

Натуральна, у людзей узьнікаюць пытаньні: калі калгас самастойна ня можа пракарміць жывёлу, дык чаму ён ад яе не пазбаўляецца? І ці патрэбны такі калгас? Няхай аддасьць зямлю і тэхніку тым, хто здолее на іх працаваць самастойна. Бо настане момант, калі гэтак сама калгасы ня здолеюць самастойна ні сеяць, ні даіць кароў, ні ўбіраць хлеб.

Ліст ад Маргарыты Пушкевіч, актывісткі таварыства “Заасьвет”, якое займаецца абаронай жывёл. У Маргарыты і ейных аднадумцаў, якіх запрасілі ў Палату прадстаўнікоў пры абмеркаваньні закону пра абыходжаньне з жывёламі, былі вялікія спадзяваньні на тое, што распрацоўнікі прыслухаюцца да іхнага голасу.

“Нам здавалася, калі ты ня просіш у дзяржавы грошай, а твая ідэя дапаможа вырашыць глябальную праблему — то хто ж будзе супраць? І нават калі маладая жанчына з жыльлёва-камунальнай гаспадаркі падчас абмеркаваньня горача заклікала ўсіх абараняць дзяцей, а не жывёл, мы глядзелі на яе спакойна: няхай чалавек выпусьціць пару. У многіх з нас ня толькі дзеці, але і ўнукі. Дзякуй Богу, растуць і разам з намі клапоцяцца пра жывёл — і пра тых, хто да жывадзёраў трапляе, і пра тых, хто асуджана глядзіць з клеткі заапарку”.

І вось закон прыняты. Вялікае расчараваньне напаткала актывістаў таварыства абароны жывёл. Зноў цытую ліст Маргарыты Пушкевіч:

“Мы глядзелі на аб’ёмістую брашуру і задавалі адзін аднаму пытаньне: “Дзеля чаго нас запрашалі? Дзеля “галачкі? Праект наш спрытны чыноўнік зрабіў “пад сябе”, каб нічога не мяняць і ціха жыць далей. Значыць, і надалей над жывёламі будуць праводзіць досьледы і сячы ім галовы. І надалей вайсковыя кінолягі, дамагаючыся паслухмянасьці ад сабак, будуць вырваць ім зубы, калечыць іх. Ня ўведзеная забарона на капканы ды пасткі. Між іншым, міжнародныя футравыя аукцыёны адмаўляюць ва ўдзеле тым краінам, дзе ловяць зьвера капканамі.

Давалі мы прапановы пра забарону на ўезд у Беларусь перасоўных зьвярынцаў — як відовішча, несумяшчальнага зь дзіцячай псыхікай. Нават далёкая ад Эўропы Індыя адмовілася ад зьвярынцаў. Нас і тут не пачулі. Дык каму, апроч чыноўнікаў, патрэбен такі закон? Іх шмат, а ты чужы ім па сутнасьці. Яны ўпэўненыя ў сваёй беспакаранасьці. Я думаю, што яны ня любяць нават таго, каго ім, здавалася б, і трэба любіць — свайго прэзыдэнта. Напэўна, усе яны атэісты, інакш абавязкова задалі б сабе пытаньне: а як жа я за сваё бязьдзеяньне адкажу перад Богам?”

Добра, спадарыня Пушкевіч, што ёсьць вы і вашыя аднадумцы, якія разумеюць значнасьць гэтай праблемы. У Эўропе і Амэрыцы грамадзкія арганізацыі, якія абараняюць жывых істотаў, маюць шмат спонсараў, яны ўплывовыя і аўтарытэтныя. Да іх голасу прыслухоўваюцца, у іх ёсьць магчымасьць фінансаваць значныя праграмы.

У Беларусі нават надзеленыя высокай уладай асобы ад гэтых праблемаў адмахваюцца — маўляў, нам бы спачатку людзей абараніць — ад беспрацоўя, жабрацтва, беспрытульнасьці. У рэальнасьці, аднак, атрымліваецца так, што абароненымі не адчуваюць сябе ні людзі, ні жывёлы. Вырашыць гэтыя праблемы паасобку (ці па чарзе) не атрымліваецца.

Адразу некалькі лістоў зь вялікай колькасьцю газэтных і часопісных публікацыяў атрымалі мы ад нашага даўняга і ўважлівага слухача Міхаіла Лекаха з Латвіі, з Рыгі. Спадар Леках даўно і актыўна змагаецца за правы расейскамоўных жыхароў Латвіі, і на гэтую тэму даслаў дзясяткі сваіх артыкулаў у розныя сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку і на Беларускую Свабоду. Паколькі і факты, і высновы ў гэтых допісах у асноўным паўтараюцца, выкарыстоўваем мы іх апошнім часам нячаста. Гэта Міхаіла Лекаха крыўдзіць. У сваім апошнім лісьце ён піша:

“Чаму Беларуская Свабода маўчыць пра відавочную дыскрымінацыю і апартэід у Латвіі? Вам што, забаранілі распавядаць праўду пра тое, што адбываецца ў так званай “дэмакратычнай” Латвійскай Рэспубліцы? Гэтую крымінальную нацыяналістычную дзяржаву прапіхваюць у Эўразьвяз і НАТО. Між тым, усім вядома, што ў Латвіі, падобна як у нацысцкай Нямеччыне габрэяў, 30% пастаянных жыхароў пазбавілі ўсіх палітычных правоў. Але калі антыгабрэйскія законы ў Нямеччыне прызнаныя фашысцкімі, дык аналягічныя антырасійскія і антыбеларускія законы ў Латвіі такімі чамусьці ня лічацца.

Калі вы і надалей будзеце хаваць ад слухачоў Беларускай Свабоды зьмест маіх адкрытых лістоў, я вымушаны буду некаторыя з гэтых лістоў надрукаваць у беларускіх мэдыях з адпаведнымі камэнтарамі”, — такім пагрозьлівым папярэджаньнем заканчвае свой ліст Міхаіл Леках з Рыгі.

Вашыя лісты, спадар Леках, я неаднаразова цытаваў. Усе яны прысьвечаныя адной тэме, з аднымі і тымі ж камэнтарамі, якія цяжка лічыць аб’ектыўнымі. Вы чамусьці ня лічыце патрэбным згадваць пра некалькі істотных прынцыповых момантаў, якія робяць вашае параўнаньне сёньняшняй Латвіі з нацысцкай Нямеччынай беспадстаўным. Па-першае, галоўны (а ў многіх выпадках і адзіны) бар’ер дзеля атрыманьня расейскамоўнымі жыхарамі латвійскага грамадзянства — веданьне латыскай мовы. Мінула ўжо дванаццаць гадоў, як Латвія — незалежная дзяржава. Гэтага часу, на маю думку, зусім дастаткова, каб вывучыць мову, жывучы ў латыскамоўным асяродзьдзі.

А па-другое, у латвійскай дзяржавы былі важкія падставы дзеля таго, каб увесьці такія абмежаваньні. Не змаглі атрымаць латыскае грамадзянства толькі тыя, хто прыехаў у Латвію за камуністамі, калі сьвядома ажыцьцяўлялася палітыка русіфікацыі, засяленьня Латвіі расейскамоўнымі жыхарамі зь іншых рэгіёнаў СССР.

Эўразьвяз, да якога далучаецца Латвія, пільна сочыць за выкананьнем грамадзянскіх правоў на сваёй тэрыторыі. І няма сумневу, што ў вас у краіне будуць вырашаныя праблемы, што пакуль існуюць для расейскамоўных жыхароў. Дарэчы, паказальна, што, насуперак вашым, спадар Леках, высновам пра ўціск і дыскрымінацыю ніхто з Латвіі не імкнецца ўцячы адтуль у Расею ці Беларусь.

На заканчэньне кароткі ліст ад Мікалая Голіка з Полацку. Слухач піша:

“Незалежных газэтаў у Беларусі амаль не засталося — задушылі “Пагоню”, “Свободные новости”, “Белорусскую деловую газету”... Добра, што перадатчыкі Радыё Свабода недасягальныя для гэтай улады. Калі б магла, яна і іх сьпілавала — каб людзі слухалі толькі афіцыйную хлусьню казіятак ды чыталі “Советскую Белоруссию”. Пасьля таго, што рэжым зрабіў зь незалежнымі газэтамі, я стаў слухаць Свабоду штодня. Дзякуй, што робіце вельмі неабходную справу”.

Дзякуй і вам, спадар Голік, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG