Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Акопная праўда Васіля Быкава гэтай уладзе недаспадобы”


Валянцін Жданко, Менск

25 чэрвеня Беларусь разьвіталася з Васілём Быкавым. Імя яго часта згадвалася і згадваецца ў нашай пошце — і ў водгуках на ягоныя творы, што гучаць на хвалях Беларускай Свабоды, і тады, калі Беларусь перажывае які-небудзь чарговы крызыс, і ў грамадзтве як ніколі запатрабаванае слова, падмацаванае бясспрэчным маральным аўтарытэтам вялікага пісьменьніка.

Сёньняшні агляд пачну з аднаго зь лістоў, у якім таксама гучыць імя Васіля Быкава — яшчэ жывога. Ільля Копыл зь Менску ў сваім чарговым допісе разважае пра беларускіх вэтэранаў другой усясьветнай вайны. Ён піша:

“Улада, падзяліла вэтэранаў на “сваіх” і “чужых”. Такія вэтэраны вайны як Васіль Быкаў, які піша пра вайну акопную праўду, уладзе не патрэбныя. Яна прыгрэла іншых вэтэранаў. Замест таго, каб з павагай і гуманізмам ставіцца да пераможанага праціўніка, радавацца, што выжылі, яны ваююць зь нямецкімі пахаваньнямі на нашай зямлі. Змаганьне гэтае бязглуздае.

Летась многія зь іх за кошт нямецкіх вэтэранаў езьдзілі ў Нямеччыну, бачылі, як старанна даглядаюць там магілы савецкіх салдатаў. Здавалася, пасьля гэтага стаўленьне да нямецкіх могілак у іх зьменіцца. Але ж не. Дзеля чаго гэтая зацятая нянавісьць? Чаму яна можа навучыць? Асабіста мне сорамна за такіх пераможцаў.

Ці трэба зьдзіўляцца, што вядзецца вайна ня толькі зь нямецкімі пахаваньнямі, але і з пахаваньнямі ахвяраў камуністычнага рэжыму — з Курапатамі. Мяркую, што вэтэраны паводзілі бы сябе інакш, калі б гэтыя іх дзеяньні не заахвочвала ўлада”.

Творы Васіля Быкава пра вайну тым і вылучаюцца, што ў іх няма нянавісьці й зласьлівасьці, у тым ліку да пераможаных. 18-гадовы лейтэнант шмат разоў глядзеў сьмерці ў вочы, бачыў, як паміралі простыя салдаты і з гэтага, і з таго боку перадавой. І немагчыма ўявіць, каб у ягоных творах віна ўскладвалася на мёртвых, і каб ухвалялася тое, сьведкамі чаго мы сталі цяпер — як жывыя, самі ўжо стоячы на парозе нябыту, ня могуць дараваць і імкнуцца адпомсьціць палеглым на той вайне.

Наш сталы слухач, былы вясковы настаўнік Міхаіл Шавель з пасёлку Навінкі Менскага раёну напісаў ліст на тэму, якая хвалюе многіх беларускіх пэнсіянэраў. Сёлета значна ўзрасла плата за камунальныя паслугі. Улады паабяцалі, што тым сем’ям, выдаткі якіх на аплату жытла перавысяць чвэрць месячнага даходу, будуць налічаныя субсыдыі. Міхаіл Шавель паверыў у гэта і паспрабаваў дамагчыся такой субсыдыі. Што з гэтага атрымалася? Слухач піша:

“Мы з жонкай — былыя настаўнікі. Ужо больш як дзесяць гадоў на пэнсіі, нідзе не працуем. Пэнсія нашая на дваіх склала ў сакавіку 213 тысяч 170 рублёў. Трэцяя ў сям’і — дачка, якая ўжо шмат гадоў ня можа знайсьці працу і грашовай дапамогі ніадкуль не атрымлівае. За сакавік за камунальныя паслугі мы заплацілі амаль 70000 рублёў — гэта значна больш за чвэрць сямейнага даходу. І я вырашыў дамагчыся абяцаных уладай субсыдыяў.

Два дні разам з жонкай патрацілі на атрыманьне даведак, абышоўшы каля дзясятка розных кабінэтаў. На трэці дзень накіраваліся грамадзкім транспартам з мноствам перасадак, а потым пешшу — у Ждановічы, дзе месьціцца раённая камунальная служба. А там бугальтарка, прагледзеўшы нашыя паперы, сказала: “Ваш даход вялікі, субсыдыі не паложана. У нас каля сямі тысяч кватэранаймальнікаў, а субсыдыі мы выплацілі толькі сямі ці дзесяці адзінокім старэнькім...”

Вярталіся дамоў абураныя, з сапсаваным настроем. Цешыла толькі думка, што за травень атрымаем крыху большыя пэнсіі. Але і тут надзеі нашыя былі марныя. Аказваецца, падвышэньне, пра якое ўлады столькі гаварылі, на нас не распаўсюджваецца. Нас, былых настаўнікаў, інвалідаў (па сутнасьці — амаль жабракоў) чыноўнікі лічаць багатымі й ня вартымі падвышэньня пэнсіі”, — распавёў у сваім лісьце Міхаіл Шавель з пасёлку Навінкі Менскага раёну.

У беларускіх вёсках пэнсіянэры ўвогуле лічацца заможнымі — на тле даярак і трактарыстаў, якія ў асобныя месяцы, бывае, ня могуць зарабіць і дваццаці тысяч рублёў. Выглядае, што гэтак жа глядзяць на пэнсіянэраў і чыноўнікі, ад якіх залежыць, ці выдаваць жыльлёвыя субсыдыі. Зь іншага боку, зразумела, што мясцовыя бюджэты ня маюць грошай на такія субсыдыі. Але навошта ў такім разе публічна ўводзіць людзей у зман, марна ганяючы пэнсіянэраў па чыноўніцкіх кабінэтах?

Ліст ад Паўла Арловіча з латвійскага Даўгаўпілсу. Слухач піша:

“Пікетамі ды нешматлюднымі маршамі дыктатуру не адолееш. Тым больш, што апазыцыйныя палітычныя партыі ў Беларусі — у асноўным слабыя, ня маюць колькі-небудзь значнага ўплыву ні на ўладу, ні на народныя масы. Беларуская апазыцыя ніколі ня зможа дасягнуць сваіх мэтаў, пакуль ня зьменіць тактыку. Самае галоўнае — ёй неабходна мець сваіх правераных, моцных, надзейных людзей у адміністрацыйных структурах. А гэтага, на жаль, няма.

А па-другое, няма патрыятычных пачуцьцяў і нацыянальнай гордасьці ў маладога пакаленьня. Сыдуць з гэтага сьвету патрыёты старэйшага пакаленьня — і за Беларусь ня будзе каму змагацца. Аб гэтым у вас чамусьці ніхто не задумваецца”.

Не пагаджуся з вамі, спадар Арловіч, што ў Беларусі няма нацыянальна сьвядомай моладзі. Паглядзіце, як абараняюць маладыя менчукі Нацыянальны гуманітарны ліцэй, як выходзяць хлопцы і дзяўчаты на талокі ў Курапаты, колькі моладзі зьбіраюць канцэрты беларускіх рок-гуртоў.

Што да прыхільнікаў апазыцыі ў структурах улады. Ва ўмовах Беларусі цяжка ўявіць, каб актывіст якой-небудзь апазыцыйнай партыі мог атрымаць пасаду, напрыклад, у райвыканкаме. Вы, спадар Арловіч, відавочна, маеце на ўвазе таемных прыхільнікаў апазыцыі сярод цяперашніх чыноўнікаў. Верагодна, яны ёсьць, хоць не выпадае спадзявацца на вялікую іхную колькасьць.

Іншая справа, наколькі чынавенства падтрымлівае палітыку Лукашэнкі, наколькі гэтая палітыка адпавядае ўласным інтарэсам чыноўнікаў. І якімі будуць паводзіны гэтых людзей у сытуацыі, калі ўлада Лукашэнкі пахісьнецца і калі зьявіцца шанец на зьмену рэжыму.

Раіса Бутыгіна з Магілёва піша:

“На дзяржаўнай фірме “Онікс” я адпрацавала два месяцы, а заплацілі мне мізэр. Патлумачылі: гэта за тое, што абакралі нашую “бытоўку”. Нехта выламаў дзьверы і вынес літаральна ўсё — фарбу, грунтоўку, фарбапульт. Мы паведамілі пра гэта майстру, але той нават ня выклікаў міліцыю. А кошт скрадзенага вылічыў з нашага заробку.

Хадзілі скардзіцца вышэйшаму начальству, але тое нават слухаць не захацела: маўляў, самі скралі — самі й разьбірайцеся. Вельмі крыўдна, але так у нас паўсюль: з простым людам твораць, што захочуць”.

Як можна зразумець зь ліста, у гэтай сытуацыі пацярпелі ня толькі вы, спадарыня Бутыгіна, але і ўся брыгада. Усёй брыгадай вы маглі б і адстойваць свае правы. Да вас ня хоча прыслухоўвацца адміністрацыя — ёсьць прафсаюз, які менавіта ў такіх выпадках і павінен абараняць інтарэсы наёмных работнікаў. Не дапамагае афіцыйны прафсаюз — зьвярніцеся ў свабодны. Урэшце, вы самі можаце стварыць суполку незалежнага прафсаюзу і агульнымі сіламі абараніцца ад самавольства адміністрацыі, вы маеце на гэта права.

Аўтар наступнага ліста — пэнсіянэр з Маладэчна, які падпісаўся як Мікалай Валюга, але папярэдзіў, што імя гэтае выдуманае.

“Сапраўднае прозьвішча напісаць не адважваюся: баюся КГБ. Мне 67 гадоў. Я пэнсіянэр-жабрак, хоць адпрацаваў 50 гадоў. Але за сваю пэнсію не магу дазволіць сабе нават кавалак мяса”.

Мікалай Валюга паведамляе, што зь нядаўняга часу любіць слухаць Беларускую Свабоду, лічыць, што яна паднімае настрой і дае спадзяваньне на лепшую будучыню. Гэтым лістом слухач хоча зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі:

“Вы ўжо амаль дзесяць гадоў пры ўладзе, а людзям жывецца ўсё горш і горш. Абяцалі, што рабочыя будуць зарабляць 250–300 даляраў на месяц. І дзе тыя заробкі? Каб атрымаць трыста даляраў, на большасьці нашых паралізаваных заводаў трэба працаваць ледзь ня год. Няўжо вы ня бачыце, што людзі жывуць добра толькі там, дзе свабода, дэмакратыя і прыватная ўласнасьць?

Успомніце Савецкі Саюз. Здавалася б, столькі зямлі, столькі карысных выкапняў, такі здольны і адукаваны народ. А як жылі? У жабрацтве, часта не было чаго есьці. Пойдзеш у краму — адны рыбныя кансэрвы, харчовыя косьці ды ялавічныя ногі. З адзеньня — толькі целагрэйкі ды кірзавыя боты.

Народ вам верыў, ды і цяпер яшчэ многія вераць. Але жыць усё цяжэй, і усё больш людзей, гэтак жа, як і я, задумваюцца: а ці ня ў тым адзіная вашая мэта, каб як мага даўжэй заставацца ў прэзыдэнцкім крэсьле?”

Гэтыя свае здагадкі, спадар Валюга, вы неўзабаве зможаце спраўдзіць. Тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі (які, дарэчы, аднаго разу ўжо быў падоўжаны — праз рэфэрэндум сем гадоў таму) закончыцца ў верасьні 2006 году. Застацца пры ўладзе і надалей не дазваляе Канстытуцыя. Зусім магчыма, што ў хуткім часе будзе абвешчана, што Канстытуцыю гэтую настаў час мяняць — дзеля таго, каб Лукашэнка мог удзельнічаць і ў наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Прынамсі, сам Аляксандар Лукашэнка такой магчымасьці не адмаўляе.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Ніна Ярмалінская з Салігорску, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Сяржук Буравы з расейскага гораду Старадуб Бранскай вобласьці й Валянціна Гарбатая з Кіева.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG