Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вінаваты не Лукашэнка, а злодзеі і падхалімы, якія яго падманваюць”


Валянцін Жданко, Менск

Многія слухачы, якія пішуць на Свабоду, спрабуюць самастойна разабрацца ў прычынах таго, чаму Беларусь апынулася ў эканамічным заняпадзе і палітычнай ізаляцыі, і якая ступень віны ў тым, што адбываецца, павінна быць ускладзеная на Аляксандра Лукашэнку. Адказы на гэтыя пытаньні супярэчлівыя. Напрыклад, Іван Багдзевіч са Слоніму лічыць, што ва ўсім вінаваты не Аляксандар Лукашэнка, а чыноўнікі, якія ня хочуць яго слухацца.

“З Прагі вы паведамляеце шмат праўдзівага, правільнага. Але вось што датычыць ганьбаваньня Лукашэнкі — тут я з вамі не пагаджаюся. Абвінавачваеце яго часта беспадстаўна — у тым, дзе няма яго віны. Кажаце, напрыклад, што не дае ён людзям таго, што абяцаў. А адкуль узяць, калі столькі злодзеяў сярод памочнікаў? Так было б і ў любога кіраўніка, у любой улады і ў любой краіне. Адкуль возьме тое багацьце Лукашэнка, калі яго расьцягнулі падхалімы?”

Спыню на гэтым цытаваньне ліста Івана Багдзевіча са Слоніму дзеля некалькіх заўвагаў. Сваіх памочнікаў, чыноўнікаў, кіраўнікоў улады на месцах Аляксандар Лукашэнка прызначае аднаасобна, спадар Багдзевіч. Адпаведна, ён жа павінен адказваць за вынікі іхнай дзейнасьці.

Так, праблема карупцыі ўласьцівая любому грамадзтву. Але існуе такая заканамернасьць: чым больш улады дадзена чыноўніку, чым у большай ступені просты чалавек залежыць ад рознага кшталту начальнікаў — тым большыя маштабы хабарніцтва і крадзяжу ў краіне. А ў Беларусі пабудаваная менавіта такая сыстэма ўлады, пры якой любая прыватная ініцыятыва залежыць ад дзясяткаў начальнікаў ды правяральшчыкаў.

Яшчэ некалькі цытатаў зь ліста Івана Багдзевіча са Слоніму:

“Вы кажаце, што набудаваў Лукашэнка залішне лядовых ды іншых палацаў. Дык і гэта патрэбна, хоць, канечне, мог бы з гэтымі палацамі й не сьпяшацца. Ты дай спачатку беларусам стаць на ногі. ...За саветамі ў нас было не найгорш. А камуністы абяцалі ўвогуле райскае жыцьцё. Праўда, хлусілі. Цяпер жывецца тугавата, але што датычыць свабоды — усё ж значна лепш, чым раней. Так што добра, што тыя саветы праваліліся”.

Заканчвае свой ліст Іван Багдзевіч са Слоніму наступнай заўвагай:

“Вось некаторыя называюць Лукашэнку дыктатарам. А я так скажу: трэба яшчэ большую дыктатуру. Толькі не такую, як была ў Гітлера ці ў саветаў, а справядлівую. Каб вывесьці злодзеяў, бандытаў ды іншую нечысьць, без дыктатуры не абыдзесься. За саветамі ў нас куды цішэй было з хуліганамі, а цяпер вунь колькі іх разьвялося. А трэба так: вока за вока, зуб за зуб. А то з забойцам цацкаюцца, даюць некалькі гадоў турмы. А ён выйдзе на волю — і зноў каго-небудзь заб’е”.

Справядлівай дыктатуры, спадар Багдзевіч, не існуе. Сыстэма ўлады, пры якой народ пазбаўлены права на дэмакратычныя выбары, пры якой няма незалежнага суду і незалежнага парлямэнту, ня можа лічыцца справядлівай. Яна грунтуецца на страху і гвалце, ахвярамі якіх вельмі часта становяцца невінаватыя людзі. Тое, што вы маеце на ўвазе пад “справядлівай дыктатурай”, хутчэй за ўсё, ёсьць дыктатурай закону, ці — прававой дзяржавай. У тых дзяржавах, дзе закон вышэй за волю любога чыноўніка, дзе эфэктыўна дзейнічае незалежны суд, і людзі адчуваюць сябе свабоднымі, і злачынцы не пазьбягаюць справядлівых пакараньняў, і ўлада адчувае адказнасьць за ўласныя дзеяньні.

Ліст ад Валеры Грыцука з Магілёва. У адным са сваіх папярэдніх лістоў слухач выказаў думку, што 2003 год для Беларусі — лёсавызначальны. Цяпер, на ягоны погляд, галоўнае — каб кожны беларус праявіў самаахвярнасьць. Валеры Грыцук піша:

“Самаахвярнасьць — гэта найперш не баяцца, не трымацца, як за жыцьцё, за месца працы. За краты ж пакуль масава ня кідаюць, лягераў няма, не расстрэльваюць. Як жыць бяз працы? Ды як амаль усе жывуць — з уласнага агароду.

Самаахвярна для ўсіх — патрабаваць да канца выкананьня Закону, ці, для найбольш сьмелых — удзельнічаць у акцыях грамадзянскага непадпарадкаваньня. Самаахвярна для творчых людзей, інтэлігенцыі — тлумачыць, даказваць усім, што шлях Лукашэнкі вядзе ў багну. Самаахвярна для ўсіх прадстаўнікоў апазыцыі — вырашыць, што на два гады на першым месцы — не сям’я, а праца на Беларусь. Самаахвярна — гэта быць беларусам”.

Подпіс — “Валеры Грыцук, самаахвярны патрыёт Беларусі”. Вашыя патэтыку і высокія грамадзянскія пачуцьці, спадар Грыцук, лёгка зразумець. Відавочна, многія гэтак жа, як і вы, гатовыя праявіць самаахвярнасьць і на час адкласьці асабістыя праблемы дзеля Бацькаўшчыны. Але спадзявацца, што на гэта гатовы кожны беларус — на маю думку, легкадумна. Ёсьць нават падазрэньне, што такіх бескарысьлівых і самаадданых людзей становіцца ўсё меней. Прынамсі, да такіх высноваў схіляюць назіраньні за апошнімі вулічнымі акцыямі апазыцыі.

Ліст ад нашага даўняга слухача Віктара Баранава з Рагачова:

“Нацыянальная культура гіне ў нас на вачах. Тых, хто размаўляе на беларускай мове, ня больш за адзін адсотак ад усяго насельніцтва. Мы толькі пасіўныя назіральнікі гэтага працэсу. Людзей, якія адкрыта выступаюць супраць беларускай мовы, меншасьць. Але і галасоў пратэсту супраць зьнішчэньня мовы няшмат. Паслухайце, што гучыць на беларускім радыё. Суцэльная расейская “папса”. Такое ўражаньне, што тым, хто адказвае за эфір — абыякава, якую музыку круціць. Ім абы грошы.

Словам, хутка настане час для хаўтураў па ўсім беларускім. Кожная эпоха нараджае сваіх герастратаў. Адзін разбурае Храм Хрыста-Збаўцы, другі — зьнішчае нацыянальную мову і культуру”.

Наўрад ці вашае, спадар Баранаў, сьцьвярджэньне пра адзін адсотак беларускамоўных грамадзянаў дакладнае, але становішча беларускай мовы і культуры, сапраўды, надзвычайнае. Усё беларускае вынішчаецца сёньня з усіх грамадзкіх сфэраў намнога хутчэй, чым гэта было за камуністамі. На гэта накіраваная дзяржаўная палітыка, і найперш стаўленьне да нацыянальнай мовы і культуры кіраўніка дзяржавы.

Некаторыя нашыя слухачы ў сваіх лістах выказваюць меркаваньне, што іншы шлях і ня быў магчымы, што ў саміх беларусаў не хапіла ўнутраных сілаў дзеля нацыянальнага адраджэньня. Я ў такіх выпадках згадваю прыклад Украіны, у якой за саветамі русіфікацыя таксама дасягнула вялізных маштабаў. Аднак пасьлядоўная дзяржаўная палітыка дала плён — за дзесяцігодзьдзе незалежнасьці ўкраінская мова там рэальна стала дзяржаўнай.

Генадзь Банкевіч зь Менску даслаў некалькі прапановаў наконт зьместу перадачаў Свабоды. Сярод іншага, слухач раіць:

“На найбольш значныя падзеі трэба перадаваць меркаваньні Івонкі Сурвіллы, Васіля Быкава, Генадзя Бураўкіна, а таксама нашых знакамітых навукоўцаў, палітыкаў: Зянона Пазьняка (ці яго намесьніка Юрася Беленькага), Станіслава Шушкевіча, Мечыслава Грыба, Сямёна Шарэцкага ды іншых — усіх патрыётаў Беларусі. Яны карыстаюцца сваёй мовай на радзіме паўсюдна. Лічу ненармальным, калі палітык друкуецца на Беларусі на расейскай мове, а на Свабодзе “перарабляецца” ў беларуса”.

У якасьці экспэртаў, удзельнікаў аналітычных праграмаў і гутарак за круглым сталом мы стараемся прыцягваць найперш тых асобаў, якія добра размаўляюць па-беларуску. Хоць адначасова галоўнай умовай застаюцца прафэсійныя якасьці адмыслоўца. У гэтай сувязі, спадар Банкевіч, той факт, што нехта з аналітыкаў друкуецца ў Беларусі па-расейску, наўрад ці павінен весьці да забароны выступаў па Свабодзе. Варта тут улічваць і моўную сытуацыю ў Беларусі. Ці шмат засталося ў краіне аналітычных выданьняў, якія выходзяць на беларускай мове?

Што да асобаў, якіх вы называеце ў сваім сьпісе, то ўсе яны час ад часу выступаюць у нашых перадачах, і мы часта зьвяртаемся да іх па камэнтары з нагоды тых ці іншых падзеяў.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Віктара Тураўца з францускага Ліёну. Слухач піша:

“Калі я вымушаны быў зьехаць зь Беларусі, то ня думаў, што так цяжка будзе першыя тры месяцы безь беларускага слова, без інфармацыі, магчымасьці адчуваць сваё, роднае... А калі праз тры-чатыры месяцы зьявілася магчымасьць штодзённага спатканьня са Свабодай — гэта дало столькі сілаў, энэргіі, надзеі на лепшае!..

Натуральна, кепскія навіны ўспрымаюцца балюча, душа рвецца дамоў. Вельмі цяжка чуць пра нахабныя дзеяньні ўлады, здраду яе памагатых. І ўсё ж аптымізм перамагае. І самым прыемным у маім жыцьці застаюцца часіны, калі настройваюся на маю родную Свабоду. Вялікі дзякуй вам, што вы ёсьць, што робіце вельмі патрэбную справу”.

Дзякуй, Віктар, і вам за шчырыя добрыя словы. Як і для вас, для многіх нашых суайчыньнікаў за межамі Беларусі Свабода застаецца ледзь не адзінай інфармацыйнай нітачкай, якая злучае з радзімай. Лісты ад гэтых людзей (а такіх лістоў у нашай пошце нямала) напоўненыя асаблівым настроем. Мы ведаем, наколькі важная для вас гэтая сувязь.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Ірма Табушава і Яна Перадумава зь Менску і Алесь Шустоўскі з Барысава.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG