Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нам бы такога кіраўніка, як Сталін ці Брэжнеў — тады б нас усе баяліся і паважалі”


Валянцін Жданко, Менск

Пачну зь некалькіх лістоў на тэму вайны ў Іраку, ад пачатку якой ужо ідзе другі тыдзень. Зыгмунт Зялінскі зь Дзятлава не ўпершыню піша нам, і кожны раз лічыць неабходным у самых жорсткіх выразах выказацца пра палітыку ЗША на Блізкім Усходзе.

“Джордж Буш імкнецца ўтапіць Ірак у крыві, — піша Зыгмунт Зялінскі. — Мы ведаем, што гэта такое — паспыталі ў свой час ад Гітлера. Але рана радуецца амэрыканскі прэзыдэнт. Цынкавыя труны ўжо атрымліваюць у Амэрыцы сем’і салдатаў. А ці тое яшчэ будзе... Расея, Францыя, Нямеччына і Кітай не падтрымалі гэту вайну. Хопіць амэрыканцам дыктаваць свае ўмовы ўсяму сьвету. Шкада, што ў свой час зь Беларусі вывелі ракеты. Нам бы такога кіраўніка, як Сталін ці Брэжнеў — тады ракеты абавязкова былі б вернутыя ў Беларусь. І яна адчувала б сябе ў значна большай бясьпецы, чым цяпер”, — напісаў Зыгмунт Зялінскі зь Дзятлава.

Ня думаю, спадар Зялінскі, што такой невялікай і эканамічна слабой краіне, як Беларусь, ядзерныя ракеты дабавілі бы бясьпекі. Згадайце: у складзе Савецкага Саюзу ядзерныя ракетныя базы разьмяшчаліся ў Беларусі у кожнай вобласьці. Яны ж у выпадку вайны сталі б галоўнымі аб’ектамі ядзерных атак.

Аляксандар Лукашэнка ня раз публічна шкадаваў, што ядзерную зброю яшчэ да яго пагадзіліся вывесьці зь Беларусі. Безь яе палітычныя амбіцыі беларускага лідэра нядорага каштуюць. Але з гледзішча простага чалавека Беларусь бязьядзерная — куды больш бясьпечнае месца, чым тая Беларусь, што была вайсковым фарпостам колішняй савецкай імпэрыі.

Што да вашых зласьлівых згадак пра цынкавыя труны і пра палітыку амэрыканскага прэзыдэнта, то, магчыма, вас хоць у чымсьці здолее пераканаць Ніна Крывіцкая зь Менску. У сваім лісьце яна піша:

“Ірак — адна з самых багатых краінаў Пэрсідзкай затокі, але дыктатар Садам Хусэйн сваёй палітыкай давёў яе да галечы. Мне прыкра і сорамна, што Аляксандар Лукашэнка падтрымлівае прыязныя адносіны з гэтым дыктатарам, якога асуджае ўвесь сьвет. Гэта прыніжэньне для ўсяго беларускага народу.

Напярэдадні вайны ў Менск прыяжджаў Селязьнёў, які перад тым пабываў у Багдадзе і прывёз Лукашэнку прывітаньне ад Хусэйна. Я не разумею — чаму наша апазыцыя маўчыць на такія нахабныя паводзіны Селязьнёва.

Адхіліць ад улады Хусэйна здольная толькі Амэрыка. Сваю сілу яна ўжо паказала у Афганістане, прынёсшы афганскаму народу мір. Той самы мір, які ня змог прынесьці Савецкі Саюз, паклаўшы там за дзесяць год вайны дзясяткі тысяч жыцьцяў”, — напісала Ніна Крывіцкая зь Менску.

Ня думаю, спадарыня Крывіцкая, што візытам і заявам расейскага сьпікера Селязьнёва варта надаваць надта ўжо шмат увагі. У Расеі, падобна як і ў Беларусі (хоць, праўда, у меншай ступені) кіраўнікі парлямэнту маюць вельмі абмежаваныя функцыі. Наўрад ці слушная вашая крытыка на адрас апазыцыі, якая не пажадала нейкім гучным чынам рэагаваць на прывітаньні ад Хусэйна, прывезеныя Селязьнёвым Лукашэнку.

Наш сталы слухач зь Менску, удзельнік вайны, былы партызан Віктар Скараход напісаў свой ліст пад уражаньнем ад апошніх масавых акцыяў апазыцыі, што адбыліся ў Менску.

“Не магу зразумець, за што асудзілі арганізатараў маршу, — зьдзіўляецца Віктар Скараход. — Ці ж ня сам Лукашэнка восем год таму абяцаў: “Калі справы ня пойдуць ладам — падам у адстаўку”. Куды пайшлі справы, усе бачаць. Ды і Лукашэнка пра гэта кажа, хоць шукае вінаватых ва ўрадзе і сярод чыноўнікаў. Вось і трэба было выходзіць на марш усім разам — і рабочым ад станка, і чыноўнікам, і міліцыянтам. І супольна шукаць прычыны.

Дык не, замест гэтага тых, хто выйшаў на марш за лепшае жыцьцё, сталі хапаць і судзіць. Толькі адну палёгку зрабілі — не дубасілі дубінкамі. Пры такім стане спраў нічога лепшага Беларусь не чакае: паціху, пад хлусьню наконт прыдуманай “стабілізацыі”, пакоцімся ў бездань эканамічнага абвалу і ў расейскі палон”, — робіць выснову ўдзельнік вайны Віктар Скараход зь Менску.

Сакавіцкія акцыі апазыцыі не былі па-сапраўднаму масавымі й маштабнымі. Часткова гэта тлумачыцца тым, што іх было ажно тры за кароткі прамежак часу. Але цяжка не пагадзіцца і са сьцьвярджэньнем, што ўлада сваімі жорсткімі рэпрэсіямі супраць удзельнікаў маніфэстацыяў у многім дамаглася сваёй мэты: людзі непакояцца за ўласную бясьпеку, баяцца арыштаў і пабояў, апасаюцца перасьледу на працы.

Што да таго даўняга абяцаньня Аляксандра Лукашэнкі, пра якое вы, спадар Скараход, згадваеце, то яно, вядома ж, было разьлічанае толькі на час выбарчай кампаніі. Сёньня ўжо ідзе размова пра тое, што беларускі кіраўнік не жадае пакідаць пасаду нават пасьля дванаццаці гадоў пры ўладзе. І зусім верагодна, у хуткім часе беларусаў чакае рэфэрэндум наконт новага прэзыдэнцкага тэрміну для Аляксандра Лукашэнкі.

Ліст ад Алеся Шылава зь Менску. Слухач піша:

“Вашая перадача, спадар Жданко, прыцягвае людзей жаданьнем сумленна разабрацца ў сутнасьці тых падзей, што адбываюцца ў Беларусі.

Але ў цэлым, мне здаецца, аб’ектыўнасьці Свабодзе іншы раз трохі не хапае. Вось прыклад. 10 сакавіка ўсьлед за вашым аглядам пісьмаў ішла размова Міхася Скоблы з Тацянай Процькай пра яе кнігу аб дзейнасьці карных органаў у даваенны пэрыяд. Вядомая праваабаронца паведаміла, што ў гэтых карных органах было толькі крыху больш за 2 адсоткі беларусаў. Асноўную ж масу, больш за 60 адсоткаў, складалі рускія і габрэі (дзесьці па 30 адсоткаў). Але не пасьпела Процька назваць гэтыя лічбы, як Скобла ўдакладняе, што ў генацыдзе беларускага народу вінаватыя толькі рускія. А дзе габрэі? Вось вам і аб’ектыўнасьць”.

Свой ліст Алесь Шылаў зь Менску заканчвае наступнай высновай:

“Тое, што фашызм вінаваты ў генацыдзе габрэяў, усім добра вядома. Фашысты асуджаныя і пакараныя. А за генацыд беларускага народу мусяць несьці адказнасьць адпаведныя асобы. Доказ таму — кніга Тацяны Процькі. Журналісты Свабоды не павінны пра гэта забываць”.

Ня думаю, спадар Шылаў, што, гаворачы пра злачынствы сталінскага рэжыму, трэба рабіць акцэнт на нацыянальнай прыналежнасьці тых, чыімі рукамі гэтыя злачынствы былі ўчыненыя. У катаваньнях вінаватыя канкрэтныя асобы, якія выконвалі альбо самі аддавалі злачынныя загады, і ў пераважнай большасьці выпадкаў усьведамлялі, што катуюць і забіваюць бязьвінных людзей.

Зьвесткі пра тое, што доля беларусаў сярод супрацоўнікаў НКВД была меншай, чым расейцаў і габрэяў, зусім ня сьведчаць пра тое, што можна вызначыць, якая нацыя больш вінаватая ў сталінскім генацыдзе. У першай палове мінулага стагодзьдзя беларусы яшчэ заставаліся сялянскай нацыяй, а гарады былі населеныя пераважна габрэямі і расейцамі. Адсюль і такі нацыянальны склад тагачасных дзяржаўных установаў.

Ліст ад Яўгеніі Качанавай з украінскага гораду Маладагвардзейску Луганскай вобласьці. Яна ўжо доўгі час слухае беларускую Свабоду і вельмі цікавіцца навінамі зь Беларусі. Цікавасьць гэтая абумоўленая вось чым. Слухачка піша:

“Мая дачка Натальля Савонь вучылася ў Магілёве ў бібліятэчным тэхнікуме. Пасьля вучобы яе накіравалі ў Гарадзенскую вобласьць. Там у вёсцы Грабяні Гарадзенскага раёну, на самай мяжы з Польшчай, яна ўжо дваццаць год жыве.

Нашы сувязі зь ёй ускладніліся. Хачу паехаць да яе. Але, кажуць, на мяжы трэба нейкія дакумэнты паказваць. Дачка прыслала даведку, што я магу прыехаць да яе ў памежную зону. Але ці дастаткова гэтага? Ці ня спыняць мяне на ўкраінска-беларускай мяжы і ці не накіруюць назад?” — пытаецца пэнсіянэрка з украінскага гораду Маладагвардзейску Луганскай вобласьці Яўгенія Качанава.

Украіна застаецца адной зь нямногіх дзяржаваў сьвету, зь якой у Беларусі захоўваецца бязьвізавы рэжым. Так што, спадарыня Качанава, калі ў вас ёсьць належным чынам аформлены замежны пашпарт — можаце выпраўляцца да дачкі ў Беларусь. Ніякія іншыя дакумэнты грамадзянам Украіны для ўезду ў Беларусь не патрэбныя. Але не забудзьцеся пра даведку. Так званыя “памежныя зоны” ў Беларусі захоўваюцца, і без даведкі на пад’езьдзе да Грабянёў да вас могуць прычапіцца памежнікі альбо міліцыянты.

На заканчэньне — ліст ад былога настаўніка Івана Яскевіча зь вёскі Новыя Гавяды Шклоўскага раёну. Ён піша:

“Горкі Чарнобыль адабраў у нас малую Радзіму — вёску Ўшакі Чэрыкаўскага раёну. Былі гэта цудоўныя санаторныя мясьціны... Часта ўспамінаецца той дачарнобыльскі час. У нашым калгасе “Маладая гвардыя” доўгі час не было дзіцячага садка. Дык нашых малых, пакуль мы, настаўнікі, працавалі ў школе, даглядала пэнсіянерка Соф’я Ларыёнаўна Яскевіч. Гуляла зь імі, выхоўвала, кнігі чытала.

У сваю чаргу, бацькі-настаўнікі дапамагалі нам на агародзе бульбу пасадзіць і выкапаць, дроваў, сена нарыхтаваць і прывезьці. Дагэтуль памятаю тую нядзельку, калі бацькі зь дзеткамі прыйшлі да нас у госьці з падарункамі. Соф’я Ларыёнаўна частавала гасьцей, чым толькі магла. А Таня Любчанка з хлопчыкамі й дзяўчаткамі выступілі зь невялікім канцэртам: сьпявалі, расказвалі вершы, байкі, танцавалі. У маленькай бацькоўскай хатцы нашай усім месца ставала...”

Былы настаўнік, інвалід савецкай арміі Іван Яскевіч жыве далёка ад сваіх родных мясьцін, часта згадвае той час, які лічыць шчасьлівым, шкадуе, што родныя людзі цяпер далёка ад яго. І піша, што дагэтуль чакае хоць бы вестачкі-паштоўкі ад тых дзетак, якіх і сёньня лічыць сваімі ўнукамі і ўнучкамі.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Сяргей Іваноў зь Менску, Уладзімер Зьвернік зь вёскі Чысьць Маладэчанскага раёну, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Анатоль Жэрдзеў з Гомеля і Алесь Васільеў з Наваполацку.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG