Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня верце сваркам Пуціна з Лукашэнкам: гэта загадзя сплянаваны спэктакль”


Валянцін Жданко, Менск

У хуткім часе (магчыма, ужо сёлета) беларусам зноў давядзецца ісьці на выбарчыя ўчасткі, каб выказаць стаўленьне да новага этапу збліжэньня Беларусі й Расеі, які патрабуе зьменаў Канстытуцыі. Зусім магчыма, што адначасова з гэтым Аляксандар Лукашэнка паспрабуе перапісаць Канстытуцыю такім чынам, каб заставацца пры ўладзе і пасьля 2006 году.

Многія нашыя слухачы ўстрывожаныя гэтым і лічаць, што мы павінны надаваць больш увагі беларуска-расейскай тэме. Вось які ліст даслаў Фадзей Федаровіч з латвійскага Даўгаўпілсу. Слухач піша:

“Галоўная мэта Расеі — “прыхватызаваць” Беларусь. Дзеля гэтага любыя мэтады добрыя: падыдуць і марыянэткі, і штрэйкбрэхеры, і палітызаваныя духоўныя сілы рускага праваслаўя. Ужо ёсьць вынікі, паглынаюцца буйныя эканамічныя аб’екты. Немалую ролю ў гэтых непрывабных гульнях адыгрывае і вашае радыё. Разьвесіўшы вушы, вы прымаеце за ісьціну артыстычныя рознагалосьсі дыктатара з Пуціным. Гэтым прытупляецца пільнасьць патрыятычных сілаў Беларусі. Так званыя “рознагалосьсі” паміж Лукашэнкам і Пуціным — гэта толькі палітычны трук, каб адцягнуць увагу грамадзкасьці ад паўзучай інкарпарацыі Беларусі”.

Нават калі гэтыя канфлікты і супярэчнасьці паміж Пуціным і Лукашэнкам — уяўныя, спадар Федаровіч, мы павінны аб’ектыўна распавядаць пра іх. Хоць, на маю думку, вашыя здагадкі выглядаюць ня надта пераканаўча і доказна. Расейскі бок пасьлядоўна пярэчыць супраць стварэньня моцнага саюзнага цэнтра ўлады — і гэта не падобна на гульню ці на спэктакль. Уладзімер Пуцін не зьбіраецца дзяліцца ўладай, і гэта ёсьць відавочнай і зусім лягічнай перашкодай для ўсіх палітычных плянаў Аляксандра Лукашэнкі.

Ліст ад настаўніка Мікалая Волчыка зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну:

“Прапаную вашым карэспандэнтам наведаць Пружаны. Тут пачалася ўжо падрыхтоўка да чарговых “Дажынак”, і многа дзіўнага назіраецца. Улады кажуць, што Пружаны ператворацца ў горад эўрапейскага ўзору — во як! Аднак жыцьцё звычайнага пружанца пры гэтым наўрад ці зьменіцца”.

Такую выснову Мікалай Волчык зрабіў пасьля нядаўніх мясцовых выбараў.

“Асабіста я ў гэтых выбарах ня ўдзельнічаў, — піша настаўнік. — Бо выбараў фактычна не было, проста галасаваньне. Наверсе загадзя вызначылі, хто павінен быць у мясцовых саветах — не было ні альтэрнатывы, ні праграмаў кандыдатаў. А проста за асобы я свой голас не аддаю. А тут яшчэ пачалі напамінаць, што і настаўнікі павінны прыйсьці на ўчасткі датэрмінова. Амаль тыдзень на Беларусі ішло галасаваньне. Ну, дзе яшчэ такія выбары праводзяцца? Вядомыя выпадкі, калі складалі новыя пратаколы па выніках падліку. Усё было недэмакратычна.

Калі ўлады будуюць для нас новае, лепшае жыцьцё, калі лічаць, што ўсё робяць правільна — дык чаго ім баяцца? І чаму ў нас увесь час пагаршаецца ўзровень жыцьця? Ці не таму, што ў саветах — зноў тыя самыя асобы, якія ня спраўдзілі спадзяваньняў беларусаў у папярэднія гады?” — напісаў настаўнік Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну.

Дзякуй вам, спадар Зіновіч, за цікавую тэму — наш карэспандэнт абавязкова пабывае ў Пружанах перад “Дажынкамі”. Гэтыя штогадовыя “фэстывалі” наладжваюцца нібыта дзеля людзей працы, але ў сапраўднасьці ператвараюцца ў высоказатратныя, непасільныя для мясцовых бюджэтаў гульбішчы. Нібыта і добрая справа — навядзеньне парадку ў раённым гарадку, асфальтаваньне вуліц, фарбаваньне фасадаў…

Але ж грошы на гэта адбіраюцца ва ўсіх астатніх райцэнтраў, якія тым часам прыходзяць у заняпад. Ды і ўслаўленьне ды ганараваньне “перадавікоў” выклікае шмат пытаньняў. Двух пераможцаў колішніх “Дажынак” з Клецкага раёну нядаўна асудзілі да розных тэрмінаў зьняволеньня ды адабралі ў іх узнагароды — несапраўднымі, прыпісанымі аказаліся іхныя перамогі.

Ліст ад Фёдара Аляксеева зь Віцебску. Слухач піша:

“Я часта слухаю “Свабоду”, “Голас Амэрыкі” і “Нямецкую хвалю”. Але асабліва мне падабаецца “Свабода”. І вельмі шкада, што вашыя перадачы даходзяць толькі да нязначнай колькасьці насельніцтва — да тых, хто мае транзыстарныя радыёпрыёмнікі.

Варта было б вам дамагацца, каб Свабоду трансьлявалі хаця б 2–3 гадзіны ў суткі па дзяржаўным радыё. Народ павінен ведаць праўду. А дзяржаўнае радыё — не асабістае Лукашэнкава, а агульнанароднае.

Нашаму народу самастойна пазбавіцца ад гэтага рэжыму немагчыма. За гады савецкай дыктатуры нас настолькі замардавалі, затуркалі, што мы ператварыліся, выбачайце за слова, у быдла. Словам, трэба вам зьвярнуцца да міжнародных сілаў і дамагчыся, каб Свабода гучала на дзяржаўным радыё. А калі наш дыктатар баіцца праўды — значыць, яму ёсьць што хаваць ад свайго народу і ад усяго сумленнага сьвету”, — робіць выснову Фёдар Аляксееў зь Віцебску.

Думаю, спадар Аляксееў, вы і сам здагадваецеся пра тое, наколькі складана ажыцьцявіць вашую прапанову. Мы спрабавалі дамагчыся рэтрансьляцыі Свабоды на тэрыторыі Беларусі яшчэ тады, калі ня ўсе рашэньні ў краіне залежалі ад адной асобы. Але і тады зрабіць гэта аказалася немагчыма, хоць у суседніх Расеі і Ўкраіне рэтрансьляцыя ўладамі была дазволеная.

Удзельнік вайны зь Менску Віктар Скараход абураны тым, што некаторыя блізкія да ўлады літаратары крытыкуюць паэта Ніла Гілевіча — за ягоныя вострапубліцыстычныя вершы ў абарону беларускай незалежнасьці й мовы. У прыватнасьці, слухача закранулі асобныя выступы Таісы Бондар. Віктар Скараход піша:

“Ясна, чаму рознага кшталту запраданцы так нападаюць на народнага паэта. Ад гэтай улады яны атрымалі пасады, ільготы, магчымасьць друкавацца. Не было б гэтага — маўчалі б, як мухі ў шчыліне. Але я веру, што ў такога волата пяра, як Ніл Гілевіч, хопіць разважлівасьці плюнуць у той бок, адкуль зьявілася абраза. З глупствам, фанабэрыяй ды паклёпам і спрачацца няма чаго”.

Супярэчнасьці, спрэчкі й рознагалосьсі паміж творчымі людзьмі — зьява частая, спадар Скараход. І зусім не абавязкова прычынамі гэтых сутычак ёсьць нейкія карысьлівыя інтарэсы, альбо палітычная кан’юнктура. Зусім магчыма, што ў спадарыні Бондар чыста эстэтычныя прэтэнзіі да вершаванай публіцыстыкі Ніла Гілевіча. Хоць, з другога боку, у дзясяткаў беларускіх літаратараў сур’ёзныя прэтэнзіі да самой Таісы Бондар — і з прычыны куды больш значнай. Адказнасьць за лёс беларускіх літаратурна-мастацкіх часопісаў, якія за мінулы год прыйшлі ў поўны заняпад, у многім ляжыць менавіта на гэтай чыноўніцы ад літаратуры.

Ліст ад Алеся Шылава зь Менску:

“У Беларусі зьнішчаецца самае галоўнае для дзяржавы і народу — мова. Магчыма, гэта страшней за вайну. Гэтае зьнішчэньне, на маю думку, пачалося з таго, што некалькі гадоў таму нехта прыдумаў адмяніць у пашпартах графу “нацыянальнасьць”. І вось у новым пашпарце ўказаньня нацыянальнасьці няма. Ну, хто палохаецца сваёй нацыянальнай прыналежнасьці? Я ўпэўнены — не беларусы. Дык чаму гэта стала ледзь не ваенным сакрэтам? І хто прымаў такое рашэньне?

Іншы раз спасылаюцца: у ЗША таксама ня пішуць нацыянальнасьць. Але там іншая справа: Злучаныя Штаты — краіна эмігрантаў. А ў Беларусі зусім іншая гісторыя. Нас увесь час імкнуліся заняволіць то палякі, то расейцы. Не выйшла. Спадзяюся, што і ня выйдзе. І гэтым трэба ганарыцца, даражыць і быць аб’ектыўнымі ў асьвятленьні гісторыі”.

Гісторыя са зьнікненьнем з пашпарту ўказаньня нацыянальнай прыналежнасьці даволі цьмяная — у Беларусі гэтая тэма пры распрацоўцы ўзору нацыянальнага пашпарту шырока не абмяркоўвалася. Чыноўнікі цяпер кажуць, што ў пашпартных аддзелах, калі будзе на тое вашая заява, нацыянальнасьць у пашпарт упішуць.

У савецкіх пашпартах нацыянальнасьць, як вядома, указвалася абавязкова. Часта гэта станавілася падставай для дыскрымінацыі паводле нацыянальнай прыкметы.

На заканчэньне кароткі ліст ад Уладзіслава Жыгалкі зь Менску, які, падобна, як многія іншыя нашыя слухачы, падазрае, што Беларускую Свабоду сталі глушыць. Уладзіслаў апісвае такі факт:

“30 сакавіка раніцай дарэмна шукаў у эфіры Беларускую Свабоду — недзе а 8-й гадзіне якраз на вашых хвалях (і гэта ўжо ня першы раз) пачалі размаўляць па мабільных тэлефонах нейкія падазроныя аўтааматары. Мо, тыя, што снуюць падчас дэманстрацыяў туды-сюды ды цікуюць за ўдзельнікамі”.

Ня думаю, спадар Жыгалка, што гэта было спосабам глушэньня нашых перадачаў. У Менску ў радыёэфіры даволі цесна — шмат радыёстанцыяў, густая сетка мабільнай і спэцыяльнай сувязі. Настройваючы свае прыймачы, многія людзі, падобна як і вы, становяцца міжвольнымі сьведкамі чужых тэлефонных размоваў.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Юры Аладзьеў з Магілёва, Генадзь Банкевіч і Мікалай Лясовіч зь Менску, Марыя Іофе зь Ліды, Зыгмунт Зялінскі зь Дзятлава, Яўген Чарнавец зь вёскі Калодзежы Чэрвеньскага раёну і Яўгенія Ўладзімірава з Горадні.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG