Часта, апісваючы сваё сёньняшняе жыцьцё, наракаючы на ягоную неўладкаванасьць і няпэўнасьць, слухачы шукаюць адказы на ўласныя шматлікія пытаньні ў нядаўняй айчыннай гісторыі. Пры гэтым самыя зацікаўленыя і эмацыйныя меркаваньні і дыскусіі – пра савецкі час ў параўнаньні з часам сёньняшнім.
Вось які ліст даслаў нам Сымон Булыга з Баранавічаў:
“Шкада, што вы ня робіце аглядаў рэгіянальных незалежных выданьняў. Няўжо не разумееце, што гэта – сувязь Свабоды з “глыбінкай”. Дасылаю вам у сувязі з гэтым артыкул зь незалежнай “Местной газеты”, які выклікаў у нас вялізныя спрэчкі – як у асяродзьдзі “вэртыкалі”, так і сярод людзей з дэмакратычнымі прыхільнасьцямі. Добра было б, каб і вы, спадар Жданко, выказалі сваё меркаваньне наконт гэтага артыкула”.
Да свайго ліста Сымон Булыга прыклаў артыкул з баранавіцкай “Местной газеты” пад назвай “Што мы згубілі, і што знайшлі”. Аўтар яго Мікалай Бруй, які называе сябе “палітолягам-аматарам”, выкладае ўласны погляд на савецкую і беларускую гісторыю апошніх дзесяцігодзьдзяў. У спадара Бруя вялікая настальгія па савецкім мінулым. Вось некалькі цытатаў зь ягонай публікацыі:
“Цэны тады дзесяцігодзьдзямі заставаліся стабільнымі. Хлеб, малако, мяса, масла, каўбаса былі даступнымі для ўсіх – ад прыбіральшчыцы да генэрала. Так, быў дэфіцыт далікатэсаў. У Маскву ішлі “зялёныя вусеніцы” – электрычкі. І ўсё ж чалавек мог гадамі зьбіраць грошы на тэлевізар, машыну, дом, дачу, не баючыся, што іх “зьесьць” інфляцыя”.
Ці яшчэ адна цытата:
“Адносіны да чалавека былі ў сто разоў больш гуманнымі, цёплымі і прыстойнымі. Рабочы ці пэнсіянэр мог знайсьці абарону ад самавольства чыноўніка калі не ў гаркаме, то ў абкаме ці нават у ЦК. На любую крытычную заметку ў друку была імгненная рэакцыя. Гадоў 15-20 таму ніводзін чыноўнік, ніводная “шмаказяўка”, надзеленая ўладай, не дазваляла сабе зь 9-й гадзіны раніцы наладжваць піцьцё кавы і абмен навінамі. А зараз на чалавека глядзяць як на нікчэмнасьць, якая замінае ім, хто мае ўладу. І за ўсё плаці. Засталося ўвесьці толькі плату за паветра, якім дыхаем.
Раней у людзей была мара, была будучыня – няхай праз экстэнсіўны шлях разьвіцьця, але была. А цяпер нашыя нашчадкі – людзі без будучыні...”
Ведаю, спадар Булыга, што пад гэтымі цытатамі ахвотна падпісаліся б многія людзі, жыцьцё якіх у параўнаньні з савецкім мінулым стала шматкроць цяжэйшым. Людзям уласьціва ідэалізаваць мінулае, у якім яны былі маладымі, дужымі, здаровымі... Хоць, калі аб’ектыўна ацэньваць савецкія рэаліі, цьверджаньні Міколы Бруя нельга назваць праўдзівымі. Не было ў Савецкім Саюзе агульнадаступных мяса, масла, каўбасы. У генэралаў ды чыноўнікаў былі “спэцпайкі”. А вось, да прыкладу, баранавіцкая прыбіральшчыца ў 1980-х гадах свабодна купіць у краме якаснае мяса або каўбасу не магла. І ня толькі па далікатэсы езьдзілі ў Маскву (ды і ў Менск) жыхары вёсак і мястэчак. І зьвесткі пра адсутнасьць у Савецкім Саюзе інфляцыі таксама моцна перабольшаныя. Урэшце, мільёны савецкіх грамадзянаў сталі ахвярамі ўласнай бесклапотнасьці, калі ў адзін момант усе іхныя ашчаджэньні абясцэніліся – і гэта стала вынікам палітыкі менавіта савецкага камуністычнага кіраўніцтва. І савецкая бюракратыя наўрад ці была больш чулай да чалавека, чым сёньняшняя. Тым больш, што многія сёньняшнія чыноўнікі працягваюць сядзець у сваіх крэслах яшчэ з часоў камуністаў.
Артыкул Міколы Бруя, аднак, ня ўпісваецца ў звыклыя схемы камуністычных прапагандыстаў. Настальгія па савецкім мінулым спалучаецца ў яго з настальгіяй па кароткім нацыянальным Адраджэньні сярэдзіны 1990-х гадоў.
“Каля чатырох гадоў у рэспубліцы красаваўся гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг і ня менш старажытны герб “Пагоня”, – піша аўтар. — А потым аднаго дня залез на дах Адміністрацыі прэзыдэнта чалавек бязь ведаў, без сумленьня, гонару і веры ў Бога – і на вачах ва ўсіх парваў на кавалкі бела-чырвона-белае палотнішча, скінуў “Пагоню”.
Увогуле, сёньняшні дзень для аўтара – гэта адны суцэльныя расчараваньні: і вёска, што імкліва дэградуе і сьпіваецца; і нямоглая апазыцыя; і засяроджаная ў адных руках улада; і распуста на тэлеэкране; і бяздушнасьць чынавенства...
Такі вось даволі дзіўны і цікавы гібрыд: спалучэньне настальгіі савецкага кшталту адначасова з сымпатыямі да нацыянальных каштоўнасьцяў і расчараваньне палітыкай Аляксандра Лукашэнкі.
Цікава, што менавіта на такія (ці падобныя на іх) настроі арыентаваўся Аляксандар Лукашэнка, ідучы да ўлады, а потым імкнучыся гэтую ўладу захаваць. Захаваць савецкія заваёвы ён, аднак, ня здолеў. І гэта, выглядае – галоўнае расчараваньне для ўчорашняга ягонага электарату.
Ліст ад Міхаіла Адаркіна з Гомеля:
“Часам задумваюся: чаму мы так кепска жывём? У маім родным сяле да рэвалюцыі 1917 году былі чатыры ветраныя млыны, крупадзёрка. Адзін наш заможны аднавясковец на ўласныя грошы нават пабудаваў царкву.
З таго часу многае зьмянілася. Ветракі згарэлі падчас вайны. Крупадзёрку разваліў калгас. Чалавека, які пабудаваў царкву, даўно забылі. А па вясковай вуліцы ні праехаць, ні прайсьці.
Адна добрая справа была зробленая за восемдзесят гадоў: 23 гады таму старшыня калгаса пабудаваў лазьню. Але чымсьці не дагадзіў начальству – і яго зьнялі. Новаму старшыні лазьня патрэбна не была – і з таго часу паглядае яна на сьвет пустымі вачніцамі вокнаў.
Дзед мой да рэвалюцыі меў чатырох кароў, пару коней, вялікую гаспадарку. Усё гэта ў яго адабралі і дзякуй не сказалі.
...Дзіўна, што дагэтуль ніхто не падвёў тлустую рысу пад марксісцкім вучэньнем – хоць бы з дапамогай міжнароднага суду. А марксізм дапусьціў дзьве вялікія недаравальныя памылкі: разграміў рэлігію і адабраў прыватную ўласнасьць. Дзе людзі вераць у Бога – там і жыцьцё годнае. Вазьміце Амэрыку, Японію, Нямеччыну... Сам Бог ім дапамагае. А іншы прыклад: камуністычная бязбожная Паўночная Карэя галадае, а Паўднёвая, дзе шануюць Бога і прыватную ўласнасьць – квітнее. Разумныя людзі вучацца на чужых памылках, а мы, беларусы, усё больш на сваіх уласных”.
Заканчвае свой ліст Міхаіл Адаркін з Гомеля наступным зваротам да Аляксандра Лукашэнкі:
“Хутка мы, Аляксандар Рыгоравіч, будзем адзначаць вашае 50-годзьдзе. Конь на чатырох нагах, і то, бывае, спатыкаецца. Што ўжо казаць пра чалавека. Напэўна, вы ведаеце пра галадамор 1933 году, калі ў выніку палітыкі бальшавікоў з голаду памерлі сотні тысячаў людзей. А сёньня ў нас на Гомельшчыне з голаду пухне быдла. А вашы чыноўнікі ад гэтых няшчасных кароў патрабуюць малака. Калі б жывёлы маглі гаварыць, дык ужо даўно падалі на вас у міжнародны суд.
Подпіс: Міхаіл Адаркін, Гомель”.
Ня думаю, спадар Адаркін, што патрэбны суд над марксізмам як над тэарэтычным вучэньнем. А вось практычнае ўвасабленьне марксісцкай тэорыі ў выкананьні расейскіх бальшавікоў, сапраўды, магло б стаць прадметам разгляду міжнароднага трыбуналу. Справа тут ня толькі ў зьнішчаных цэрквах і адабранай уласнасьці. Дзясяткі мільёнаў жыцьцяў былі ахвяраваныя дзеля ўтапічных ідэяў – сталі лягерным пылам, зьніклі бязь сьледу ў шматлікіх Курапатах. Цэлыя пакаленьні былі скалечаныя ідэалёгіяй, пабудаванай на тэорыі клясавай і сацыяльнай нянавісьці. Наступствы ўсяго гэтага, спадар Адаркін, вы вельмі пераканаўча апісалі на прыкладзе сваёй некалі заможнай вёскі.
На заканчэньне – ліст ад былога настаўніка Ўшакоўскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёну Івана Яскевіча. Сям’я Яскевічаў – адна зь дзясяткаў тысячаў тых, якія пасьля чарнобыльскай катастрофы вымушаныя былі перасяліцца ў чужыя мясьціны. Зараз былы настаўнік жыве ў вёсцы Гавяды Шклоўскага раёну, і апісвае нядаўні выпадак, які вельмі ўразіў усю вёску:
“Неспадзявана на нашай Усходняй вуліцы спыніліся дзьве машыны – “Мэрсэдэс” і вялікі фургон. Аказалася, гэта дэлегацыя зь Нямеччыны адведвала ў Шклоўскім раёне сем’і дзяцей, якія мінулым летам былі там на аздараўленьні. Кіраўнік дэлегацыі Бэтына Шміт, прыветлівая, абаяльная, добразычлівая жанчына ўсім дзецям і жыхарам пасёлка, якія сабраліся ля машынаў, выдала пасылкі – каму большыя, каму меншыя. Мне дасталася вялікая пасылка вагой больш за паўпуда. У пасылцы – пакеты з макаронамі, рысам, грэчкай, рознымі ласункамі... Сабе з гаспадыняй Соф’яй Ларывонаўнай мы ўзялі два пачкі пячэньня і пяць шакаладак. А новую жаночую куртку, што была ў пасылцы, усе прадукты аддалі суседцы – Алёне Лявонцьеўне Андрэйкавец, і яе дочанькам – трохгадовай Ангелінцы і пяцігадовай Марыйцы”.
Іван Яскевіч ад імя жыхароў пасёлка і іхных дзетак просіць перадаць шчырую падзяку спадарыні Бэтыне Шміт, а таксама паведамляе што зь цікавасьцю штодня слухае беларускую Свабоду.
Ваш добры ўчынак, спадар Яскевіч, яшчэ раз пераконвае, што міласэрнасьць і спагада заўсёды маюць працяг – у душах тых, хто быў сагрэты цяплом, здавалася б, зусім чужых, незнаёмых і часам нават незразумелых людзей. Заўсёды, калі чытаю лісты пра гэтыя самаахвярныя ўчынкі спагадлівых грамадзянаў Нямеччыны, Ірляндыі, Амэрыкі – задаю сабе пытаньне: а калі апошні раз зьяўляліся на вуліцах гэтых занядбаных чарнобыльскіх вёсачак падобныя беларускія ці расейскія грузавікі з гуманітарнай дапамогай? Яны ідуць куды заўгодна – у Югаславію, Ірак, Афганістан – толькі не да сваіх абяздоленых суграмадзянаў.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алена Нартава зь вёскі Яроміна Гомельскага раёна, Алесь Марціновіч з Баранавічаў, Валер Марозаў з Магілёва і Леанід Сьцепанееў з Мазыра.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by