Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нямеччына і Францыя прадалі дэмакратыю за расейскія газ і нафту”


Валянцін Жданко, Менск

Пытаньне, якое часта паўтараецца ў лістах на тэму вайны ў Іраку: “Чаму заходнія краіны ня здолелі стварыць больш шырокую антыірацкую кааліцыю? Ці ня ёсьць гэта праявай крызысу НАТО і Эўразьвязу?” Гэтыя пытаньні задае, у прыватнасьці, наш сталы слухач Мікола Саскевіч з Калінкавічаў. У сваім новым лісьце ён піша:

“На мой погляд, Нямеччына і Францыя за маскоўскія газ і нафту прадалі сваю дэмакратыю, унесьлі раскол у НАТО і Эўразьвяз, а значыць, прадалі і эўрапейскую бясьпеку. А таксама прадалі Маскве нашу радзіму Беларусь, нанёсшы ўдар у сьпіну беларускім дэмакратычным сілам (Я маю на ўвазе прызнаньне кішэннага беларускага парлямэнту.) Цяпер мы засталіся сам-насам са сваёй страшнай хваробай. Я спадзяюся толькі на Злучаныя Штаты.

...Мне ўспамінаецца 1939 год, калі камуністычная Расея і фашысцкая Нямеччына наладзілі сумесны вайсковы парад у Берасьці з нагоды крывавага падзелу Польшчы паміж імі. Мне здаецца, нешта падобнае адбываецца і цяпер (маю на ўвазе змову Масквы, Бэрліна і Парыжу ў стаўленьні іх да вайсковай апэрацыі ў Іраку)”.

Параўнаньне, спадар Саскевіч, на маю думку, не зусім карэктнае. Ніхто з эўрапейскіх лідэраў не ўхваляе рэжым Садама Хусэйна і ніхто не аспрэчвае, што праблему раззбраеньня Іраку трэба вырашаць. Супярэчнасьці ўзьніклі, калі дайшло да канкрэтнага пытаньня: як утаймаваць Садама Хусэйна, прымусіць яго лічыцца з воляй міжнароднай супольнасьці.

Дзіўна, што вы лічыце гэтыя рознагалосьсі здрадай дэмакратыі — хутчэй гэта ёсьць праявай дэмакратыі і сьведчаньнем таго, што Вашынгтон не камандуе эўрапейскімі сталіцамі, што ў іх (нягледзячы на сяброўства ў НАТО) самастойная зьнешняя палітыка.

Да іншых тэмаў. У нашай пошце па-ранейшаму нямала лістоў, напісаных пад уражаньнем нядаўніх мясцовых выбараў. Думка, якая гучыць у многіх допісах: у сёньняшняй Беларусі цяжка спадзявацца на сумленныя і справядлівыя выбары. Настаўнік Уладзімер Зьвернік зь мястэчка Чысьць Маладэчанскага раёну адклікнуўся на ліст Ірыны Барысевіч зь мястэчка Парэчча Гарадзенскага раёну, які прагучаў па Свабодзе 21 сакавіка. Слухачка пісала пра абмежаваныя паўнамоцтвы саветаў, сьціплыя магчымасьці дэмакратычных кандыдатаў і несумленныя мэтады барацьбы, ужытыя ўладай падчас выбарчай кампаніі. І на падставе гэтага зрабіла выснову: удзельнічаць у мясцовых выбарах апазыцыі не было сэнсу.

Уладзімер Зьвернік з гэтай высновай не пагаджаецца. Ён чатыры гады быў дэпутатам свайго пасялковага савету, і пераканаўся: хоць грошай саветы ня маюць, але дэпутат сваёй настойлівасьцю здольны дамагчыся нямала. Слухач піша:

“Сваёй мэтай я адразу паставіў дапамагаць людзям у вырашэньні іх вялікіх і маленькіх праблемаў пры дапамозе дэпутацкіх запытаў. Не заўсёды гэта мела плён, але сёе-тое ўдалося зрабіць”.

Далей Уладзімер Зьвернік называе прыклады: дамогся, каб камунальныя службы пясок для дзятвы ў двор завезьлі; каб паштавікі газэтны шапік на вуліцы адкрылі; каб дзяржаўтаінспэкцыя абмежавала хуткасьць руху аўтамабіляў ля школьнага будынка...

“Скажаце, усё гэта дробязі? — пытаецца Ўладзімер Зьвернік. — Так, але мае выбарцы думаюць інакш. Мне было што казаць на сэсіях. Тым больш, што іншыя дэпутаты, асабліва зь ліку розных кіраўнікоў, у справаздачах абмяжоўваліся згадкамі пра сваю прафэсійную дзейнасьць... Ва ўсякім разе, мая актыўнасьць была заўважаная, і кіраўніцтва нават казала, што гатовае мяне на руках унесьці ў Чысьцінскі савет на выбарах. Але раптам яны заўважылі, што разам са мной на выбары ідзе цэлая каманда маіх сяброў з Аб’яднанай грамадзянскай партыі. І тады з райвыканкаму прагучала каманда “фас”.

Уладзімера Зьверніка не зарэгістравалі кандыдатам на той падставе, што ён нібыта няправільна ўказаў у анкеце сваю прафэсію. Звароты ў суд не дапамаглі. Але былы дэпутат не апускае рукі. Ён піша:

“Што ж, справа для нашай краіны звыклая. Але менавіта таму, паважаная спадарыня Ірына, і трэба сумленным людзям прабівацца ў дэпутаты, патрабаваць зьменаў выбарчага заканадаўства, мяняць сытуацыю ў краіне, каб такіх пачварных справаў больш ніколі не было”.

З вашымі высновамі, спадар Зьвернік, відавочна, пагодзяцца тыя сотні актыўных і зацікаўленых людзей, якія, нягледзячы на ўсе перашкоды, змагаліся за месцы ў мясцовых саветах. Нямногім удалося дамагчыся перамогі, пераадолець несправядлівасьць, злоўжываньні і неаб’ектыўнае стаўленьне прызначаных уладай выбарчых камісіяў. Але вы, спадар Зьвернік, больш, чым многія іншыя ведаеце, як многа можа зрабіць нават адзін актыўны і неабыякавы чалавек нават у нізавым савеце, які не надзелены ні значнай уладай, ні грашыма.

На тэму апошніх апазыцыйных шэсьцяў выказаўся наш слухач Юры Магонаў зь Менску. Ён піша:

“На маю думку, асноўная прычына няўдачаў дэмакратычных сілаў — іхная разьяднанасьць. Мэта як быццам адна — стварэньне незалежнай і па-сапраўднаму дэмакратычнай дзяржавы. Але шляхі, якія выбіраюць партыі і рухі — розныя. І гэта вельмі даспадобы рэжыму. Таму ён не слабее, а наадварот — толькі ўмацоўваецца.

Мне здаецца, цяпер настаў самы спрыяльны час, каб ініцыяваць датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. Гэтая ідэя можа аб’яднаць усе дэмакратычныя партыі і плыні”, — лічыць Юры Магонаў зь Менску.

Ня думаю, спадар Магонаў, што ідэя датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў рэалістычная. Пры сёньняшніх абставінах, калі няма самастойнага парляманту і Канстытуцыйнага суду, калі апазыцыя ня мае сваіх прадстаўнікоў у органах улады і доступу да сродкаў масавай інфармацыі — у гэтай ініцыятывы няма ніякіх шанцаў на рэалізацыю. І нават як прапагандысцкі лёзунг яна выглядае ня дужа своечасова — ва ўмовах, калі мала хто сумняецца, што Аляксандар Лукашэнка не зьбіраецца сыходзіць ня тое што датэрмінова, нават пасьля ўсіх адведзеных яму Канстытуцыяй тэрмінаў.

Вялікай уласнай бядой падзялілася ў сваім лісьце на Свабоду Лілія Шчарбакова з Ушачаў. Каля двух гадоў таму яна выправіла ў войска свайго сына. Служыў ён там, піша спадарыня Шчарбакова, як належыць, быў дысцыплінаваны, стаў сяржантам. Маці чакала сына дахаты. І тут надарылася бяда. Слухачка так распавядае пра гэта:

“Майго сына абралі ахвярай — так бы мовіць, “павесілі” на яго злачынства, якога ён не ўчыняў. Доказаў ягонай віны не было, справу сфальшавалі. Зроблена гэта было дзеля таго, каб высокія начальнікі не пазбавіліся сваіх пагонаў і зорак. Я пачала змагацца зь несправядлівасьцю — верыла, што дамагуся праўды. Тэлефанавала на “гарачую лінію”, зьвярталася ў прэзыдэнцкую камісію, у лігу правоў чалавека. Але хіба яны дапамагаюць?

Тым часам на майго сына ціснулі, пагражалі, прымушалі падпісваць дакумэнты. Пяцёх салдатаў вымусілі сьведчыць супраць яго. І калі сыну заставалася ўсяго два месяцы да дэмабілізацыі, яму прад’явілі абвінавачаньне. Я зразумела, што змагацца з вайсковай мафіяй няма сэнсу. І тады аформіла сыну замежны пашпарт і выправіла яго ў Польшчу, каб яго тут не зрабілі інвалідам.

...Мне вельмі крыўдна, што майго сына незаслужана пазбавілі Радзімы, а мяне — сына. Я выхоўвала яго бяз бацькі, і гэта самае дарагое, што ў мяне ёсьць.

Калі ўлады даведаліся, што я дапамагла сыну ўцячы, сталі “апрацоўваць” мяне — наладжвалі ператрусы, падключылі міліцыю, усяляк парушалі мае правы. Дапамажыце мне — больш па дапамогу зьвяртацца няма куды”.

Можна зразумець вашае імкненьне, спадарыня Шчарбакова, любымі спосабамі абараніць сына, якога вы лічыце невінаватым. На жаль, у беларускім войску з савецкага часу захавалася шмат непрывабных зьяваў — калі маладых салдатаў прыніжаюць, зьбіваюць, нават даводзяць да самагубства.

Вы не паведамляеце падрабязнасьцяў гісторыі вашага сына, але, мяркуючы па ўсім, ён быў замешаны ў адным з падобных канфліктаў. Я не магу быць судзьдзём у вашай справе (тым больш, маючы так мала інфармацыі) але тое, што ні адна з інстанцыяў, куды вы зьвярталіся (а гэта былі і недзяржаўныя ўстановы) не стала на ваш бок, усё ж насьцярожвае.

Пастаўце сябе на месца маці тых маладых салдатаў, якіх прыніжалі ў казарме, дзе ваш сын быў сяржантам. Як яны могуць абараніць сваіх дзяцей?

На заканчэньне — кароткі ліст ад Аляксандра Ціханава з Глуску Магілёўскай вобласьці.

“Зь пераходам на летні час згубіў частоты станцыяў, якія раней слухаў. А мой радыёпрыймач мае частотную індыкацыю хваляў, і мне важна ведаць дакладныя частоты. Калі ласка, дашліце нейкі даведнік ці выпіску зь яго аб часе і частотах вяшчаньня Беларускай Свабоды”.

Выконваем вашу просьбу, спадар Ціханаў, і дасылаем некалькі рэклямных каляндарыкаў Беларускай Свабоды зь летнім раскладам нашых перадачаў.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алесь Цадко з Маладэчна, Віктар Баранаў з Рагачова і Мікалай Данілаў зь вёскі Сталка Чавускага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG