Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шукайце сярод апазыцыйных актывістаў інфарматараў КГБ”


Валянцін Жданко, Менск

На мінулым тыдні ў нашай пошце заўважна павялічылася колькасьць лістоў на тэму вайны ў Іраку і падзеяў вакол гэтай вайны. У Беларусі, як і ў іншых краінах, супярэчлівае стаўленьне да гэтай тэмы. Людзі спачуваюць ахвярам вайны, але многія таксама задумваюцца наконт прычынаў і наступстваў гэтага канфлікту. Вось якімі думкамі падзяліўся наш даўні слухач Мікола Саскевіч з Калінкавічаў:

“У Беларусі многія чулі выступ Уладзімера Пуціна пасьля таго, як войскі кааліцыі пачалі ваенную апэрацыю супраць багдадзкага дыктатара Садама Хусэйна. Я абураны словамі Пуціна пра тое, што ён, маўляў, “не прымае сілавыя мэтады кулачных баёў”. І гэта гаворыць чалавек, вінаваты ў разьвязваньні жорсткай вайны супраць незалежнай Ічкерыі. Выяўленыя сотні выпадкаў, калі расейскія акупанты зьнішчалі й рабавалі мірнае насельніцтва, гвалцілі чачэнскіх дзяўчат, зьнішчалі мусульманскія сьвятыні.

А Злучаныя Штаты вядуць у Іраку вызваленчую і справядлівую вайну. Яны ратуюць ірацкі народ ад крывавага дыктатара, які нападаў на суседнія краіны, ужываў хімічную і біялягічную зброю супраць курдаў. Вынікам ягонай палітыкі сталі шматлікія беды простага народу, недахоп харчаваньня і лекаў. Між тым, сам Хусэйн купаўся ў раскошы і будаваў для сябе палацы з золата.

Як толькі Амэрыка вызваліць Ірак ад дыктатара, ірацкі народ з дапамогай ЗША і іхных саюзьнікаў вельмі хутка адновіць заможнае жыцьцё, і жыцьцёвы ўзровень іх будзе такі ж высокі, як і ў іншых краінах Пэрсідзкай затокі, багатых нафтай”.

Заканчвае свой ліст Мікола Саскевіч з Калінкавічаў наступным паведамленьнем:

“Еду ў Менск, каб на Дзень Волі ўдзельнічаць у акцыі пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі. Хачу падтрымаць Злучаныя Штаты, таму буду трымаць у руках два сьцягі — бел-чырвона-белы беларускі і зорна-паласаты амэрыканскі. Гэта сьцяг свабоды. Сумна толькі, што няма за што набыць квіток, давялося аддаць апошнія грошы”.

Сваё абяцаньне спадар Саскевіч, відавочна, выканаў — многія бачылі 23 сакавіка на плошчы Незалежнасьці чалавека з двума сьцягамі ў руках. Гэта, дарэчы, дало потым падставу афіцыйнай прапагандзе для абвінавачаньняў на адрас апазыцыі — яна, маўляў, падтрымлівае вайну ў Іраку.

Увогуле, спадар Саскевіч, вашае мужнае жаданьне адкрыта адстойваць сваю пазыцыю, нават калі яе многія наўкол не падзяляюць, вартае павагі. Хоць, можа, і не заўсёды варта ахвяраваць апошнімі грашыма дзеля таго, каб публічна выказаць уласнае меркаваньне ў гэтай глябальнай праблеме.

Натуральна, вайна прынесла шмат бяды, і можна зразумець тых людзей, якія занепакоеныя гэтым. Хоць урэшце, ірацкі народ паьля вайны, без Хусэйна і безь міжнародных эканамічных санкцыяў, без сумневу, адчуе палёгку — тут вы, спадар Саскевіч, маеце рацыю.

Ліст ад Міхаіла Адаркіна з Гомеля, на іншую тэму:

“Нас, беларусаў, дзесяць мільёнаў, а талковых думак наконт таго, якую дзяржаву будаваць — няма. Усё нешта выдумваем — замест таго, каб вучыцца ў тых, хто даўно ўжо жыве лепш за нас. Паглядзіце на тыя ж Швайцарыю, Нямеччыну, Амэрыку...

Зважаючы на дэфіцыт падобных ідэяў, Міхаіл Адаркін распрацаваў уласную праграму пераўтварэньняў у Беларусі. Праграма вельмі ляканічная, складаецца ўсяго зь пяці пунктаў:

“Першае. Даць свабоду слова.
Другое: скасаваць прэзыдэнцкую рэспубліку і аднавіць парлямэнцкую.
Трэцяе: аб’яднаць усе палітычныя партыі ў дзьве — Дэмакратычную Рабочую і Дэмакратычную Сялянскую.
Чацьвертае: увесьці прыватную ўласнасьць на зямлю.
І пятае: стварыць пры сельсаветах пункты пракату тэхнікі й коней, каб сялянам было чым апрацоўваць зямлю.

Калі мы ўсё гэта зробім, дык Беларусь хутка паднімецца і ажыве. А яшчэ я раю беларускаму народу купляць кароткахвалевыя радыёпрыёмнікі кшталту “Акіяна-209”. Тады мы будзем разьбірацца і ў палітыцы, і ў жыцьці. Бо дзяржаўнае радыё — гэта пустата і падман. Лепш бы ўжо аддалі эфір царкве — усё больш карысьці было б”, — такія парады дае Міхаіл Адаркін з Гомеля.

Талковая праграма, спадар Адаркін. Асабліва мне спадабаўся пяты пункт — наконт пракату коней пры сельсаветах. Думаю нават, што стварыць такую службу маглі бы, аб’яднаўшыся, некалькі заможных вяскоўцаў, якія маюць уласных коней. Бо чакаць прадпрымальнасьці ад сельсаветаў, у якіх, як вядома, ні грошай, ні коней няма — наўрад ці выпадае.

Што да астатніх пунктаў праграмы, то і свабоду слова, і парлямэнцкую рэспубліку, і прыватную ўласнасьць на зямлю ў Беларусі давядзецца пэўны час чакаць. Тут у вас, спадар Адаркін, і ў беларускіх уладаў прынцыповыя разыходжаньні ў праграмах.

Ліст ад Мікалая Вязьміна зь Менску:

“У цяперашняй так званай апазыцыі шмат “стукачоў”, а яшчэ больш “стукачак”. Жанчыны лёгка ўнушальныя, і спэцслужбы гэтым карыстаюцца. Дасылаю вам расповед пра адну такую таемную інфарматарку спэцслужбаў, якая цяпер нібыта інтэнсіўна працуе на ніве дэмакратычнай юрыспрудэнцыі і ўжо нават здабыла пэўную вядомасьць”.

У гэтым сваім расповедзе пад назвай “Цень зь мінулага” Мікалай Вязьмін называе шырока вядомае ў дэмакратычным асяродку імя. Больш чым сур’ёзныя абвінавачаньні слухача грунтуюцца на ўспамінах пачатку васьмідзясятых гадоў, калі ён часта заходзіў да аднае сваёй знаёмай юрысткі ў адвакацкую кантору. Мікалай Вязьмін піша:

“Пра што размаўлялі адвакат і беларускі Сахараў — пытаньне думаю, рытарычнае. Было што хаваць”.

(Заўважу, што пад “беларускім Сахаравым” слухач мае на ўвазе ўласную пэрсону.)

І вось аднаго разу знаёмая перапыніла размову са спадаром Вязьміным, калі ў кабінэт зайшла згаданая асоба.

“Цішэй, — перапыніла спадара Вязьміна субяседніца. — Пры гэтай асобе не кажыце нічога. Гэта з “шаптуноў”, як мы іх называем. Яна “стукае” ў КГБ. Мы яе выявілі”.

І вось праз дваццаць гадоў Мікалай Вязьмін падчас аднаго з судоў над абаронцамі Курапатаў са сьпіны нібыта пазнаў тую асобу ў вядомай адвакатцы, якая абараняе апазыцыйных актывістаў.

Нягледзячы на вашую просьбу, спадар Вязьмін, ня буду называць прозьвішча гэтай асобы, якую вы лічыце сакрэтным агентам КГБ. На пачатку 80-х гадоў фактычна ў любым калектыве людзі апасаліся публічна выказваць свае думкі й падазрона прыглядаліся да калегаў. Прычым, чуткі пра сакрэтнае супрацоўніцтва з КГБ нярэдка ўзьнікалі толькі на глебе асабістай непрыязнасьці да каго-небудзь.

А высунутыя вамі сур’ёзныя абвінавачаньні грунтуюцца толькі на чутках. Заўважу таксама, што вашае параўнаньне сябе з Сахаравым гучыць ня надта сьціпла. Магчыма, варта было б дачакацца таго часу, калі такія параўнаньні адносна вас будуць ужываць іншыя?

На заканчэньне ліст ад Якава Ішчука з Наваполацку:

“Хацелася б ведаць, чаму нашым дактарам плацяць толькі за тое, што яны вялікадушна зьяўляюцца на працы (прытым, нярэдка — зь вялікім спазьненьнем). Яны шмат і ахвотна ныюць, што ім мала плацяць. А за што плаціць? Хто зь іх калі адказаў за пакутніцкую сьмерць пацыента? Лечаць яны абы з рук, як атрымаецца. А вось пісаніну ў дакумэнтах вядуць старанна, не падкапаесься.

Кладзеш потым на стол у пракуратуру мэдычную карту хворага, распавядаеш, як зь яго зьдзекаваліся, а там нават заяву адмаўляюцца браць. Кажуць: “Ня маем права”.

Летась у Польшчы выкрылі дактароў-злачынцаў, якія злоўжывалі становішчам, губілі пацыентаў. Але там ім не далі разгуляцца — злавілі, давялося адказваць. І гонар белага халата, гонар краіны ад гэтага не пацярпеў. А ў нас гэты гонар разумеюць па-свойму. Калі бракароб, злачынца дзяржаўны, то яго судзіць нельга. Свой свайго абараняе. І ніякага табе народнага кантролю, ніякай непажаданай прэсы”, — напісаў Якаў Ішчук з Наваполацку.

Сапраўды, спадар Ішчук, ад беларускіх дактароў у адказ на прэтэнзіі да якасьці іхнай працы часам нават адкрыта можна пачуць апраўданьне: “Як нам плацяць, так мы і лечым”. Натуральна, такія словы ня могуць служыць аргумэнтам у сытуацыі, якую апісваеце вы — калі спрэчка даходзіць да судовага разьбіральніцтва. Адпаведныя законы пра адказнасьць мэдыцыны ў Беларусі ёсьць, іншая справа — як яны дзейнічаюць. І, калі грунтоўна аналізаваць гэтую праблему, у любым выпадку размова вернецца да пытаньняў фінансаваньня мэдыцыны, матэрыяльнай зацікаўленасьці пэрсаналу, забесьпячэньня шпіталяў сучасным абсталяваньнем. Пагадзіцеся, немагчыма спадзявацца, што вас якасна абслужаць у шпіталі, у якім фактычна няма лекаў, а зарплата доктара роўная зарплаце грузчыка, і на яе немагчыма пракарміць сям’ю.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Ўладзімер Міновіч зь вёскі Чарэя Чашніцкага раёну, Віктар Баранаў з Рагачова, Уладзіслаў Міцкевіч з Браслава, Юры Магонаў і Мікалай Лясовіч зь Менску, Лілія і Тамара Шчарбіцкія з Вушачаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG