Ужо некалькі дзён галоўная падзея для ўсяго сьвету — ваенная апэрацыя Злучаных Штатаў і саюзьнікаў супраць ірацкага рэжыму. У Беларусі, як і ў іншых краінах, супярэчлівае стаўленьне да гэтай вайны. Гэта знаходзіць адлюстраваньне і ў нашай пошце. Вось які ліст даслала Любоў Яцэвіч з Маладэчна. Яна піша:
“Ва ўсім сьвеце, у тым ліку ў Амэрыцы, на антываенныя акцыі выходзяць сотні тысяч людзей. Лічыцца, што ў Беларусі асабліва эмацыйнае стаўленьне да войнаў — пра гэта ўвесь час гаворыце і вы, і афіцыйныя ўлады. Маўляў, жывая яшчэ памяць пра другую ўсясьветную вайну зь яе шматмільённымі ахвярамі.
Але паглядзіце: на пікеты супраць вайны ў Іраку выйшла ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек, і то гэта былі пераважна арабы ды састарэлыя камуністы... Так што антываенныя настроі беларусаў моцна перабольшаныя. Калі б Злучаныя Штаты набіралі добраахвотнікаў, дык я ўпэўненая, што многія запісаліся б. Ліст ад аднаго такога ахвотнага нават гучаў у вашай перадачы.
Зрэшты, запісваліся б, думаю, ня столькі ад жаданьня ваяваць, колькі ад безвыходнасьці. Калі няма за што карміць дзяцей, а працу знайсьці немагчыма (як сёньня ў многіх калгасах і невялікіх гарадах Беларусі), дык гатовы будзеш на ўсё, у тым ліку ваяваць”, — напісала Любоў Яцэвіч з Маладэчна.
У Беларусі, сапраўды, грамадзкая рэакцыя на падзеі ў Пэрсідзкай затоцы ня дужа заўважная. Цяжка ўявіць, што на антываенную (ці, напрыклад, антыірацкую) маніфэстацыю на вуліцы Менску выйшлі дзясяткі тысяч людзей. Ня думаю, спадарыня Яцэвіч, што прычына тут у нейкім асаблівым стаўленьні беларусаў да вайны. Проста ў людзей шмат праблемаў, якія яны лічаць (і часта небеспадстаўна) намнога важнейшымі для сябе, чым далёкая вайна. Да таго ж у Беларусі няма такіх магутных пацыфісцкіх арганізацыяў, як на Захадзе.
Апроч таго, у грамадзкай сьвядомасьці ў Беларусі пагроза тэрарызму не ўспрымаецца так абвострана, як на Захадзе. Беларускія ўлады так пасьлядоўна наладжваюць кантакты з дыктатарскімі рэжымамі, у тым ліку тымі, што падтрымліваюць ісьлямісцкія радыкальныя рухі, што і ў сьвеце, і ў краіне замацавалася стэрэатыпнае ўяўленьне пра Беларусь як пра месца, дзе да рознага кшталту сумнеўных рэжымаў ставяцца з сымпатыяй. А таму, маўляў, з пункту гледжаньня верагоднасьці тэрактаў яно больш бясьпечнае, чым іншыя. Хоць толькі з гэтай прычыны адчуваць сябе ў бясьпецы, на маю думку, не выпадае.
Мікалай Слуцкі ў сваім чарговым лісьце разважае пра тое, чаму Аляксандар Лукашэнка ня выказаў задавальненьня з тае нагоды, што Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ ўключыла ў свой склад Палату прадстаўнікоў. Слухач піша:
“Думаю, прычына ў тым, што ў Палаце прадстаўнікоў зьявілася ня толькі апазыцыйная фракцыя “Рэспубліка”, але і яркая асоба, кіраўнік гэтай фракцыі — трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч. Лукашэнка, верагодна, убачыў у ім будучага небясьпечнага суперніка.
Парфяновіч — гэта вам не Ганчарык. Вядомая асоба, многія ведаюць яго у твар яшчэ з тых часоў, калі ягонае імя грымела на ўвесь Саюз. Да таго ж, гэта моцны, сьмелы чалавек. Ягоны ўдзел у працы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ і ў наступных парлямэнцкіх выбарах дадасьць яму вядомасьці.
Да таго ж, Уладзімер Парфяновіч, мяркуючы па ўсім, чалавек амбітны. Барацьба на выбарах фізкультурніка-аматара Лукашэнкі з прафэсійным спартоўцам і алімпійскім чэмпіёнам Парфяновічам яўна нявыгадная Лукашэнку. І Лукашэнка раней за апазыцыю зразумеў гэта. Думаю, апазыцыі трэба больш пільна прыгледзецца да асобы Парфяновіча”, — лічыць Мікалай Лясовіч зь Менску.
Уладзімер Парфяновіч, сапраўды, адметная асоба. А менавіта на адсутнасьць новых імёнаў наракаюць усе, хто разважае пра крызыс дэмакратычнай апазыцыі. Пакуль рана казаць пра суперніцтва Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Парфяновіча, але тое, што беларускі лідэр надзвычай нэрвова рэагуе на дзейнасьць гэтага дэпутата — відавочна.
Як, зрэшты, відавочна і тое, што падчас наступных прэзыдэнцкіх выбараў шанцы на посьпех у змаганьні з Лукашэнкам можа мець толькі моцны новы палітык — не са старой кагорты, якая ня вытрымала выпрабаваньне ў 2001 годзе.
Звычайна ў лістах, пішучы пра якасьць прыёму, слухачы наракаюць на тое, што слухаць Беларускую Свабоду цяжка — шмат перашкодаў у эфіры. Многія нават задаюць пытаньне: ці не ўключылі зноў улады старыя савецкія “глушылкі”? А вось у настаўніка гісторыі Мікалая Волчыка зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну іншы пункт гледжаньня на гэтую праблему. Ён піша:
“Той, хто думае, што Свабоду глушаць, памыляецца. Перашкодаў няма. Пра тых, хто гэтым у свой час займаўся і дзе былі гэтыя аб’екты (так званыя “глушылкі”) мне добра вядома (вайсковы досьвед). А цяжкасьці з прыёмам можна патлумачыць проста: іншы раз іёнасфэра, магнітныя буры ўносяць свой расклад у распаўсюд сыгналу. А наогул, вашыя тэхнічныя службы працуюць выдатна!”
Сам Мікалай Волчык слухае Свабоду з дапамогай прыймача “Казахстан” з вонкавай антэнай, і ацэньвае чутнасьць на “пяцёрку з плюсам”. Ад сябе дадам, што многае ў гэтай справе, відавочна, залежыць ад антэны, і ў некаторых мясцовасьцях, сапраўды, вонкавая антэна можа вырашыць многія праблемы.
Ліст ад Івана Савіча зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну:
“Слухаю вас ужо гадоў пяць-шэсьць. Не ўяўляю сабе без Свабоды ніводнага выходнага вечара. Канечне, жывучы ў вёсцы, ня кожны дзень ёсьць час слухаць радыё, асабліва на кароткіх і сярэдніх хвалях. А слухаць Свабоду ў FM-дыяпазоне, як я разумею, пакуль што марыць не прыходзіцца. Што зробіш, такі ўжо ў на час настаў.
Але нішто не стаіць на месцы. А ў Беларусі час заўсёды адставаў ад рэальнасьці. Так было, напрыклад, пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі ў гарадах яшчэ паўстагодзьдзя галоўнай мовай заставалася польская. Так і зараз: мы адстаем ад часу, для нас гэта як норма”.
Далей Іван Савіч зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну працягвае тэму, узьнятую Эдуардам Тобіным са Смалявічаў, ліст якога я цытаваў у перадачы 7 сакавіка. Размова тады, нагадаю, ішла пра паходжаньне словаў “Літва” і “ліцьвіны”. Эдуард Тобін, спасылаючыся на гістарычныя зьвесткі, настойвае, што беларусаў і Беларусь трэба называць ліцьвінамі і Літвой.
Іван Савіч таксама лічыць праблему назвы надзвычай важнай. Ён піша:
“Недзе ў 19 стагодзьдзі нашая нацыянальная сьвядомасьць была пахаваная: мы былі Літвой і ліцьвінамі, а сталі Беларусьсю і беларусамі. А вось Украіна наадварот: была Маларосіяй, апірышчам праваслаўя, а паглядзіце, што сёньня — там нават Папа Рымскі Ян Павал ІІ пабываў.
Праз тое, што мы перасталі быць Літвой, мы і Вільню страцілі. А гэта ж ня проста горад, гэта цэлая эпоха нашай гісторыі. Маюць рацыю тыя, хто кажа: як лодку назавеш, так яна і паплыве”.
Я ўжо адказваў Эдуарду Тобіну на ягонае патрабаваньне называць сучасную Літоўскую Рэспубліку Летувой, а беларусаў — ліцьвінамі. Праблема гэтая належыць гісторыі. Можна наракаць на нашых продкаў, якія ў гісторыю не паглыбляліся і ў 1918 годзе абвесьцілі Беларускую (а не Літоўскую) Народную Рэспубліку. Але перапісаць гэты факт немагчыма. Як немагчыма зьмяніць і тое, што ў 1991 годзе была абвешчаная незалежная Рэспубліка Беларусь, прызнаная міжнароднай супольнасьцю менавіта пад гэтай назвай.
Ня думаю, што гэта ёсьць гістарычнай драмай. У беларусаў і літоўцаў вялікая супольная мінуўшчына, супольныя нацыянальныя гістарычныя сымбалі й назвы. І гэта павінна аб’ядноўваць, а не спараджаць падазронасьць і ўзаемныя прэтэнзіі.
Адметна, што Іван Савіч гэта разумее. Свой ліст ён завяршае наступнымі словамі:
“Канечне, я не хачу сказаць, што зараз трэба мяняць назоў нашай краіны. Той час, калі гэта мела сэнс, даўно мінуў. Што актуальна было ўчора, тое глупства цяпер”.
Зусім слушная выснова, спадар Савіч.
Школьнік Андрэй Паско зь Берасьця шкадуе, што сьвяткаваньне Дня Волі 25 сакавіка сёлета чамусьці адбудзецца не ў адзін дзень, і што ўвогуле апазыцыя заплянавала на гэты месяц зашмат масавых акцыяў. Слухач піша:
“Мне здаецца, што ўсе акцыі можна было спалучыць і правесьці ў адзінь дзень, Дзень Волі, каб пазьбегнуць расколу і падкрэсьліць знакавасьць даты 25 сакавіка у гісторыі Бацькаўшчыны. Калі б хоць на нейкай частцы Беларусі здолела ўсталявацца ўлада БНР, то тыя землі былі б зараз на ўзроўні Польшчы ці Чэхіі (а можа, нават і вышэй). Мне прыемна, што Радыё Свабода не забылася пра патрыётаў Беларусі й прысьвяціла ім адмысловую штотыднёвую перадачу “Невядомая БНР”.
Далей, зьвяртаючыся да мяне, Андрэй Паско піша:
“Вашая перадача, спадар Жданко, мне падабаецца тым, што вы зачытваеце розныя меркаваньні, у тым ліку зацятых прыхільнікаў Лукашэнкі зь іхнымі недарэчнымі, а часам і бессэнсоўнымі аргумэнтамі. Гэтым вы вельмі адрозьніваецеся ад іншых сродкаў масавай інфармацыі”.
Беларускую Свабоду, паважаны Андрэй, слухаюць многія нашыя апанэнты. Гэта пераважна людзі зь вялікай настальгіяй па савецкім мінулым. За Аляксандра Лукашэнку яны галасавалі й галасуюць, маючы шчырыя спадзяваньні на тое, што ён адновіць Савецкі Саюз, ці хоць бы захавае тое, што ад яго засталося, ва ўмовах Беларусі (і што ён абяцаў захаваць). Але рэчаіснасьць штодня сутыкае з тым, што іхныя спадзяваньні ня спраўджваюцца, а на свае пытаньні яны не знаходзяць адказаў у тых, каму верылі й на каго спадзяваліся. Тады яны бяруцца слухаць Свабоду і пісаць на Свабоду. Я ўпэўнены, што да гэтай часткі аўдыторыі мы павінны ставіцца з разуменьнем і цярплівасьцю.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Віктар Баранаў з Рагачова, Міхаіл Адаркін з Гомеля, Зыгмунт Зялінскі зь Дзятлава, Валеры Грыцук з Магілёва і Іван Яскевіч зь вёскі Таўкачы Шклоўскага раёну.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.