Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жывем горш, чым пры рабаўладальніках”


Валянцін Жданко, Менск

Звычайна пасьля кожнай выбарчай кампаніі ў нашай пошце зьяўляюцца лісты ад людзей, якія спадзяваліся на хуткія зьмены, але вынікі выбараў падманулі іхныя спадзяваньні. Многія з гэтых слухачоў, якія яшчэ ўчора лічылі сябе адданымі прыхільнікамі апазыцыі, пачынаюць вінаваціць ва ўсім апазыцыйных кіраўнікоў. Вось як спрабуе адказаць на пытаньне, чаму апазыцыя ні разу за дзесяць гадоў ня здолела дамагчыся палітычнай перамогі, Мікалай Чыбісаў зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну. Слухач піша:

“Я ўпэўнены, што ёсьць у апазыцыі такія кіраўнікі, якія атрымалі за сваю бязьдзейнасьць добры хабар ад спэцслужбаў. Напэўна, ёсьць і запалоханыя — пасьля таго, як зьніклі Захаранка, Ганчар, Красоўскі, многія задумаліся пра свой лёс. А яшчэ ў апазыцыі шмат проста непрафэсійных, ня здатных да палітычнай дзейнасьці людзей. Няма ў іх пачуцьця адказнасьці перад народам Беларусі.

Меў рацыю Аляксандар Лукашэнка, калі казаў, што такая апазыцыя яго цалкам задавальняе. Калі яны разумныя і адукаваныя, дык чаму ня могуць за 6–12 месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў вылучыць са свайго асяродзьдзя адзінага кандыдата?

А простым людзям даўно надакучыла гэта ўлада. Які можа быць давер да яе, калі ў калгасах і на многіх прадпрыемствах па паўгоду ня плацяць заробкі? Гэта горш, чым пры рабаўладальніцкім ладзе: там рабоў хоць кармілі. Таму людзі гатовыя падтрымаць перамены. Але ад каго іх чакаць?” — задае пытаньне Мікалай Чыбісаў з Казлоўшчыны Дзятлаўскага раёну.

Папрокаў на адрас апазыцыі апошнім часам шмат — і найперш ад тых, хто, як і вы, спадар Чыбісаў, лічыць сябе прыхільнікам дэмакратычнага выбару і стаміўся чакаць зьменаў у грамадзтве. Але ці ўсе вашыя абвінавачаньні можна лічыць справядлівымі й абгрунтаванымі? Згадайма падзеі 2001 году. Нягледзячы на ўсе ўнутраныя рознагалосьсі й супярэчнасьці, адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах апазыцыя ўсё ж здолела вылучыць.

Вашае пытаньне пра тое, адкуль, з боку якой сілы грамадзтва можа чакаць пераменаў — збольшага рытарычнае. Гэтая сіла – унутры самога грамадзтва. Калі табе паўгоду ня плацяць заробак і няма на што карміць дзяцей, то ты павінен самастойна разабрацца, хто ў гэтым вінаваты. І зрабіць адпаведныя высновы (найперш, падчас выбараў).

Мікалай Аляксееў з Магілёва ў сваім лісьце разважае на тэму магчымай ваеннай апэрацыі супраць ірацкага рэжыму:

“Дыктатары — гэта страшная навалач, як эпідэмія на народы тых краінаў, дзе яны захапілі ўладу. З дапамогай страху яны ператвараюць людзей у зомбі, пазбаўленых пачуцьця ўласнай годнасьці й самапавагі. У выніку гэтыя людзі са сьлязьмі на вачах абагаўляюць крывавых тыранаў, ім здаецца, што яны без правадыроў жыць ня могуць. Успомнім Гітлера, Сталіна, Мао Цзэдуна, Фідэля Кастра, Кім Ір Сэна, Кім Чхен Іра ды іншых...

Падтрымліваючы такіх правадыроў-дыктатараў, кіраўнікі іншых краінаў дэманструюць уласную палітычную недальнабачнасьць, якая потым дорага каштуе народам.

Вельмі правільна робяць прэзыдэнт і ўрад Злучаных Штатаў, выступаючы за адхіленьне ад ўлады дыктатараў, падобных да Хусэйна”.

Дыктатарскіх, аўтарытарных рэжымаў у сьвеце, на жаль, нямала. З гледзішча правоў чалавека альбо шанаваньня дэмакратычных прынцыпаў рэжым Садама Хусэйна нямногім адрозьніваецца, для прыкладу, ад рэжыму Сапармурата Ніязава ў Туркмэністане альбо Муамара Кадафі ў Лібіі. Цяжка казаць пра тое, што гэтыя народы ў блізкай пэрспэктыве гатовыя ўспрыняць як каштоўнасьць дэмакратыю заходняга ўзору.

Праблема для Эўропы і Амэрыкі найперш у тым, наколькі бясьпечныя гэтыя рэжымы для суседніх краінаў і для ўсяго астатняга сьвету. Калі дыктатар завалодвае зброяй масавага зьнішчэньня, а потым пачынае шантажаваць гэтым сьвет і распачынае адкрытую агрэсію супраць суседзяў — вось тады ўзьнікаюць праблемы кшталту ірацкай.

Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну адгукнуўся на перадачу Сяргея Дубаўца “Вострая Брама”, у якой ішла размова пра партызанскі рух у Беларусі:

“Пасьля вайны многія былыя бандэраўцы і салдаты, якія ваявалі ў дывізіі генэрала Ўласава, а потым адседзелі ў сталінскіх лягерах, пасяліліся на тэрыторыі Берасьцейскай вобласьці. З многімі зь іх я сустракаўся, слухаў цікавыя расповеды.

Немцы ў свой час да зубоў узброілі Ўкраінскую паўстанцкую армію дзеля адной мэты — каб тая змагалася з савецкімі партызанамі. Акрамя таго, партызаны польскія (Армія Краёва) і савецкія ваявалі адны з другімі, правакуючы немцаў на дзеяньні ў адказ. На заходнім Палесьсі ажно да 1954–56 гадоў можна было чуць перастрэлкі партызанаў з НКВД.

На маю думку, нельга прымяншаць ролю і значэньне ніводнага з гэтых партызанскіх рухаў. Кожны ваяваў за сваю нацыянальную ідэю”.

Цяжка казаць пра нацыянальную ідэю, якую б адстойвалі савецкія партызанскія атрады, створаныя НКВД. Асабліва тыя зь іх, якія займаліся адкрытым рабаўніцтвам мірнага насельніцтва і дзеяньні якіх часам правакавалі акупантаў на жорсткія злачынствы супраць ні ў чым не вінаватых жыхароў лясных вёсак. Яны адстойвалі не нацыянальную ідэю, а ўладу, якая гэтыя атрады стварала. Так, сярод партызанаў было шмат тых, хто хаваўся ў лесе ад фашыстаў і ваяваў за вызваленьне сваёй радзімы. Але, усьлед за акупантамі, у Беларусь вярнуліся камуністы, і беларусы ў выніку не атрымалі ні незалежнасьці, ні свабоды.

Уладзіслаў Жыгалка зь Менску зноў даслаў ліст на тэму беларуска-расейскага яднаньня, магчымага хуткага пераходу Беларусі на расейскі рубель:

“Так, я разумею, працэс глябалізацыі аб’ектыўны. Эўрапейцы ўвялі свой эўра; нават афрыканцы вядуць перамовы пра магчымасьці фінансавай інтэграцыі на сваім кантынэнце. Падобныя працэсы адбываюцца і ў Азіі. Калі гадоў празь дзесяць Эўразійская эканамічная супольнасьць створыць уласную супольную валюту, гэта будзе цалкам абгрунтавана.

Але — толькі ня гэтыя гульні ў беларуска-расейскую хімэру, якая, акрамя страты незалежнасьці маёй дзяржавы, ні да чаго іншага не прывядзе.

А таму лічу неабходным дэнансаваць усе беларуска-расейскія пагадненьні і весьці ўсе справы з Расеяй толькі на раўнапраўнай аснове, як незалежнай дзяржаве зь незалежнай дзяржавай”.

Пра дэнансацыю пакуль што гаварыць не выпадае, спадар Жыгалка, ня тыя сілы маюць сёньня уладу. Аднак нават цяпер пытаньне пераходу Беларусі на расейскі рубель не выглядае канчаткова вырашаным. Зьяўляюцца новыя варыянты, у тым ліку зьвязаныя з апошнімі дамоўленасьцямі пра зону вольнага гандлю паміж Масквой, Менскам, Кіевам і Астаной. Сярод саміх высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў няма адзінства ў гэтым пытаньні. Многія ўсьведамляюць, наколькі небясьпечна для трываласьці ўласнай улады згубіць кантроль над друкарскім станком.

Эдуард Тобін са Смалявічаў зрабіў у сваім допісе вялікі гістарычны экскурс дзеля высьвятленьня паходжаньня словаў “Літва” і “ліцьвіны”. Слухач лічыць недапушчальным, што ў мэдыях, у тым ліку і на беларускай Свабодзе, ужываюцца назвы “Літва”, “літоўскі” ў дачыненьні да сучаснай Літоўскай Рэспублікі. Ён лічыць, што трэба ўжываць слова “Летува”, а беларусаў і Беларусь называць ліцьвінамі й Літвой:

“Літва — наш край, аніякага дачыненьня ня мае да Русі вараскай. Канстытуцыйны суд Расейскай Фэдэрацыі, правапераемніцы СССР, у 1991 годзе вынес вэрдыкт: СССР — нелегітымны, а значыць, незаконны. Таму і ўсе ім створаныя структуры незаконныя. А значыць, павінны быць ануляваныя. Ліцьвіны таму маюць усе падставы вярнуць сабе сваё імя”.

Так, спадар Тобін, гістарычная, летапісная Літва — недзе паміж Наваградкам і Нясьвіжам, а ліцьвінамі доўгі час называлі менавіта жыхароў сёньняшняй Беларусі. Землі ж паміж балтыйскім узьбярэжжам і Вільняй мелі назву Жмудзь. Але тое належыць гісторыі. Можна наракаць на нашых продкаў, якія не паглыбляліся ў гісторыю і ў 1918 годзе абвесьцілі Беларускую (а не Літоўскую) Народную Рэспубліку. Але перапісаць гэты факт немагчыма. Як немагчыма зьмяніць і тое, што ў 1991 годзе была абвешчаная незалежная Рэспубліка Беларусь, прызнаная міжнароднай супольнасьцю менавіта пад гэтай назвай.

Ня думаю, што гэта ёсьць гістарычнай драмай. У беларусаў і літоўцаў вялікая супольная гісторыя, супольныя нацыянальныя гістарычныя сымбалі й назвы. І гэта павінна аб’ядноўваць, а ня сеяць падазронасьць і варажнечу.

Адметна, што заканчвае Эдуард Тобін са Смалявічаў свой ліст зусім слушнай высновай:

“Тэрытарыяльныя прэтэнзіі прад’яўляць ня трэба: дай Бог нам сваю зямлю прывесьці да парадку, людзей падняць з п’янства, гультайства, абыякавасьці”.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Іван Савіч зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну, Мікалай Лясовіч зь Менску і Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну.

Дзякуй ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG