Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вылузваюся са скуры, а дзяцей пракарміць не магу”


Валянцін Жданко, Менск

Для сёньняшняй размовы я адклаў лісты, у якіх няма глыбакадумных развагаў пра палітыку, высакамоўных ацэнак і прадбачлівых прагнозаў наконт палітычнай будучыні вядомых асобаў. А ёсьць — паўсядзённае жыцьцё чалавека ў сёньняшняй беларускай вёсцы ці мястэчку. Натуральна, што амаль усе гэтыя лісты дасланыя з правінцыі, побыт у якой вельмі моцна адрозьніваецца ад менскіх рэаліяў, і гэта вельмі адчуваецца, калі такія лісты чытаеш.

Піша Тамара Сялюн зь Вялейкі:

“Ёсьць у народзе такі выраз — “вылузвацца са скуры”. Вось і я зараз у такім становішчы. Выхоўваю двух хлопчыкаў-двайнятак — па 12 гадоў. Жывем з мамай у прыватным доме. Бацька памёр шэсьць гадоў таму. Я тады ж разышлася з былым мужам (лепш бы яго ніколі не сустракала). Зараз не працую, не магу ўладкавацца. Усе абяцаньні працы аказваюцца падманам. Існуем на мізэрную маміну пэнсію. У такім гарадку, як Вялейка, вальготна жывецца толькі афэрыстам.

Вельмі шкада дзетак. Я не магу ім зараз даць нават самае неабходнае — харчаваньне, ня кажучы ўжо пра іншае. Мой былы муж алімэнтаў ня плаціць і нічым не дапамагае.

Я ўспамінаю час, калі наша сям’я жыла добра. Бацькі заўсёды трымалі гаспадарку — парасят, курэй, качак, гусей, трусоў. Усім хапала працы. Заўсёды было і для сябе, і на пачастунак гасьцям. А цяпер мы сталі жабракамі. Многія перасталі з намі нават размаўляць, ня тое што заходзіць. Я расчаравалася ва ўсіх і ва ўсім. Так хочацца зьехаць з гэтай так бы мовіць “добрай”, “хвалёнай” краіны. Так надакучыла весьці змаганьне зь непрыстойнасьцю.

Наша кіраўніцтва, відаць, зацікаўленае ў тым, каб не працавалі, сьпіваліся, разводзіліся... Толькі ў Вялейцы паўсюль гоняць, прадаюць, перапрадаюць самагон. Усе цудоўна ведаюць пра гэта, але ніхто нічога ня робіць”.

Пры канцы Тамара Сялюн зь Вялейкі просіць парады і дапамогі ў тым, каб зьехаць і атрымаць статус уцекача.

Сумна, але гэта досыць тыповая гісторыя для невялікіх гарадоў і мястэчак, большая частка жыхароў якіх да нядаўняга часу працавала на адным-двух мясцовых прадпрыемствах. Заводы гэтыя са сваім састарэлым абсталяваньнем, без інвэстыцыяў і прыватызацыі, пазачыняліся альбо на мяжы закрыцьця. Людзі страцілі працу і стабільны даход, многія сьпіліся, пакідалі сям’ю і дзяцей…

“У чым тут віна дзяржавы?” — спытаеце. Ці ня самі гэтыя людзі вінаватыя, што ва ўсім прывыклі спадзявацца на дзяржаву, што не гатовыя да сытуацыяў, калі самастойна даводзіцца вырашаць многія праблемы?

Але ж яшчэ дзесяць гадоў таму было бачна, што старыя савецкія прадпрыемствы асуджаныя, як і сыстэма кіраваньня імі. Тады са значна меншымі стратамі можна было распачынаць рэформы, навучаць людзей, якім пагражала страта працы, новым прафэсіям, у тым ліку прыватнаму бізнэсу; нарэшце, псыхалагічна рыхтаваць іх да жыцьця ў новых умовах, калі многае вырашае ўласная ініцыятыва і прадпрымальнасьць.

Цяжка параіць нешта пэўнае вам, Тамара. Я зьвярнуў увагу на тое месца ліста, дзе вы настальгічна згадваеце час, калі ваша сям’я трымала ўласную гаспадарку і мела дастатак. А ці нельга вярнуцца да ўласнай справы? Тым больш — падрастаюць сыны. Калі ня хатнюю жывёлу заводзіць, дык дробным гандлем заняцца, дапамагаць старым па гаспадарцы ці ў хатніх клопатах?

Што да спрыяньня ў эміграцыі, то мы, на жаль, ня маем магчымасьці аказваць падобныя паслугі.

Тыповую для любога беларускага райцэнтру гісторыю распавёў і Ўладзімер Гардзейка са Смалявічаў. Ён піша:

“16 лістапада ў Смалявічах ладзілі дажынкі. Кажуць, у дзяржаве няма грошай, але на паказуху знайшлі. Цэлымі днямі пад дажджом і сьнегам фарбавалі, бялілі, чысьцілі, рамантавалі... Прычым, прыгладжвалі толькі той бок дамоў, які бачны з вуліцы, другі заставаўся, якім быў. Глядзелі людзі, як плюхаюць грошы ў гразь, ды чухалі патыліцы... Навошта ўсё гэта патрэбна? Нібыта дзеля таго, каб іншым здалося, што мы не жабракі: хоць галодныя, але вясёлыя.

А 23 лістапада былі яшчэ адны дажынкі, у меншым памеры. Людзей мала: цэны не па кішэні. Бульба прыкладна 480 і 500 рублёў за кіляграм: даражэй за хлеб. Такога Беларусь яшчэ ня ведала.

І чым жа ўзнагародзілі тых, хто суткамі, не выходзячы з кабінаў камбайнаў, пякліся на сонцы ды глыталі пыл? Прэмія за першае месца — 111 тысяч рублёў; за другое — 77 700; за трэцяе — 55 500. Затое старшыня райвыканкаму атрымаў машыну “Волга” — напэўна, ён праліў найбольш поту ў мінулае сьпякотнае лета”, — напісаў Уладзімер Гардзейка са Смалявічаў.

Звычайна, калі высокія чыноўнікі адказваюць на падобныя папрокі, спасылаюцца на тое, што людзям, маўляў, патрэбнае сьвята, узнагарода за працу. А, запрашаючы гасьцей, мясцовыя ўлады прыхарошваюць горад, як могуць, на што хапае грошай. Людзям, маўляў, усё роўна гэта падабаецца.

Але пра тое і размова, што пафарбаваныя ў непагадзь фасады аблупяцца ўжо ў наступную вясну. А немалыя грошы, змарнаваныя на гэта ды на сумнеўныя гульбішчы, потым даводзіцца ашчаджаць, адключаючы ад цяпла школы і дзіцячыя садкі, ня плацячы мізэрныя заробкі калгасьнікам, ня кормячы школьнікаў. Ці не задарагая плата за такія “дажынкі”?

Віктар Скараход зь Менску працягвае спрэчку пра тое, ці можна лічыць Аляксандра Лукашэнку моцным палітыкам. Размову пачалі некалькі тыдняў таму Віктар Туравец з францускага Ліёну і Мікалай Слуцкі зь Менску. У прыватнасьці, на думку спадара Тураўца, моцны палітык — той, хто перамагае суперніка на роўных умовах, у межах закону, даказваючы сваю моц вынікамі на карысьць грамадзтва.

А на думку Віктара Скарахода, пра сілу і слабасьць палітыка высокага рангу патрэбна казаць, маючы на ўвазе зробленае ім на карысьць дзяржавы. Паводле слухача, “Лукашэнка больш як за восем гадоў зрабіў вельмі шмат, што патрабавала ад яго сілаў і энэргіі. Уся бяда ў тым, што амаль усё гэта мае адмоўны знак”. У прыватнасьці, Віктар Скараход нагадвае:

“Што сталася з абяцаньнем даць кожнаму беларусу сто даляраў зарплаты? Інакш, як хлусьнёй, гэта назваць нельга. Танец цэнаў і зарплаты, стабільны заняпад гаспадаркі, паборы з прыватнага бізнэсу на ўсялякія базары ды палацы — гэта зусім прымітыўныя мэтады кіраваньня.

У Лукашэнкі ёсьць свой бюджэт, які ніхто не кантралюе, ніхто ня ведае, зь якіх крыніцаў ён папаўняецца і куды цякуць зь яго грошы. Жабрацкая краіна будуе гіганцкую бібліятэку, і пры гэтым выкарыстоўвае так званыя “добраахвотна-прымусовыя” ахвяраваньні. Патрабаваньне такое: здай для бібліятэкі на працягу двух гадоў свой месячны заробак. І ня проста здай, а пры гэтым напішы заяву-клятву на імя свайго начальніка, што ахвяраваньне гэтае робіш зь вялікім задавальненьнем. Хоць у самога няма з чаго заплаціць школе за харчаваньне сына.

Бадай, адзінае, што зроблена станоўчага для беларусаў — гэта выплата ў тэрмін пэнсіяў старым: “Во Лукашэнка даў жыцьцё — на хлеб і малако хапае”... — робіць выснову ўдзельнік вайны зь Менску Віктар Скараход.

Такое стаўленьне да пэнсіянэраў, спадар Скараход, відавочна, зусім не выпадковае. Пэнсіянэры — самая шматлікая і найбольш дысцыплінаваная частка электарату. І ў многіх мясьцінах (асабліва на вёсцы) старыя з 75 тысячамі пэнсіі пачуваюць сябе вельмі заможнымі на тле суседзяў (трактарыстаў і даярак), якім мала таго, што налічваюць усяго па 20 тысяч заробку, дык яшчэ і плацяць зь вялізнымі затрымкамі.

У Мікалая Волчыка зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну свой погляд на тое, што адбываецца ў Беларусі. Ён піша:

“Чым больш часу ідзе, тым больш балючых уражаньняў ад рэаліяў жыцьця, больш моцных словаў хочацца ўжыць у лісьце. Асабіста я пад уражаньнем прачытанага пра Старажытны Рым бачу сёньня шмат паралеляў з той эпохай, калі імпэратар паступова засяроджваў у сваіх руках усю ўладу. Ён быў і вярхоўны ўладар, і галоўнакамандуючы, і судзьдзя. І палову дзяржаўных даходаў забіраў сабе.

Сёньняшні ўзор беларускай улады узяты быццам адтуль. Але чым гэта скончылася? Відовішчы, базары — дзеля чаго гэта? Каб паказаць Беларусь прывабнай? Праўду кажуць: адказ на сёньняшнія пытаньні шукай у гісторыі. І не паўтарай памылкі. А яшчэ: чым больш незразумелага для чалавека адбываецца ў краіне, тым ім лягчэй кіраваць”.

А Міхаіл Дубнікаў з хутару Ямы Вялейскага раёну зьвяртаецца з наступным пытаньнем і прапановай:

“Хачу параўнаць сярэдні месячны даход у нашай сям’і (а гэта дваццаць даляраў) з такімі ж паказчыкамі, напрыклад, у Афрыцы, Індакітаі, Лацінскай Амэрыцы і ў Злучаных Штатах. Чаму б вам, дарагія нашы весьнікі праўды, не падняць на паверхню гэтую праўду? Можа, на паверку і Аляксандар Рыгоравіч са сваім ідэйным памкненьнем да выродлівай справядлівасьці ў суіснаваньні стане нам больш зразумелым?”

Гэтая праўда, спадар Дубнікаў, на паверхню даўно паднятая, мы шмат пра гэта распавядаем. Дваццаць даляраў месячнага даходу — якраз і ёсьць узровень бедных краінаў Афрыкі ды Азіі. У Злучаных Штатах гэты ўзровень прынамсі ў пяцьдзясят-сто разоў вышэйшы.

У многіх бедных краінах спрабавалі адабраць грошы і маёмасьць у багатых, каб раздаць бедным. Багатых зьнішчалі, але бедныя ад гэтага багацейшымі не рабіліся. Бясплённасьць камуністычных экспэрымэнтаў даўно для ўсіх відавочная. Як відавочная і сутнасьць эканамічнай палітыкі Лукашэнкі, што грунтуецца на татальным дзяржаўным кантролі й панаваньні дзяржаўнай ўласнасьці. Якую, так бы мовіць, “сацыяльную роўнасьць” забясьпечвае такая палітыка — вы самі бачыце на прыкладзе сваёй сям’і.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Яўгенія Іванова з Касьцюковічаў, Мікола Саскевіч з Калінкавічаў, Эмануіл Юрай са Смалявічаў, Яўген Акчук зь Менску, Алесь Марціновіч з Баранавічаў і Алена Дземчанка з украінскага сяла Томіна Балка Белазерскага раёну Херсонскай вобласьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG