Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнку цяпер адна дарога — у Афрыку і на Блізкі Ўсход”


Валянцін Жданко, Менск

На мінулым тыдні стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка і найбліжэйшае ягонае атачэньне ня змогуць наведваць краіны Эўрапейскага Зьвязу (за выключэньнем Партугаліі). Такім чынам, і без таго абмежаваныя кантакты афіцыйнага Менску з супольнасьцю заходніх краінаў яшчэ больш скароцяцца. Такая плата за ігнараваньне Аляксандрам Лукашэнкам многіх асноватворных прынцыпаў дэмакратыі і за ягонае стаўленьне да дзейнасьці АБСЭ.

Многія слухачы ў сваіх лістах разважаюць на гэтую тэму. Канстанцін Залога са Слоніму піша:

“Захад сам штурхае Лукашэнку ў кут, у абдымкі Расеі. Няўжо нельга было пусьціць яго ў Прагу, выслухаць як кіраўніка эўрапейскай дзяржавы? Можа, Лукашэнка ў выніку і павярнуўся б тварам і да НАТО, і да Эўропы. Ён жа разумны чалавек, бачыць, што за восем гадоў, цягам якіх мы разам зь ім шукаем свой асаблівы шлях разьвіцьця, залезьлі ў багну, і трэба зь яе неяк выкарасквацца. А бяз Захаду гэта наўрад ці атрымаецца. Там і грошы, і тэхналёгіі, і парадак, і культура.

А так, зноў атрымаўшы аплявуху з Захаду, Лукашэнка проста вымушаны зноў казаць пра інтэграцыю з Расеяй і славянскае братэрства. Хоць у гэтыя лёзунгі ніхто ўжо, падобна, ня верыць”.

У Лукашэнкі, спадар Залога, было шмат магчымасьцяў дзеля таго, каб паказаць гатоўнасьць да зьмены сваёй палітыкі. Але ягоны выбар быў іншы — ён пасьлядоўна, з выклікам выціскаў зь Беларусі місію АБСЭ, не зважаючы на ўсе просьбы і ўгаворы. Беларусь — краіна не таго маштабу, каб дыктаваць свае ўмовы сьвету. Застанецца Лукашэнка адданы сваёй ідэі аб’яднаньня з Расеяй, ці канчаткова пасварыцца з Крамлём — для Захаду гэта вызначальнага значэньня ня мае.

У нашага слухача Івана Гоманава зь Менску іншы погляд на гэтую праблему:

“Яны прынізілі не Лукашэнку, а ўсіх нас, беларусаў. І зь імі цяпер трэба разарваць усе адносіны. Не такая магутная краіна Чэхія, каб дыктаваць нам свае ўмовы. Трэба закрыць нашу амбасаду ў Празе і не купляць у іх ніякіх тавараў”.

Амаль тое ж, спадар Гоманаў, гаварыў Аляксандар Лукашэнка за некалькі дзён да прыняцьця ўрадам Чэхіі рашэньня наконт візы — ён пагражаў чэхам самымі жорсткімі мерамі. Але абмежаваўся пакуль толькі часовым адкліканьнем амбасадара, нібыта для кансультацыяў.

Ня думаю, што для разважлівых людзей у Беларусі гэта асабістая зьнявага — чэскіх візаў жа пазбавілі ня іх, а аднаго канкрэтнага чалавека. Прычым аргумэнтацыя даволі важкая. Ляканічна і дакладна пра гэта выказаўся яшчэ адзін наш слухач — Сяргей Мікалайчук з Маладэчна:

“Лукашэнку даўно ўжо трэба было закрыць дарогу ў цывілізаваныя краіны. Ягоныя аднадумцы — на Блізкім Усходзе, у Азіі і Афрыцы. Туды няхай і езьдзіць зь візытамі, марнуе народныя грошы. Бо карысьці ад такіх візытаў — кот наплакаў. Гандаль з Азіяй і Афрыкай у нас мізэрны. Можа, хоць цяпер народ зразумее, хто кіруе Беларусьсю і якія пэрспэктывы ўсіх нас чакаюць, калі гэты чалавек і надалей застанецца пры ўладзе”.

Алесь Марціновіч з Баранавічаў лічыць, што цяпер адзінай мэтай, якая здольная аб’яднаць беларускую нацыю, можа стаць імкненьне далучыцца да Эўразьвязу:

“Мітынгі ў Менску трэба праводзіць пад лёзунгам “Усімі сіламі — у Эўразьвяз”. Чаму ўсе суседзі — Польшча, краіны Балтыі — далучаюцца да Эўразьвязу, а мы, беларусы, застаемся ўбаку? Чым мы горшыя? Гэтае пытаньне задаюць сабе вельмі многія. Беларусізацыю і абвінавачаньні на адрас Расеі пакуль ня варта паднімаць, гэта ўсё будзе потым, пры сяброўстве ў Эўразьвязе. Нават пра далучэньне да НАТО ня трэба казаць, улічваючы спэцыфіку беларускіх галоваў.

Лукашэнка і Эўразьвяз — рэчы несумяшчальныя, таму патрэбны іншы лёзунг: “Лукашэнка — галоўная перашкода для сяброўства Беларусі ў Эўразьвязе”.

Трэба распавядаць народу і пра досьвед Балтыі і Ўсходняй Эўропы. У іх візавы рэжым з Расеяй, і жывуць яны значна лепш за расейцаў. Дзеля вялікай ідэі Эўразьвязу беларусы таксама могуць пагадзіцца на такую ахвяру, як візавы рэжым з Расеяй”.

Крыху нечакана было, спадар Алесь, пачуць такую прапанову менавіта ад вас. У вельмі многіх папярэдніх лістах вы аргумэнтавалі непазьбежнасьць руху Беларусі ў рэчышчы расейскай палітыкі, і раптам — такі паварот.

Але, сапраўды, у грамадзкай сьвядомасьці адбываюцца імклівыя зьмены. Сёлета выбарчае права набывае тая моладзь, якая альбо зусім ня памятае савецкага мінулага, альбо памятае ягоныя самыя непрывабныя бакі, уласьцівыя для канца 80-х — пачатку 90-х гадоў (калі без талёна ці карткі ў краме нельга было набыць нават масла і цукру). Гэтае пакаленьне за савецкія каштоўнасьці галасаваць ня будзе. І менавіта яно на ўласныя вочы можа параўнаць рэаліі Эўразьвязу з расейскімі рэаліямі.

Ліст ад Міколы Саскевіча з Калінкавічаў таксама пра тое, на каго павінна арыентавацца Беларусь у сваёй зьнешняй палітыцы. Слухач піша:

“Часам думаю: чаму Расея дагэтуль ажыцьцяўляе імпэрскую каляніяльную палітыку ў адносінах да суседніх дзяржаваў? Нават калі яна не вядзе вайну, як у Чачэніі, дык усё роўна стараецца прынізіць альбо зьнішчыць культуру, мову, традыцыі, рэлігію іншай дзяржавы, а наўзамен навязаць усё сваё.

Я нешта ні ад аднаго расейскага палітыка ня чуў ні слова падтрымкі ў абарону нацыянальных каштоўнасьцяў беларусаў. А ў самой Расеі, хоць там жыве шмат беларусаў, няма ніводнай беларускамоўнай газэты, ня кажучы ўжо пра школы і радыёстанцыі.

А вось у Заходняй Эўропе ўсё зусім па-іншаму. Там шпаркімі тэмпамі адбываецца працэс інтэграцыі, але пры гэтым усе краіны захоўваюць сваю самабытнасьць”.

Думаю, спадар Мікола, многае тлумачыцца тым, што Расея, перажыўшы першы этап распаду імпэрыі, дагэтуль імпэрыяй засталася. Вялікадзяржаўная псыхалёгія захавалася і на ўзроўні палітычнай эліты, і сярод насельніцтва. Пазбаўленьне ад такой псыхалёгіі — працэс даўгі і цяжкі.

Эмануіл Юрай са Смалявічаў піша:

“Каб даведацца, што за чалавек перад табою, неабавязкова вывучаць ягонае дасье. Дастаткова акінуць вокам ягоную вопратку, ягоны двор, ягонае жытло. І паслухаць, што ды як ён выказвае, а значыць — і думае, бо мова — душа народу.

У якім жа асяродзьдзі жыве наш народ? Ужо амаль пад кожным кустом і дрэўцам, у кожнай рачулцы ці азярцы навалена процьма разьбітага шкла, накідана мноства плястыкаў, жалязяк, іншай непатрэбшчыны. У паветры вісіць атрутны смог... Што за людзі насяляюць гэты край і бяздумна самавынішчаюцца? Якое імя даць ім, якім нічога тут не шкада і ў якіх няма нічога свайго?”

Прычыну ўсіх бедаў Эмануіл Юрай са Смалявічаў бачыць у страце нацыянальных каранёў, і найперш мовы.

“Патрыётамі Беларусі гэтыя людзі быць ня хочуць, ды і ня могуць. Ім убілі ў галовы, што яны спрэс, як і расейцы — праваслаўныя славяне, адзін народ. А таму і дзяліцца падзяржаўна сэнсу ня бачаць.

...Менавіта такіх асобаў штампуе сёньня школа, якую невядома чаму называюць беларускай. І ці трэба зьдзіўляцца, чаму ў нашым краі паўсюдна бальшавіцка-расейскамоўныя шыльды, гамана, справаводзтва, выхаваньне. Чаму ў нас дэградуе і вымірае народ. І чаму нас не паважаюць у сьвеце”, — напісаў Эмануіл Юрай са Смалявічаў.

Не выпадае, спадар Эмануіл, карані ўсіх названых вамі сацыяльных і экалягічных праблемаў бачыць толькі ў нацыянальным нігілізьме ды русіфікатарскай палітыцы ўладаў. Хоць сувязь паміж імі, безумоўна, ёсьць. Пастаяннае чаканьне цудадзейнай інтэграцыі, вынішчэньне ўсяго свайго, нацыянальнага — гэта апроч усяго іншага і страта адчуваньня ўласнага дому, уласнай радзімы. Ці не таму і жывуць многія так, нібы не ў сябе, а ў часовым прытулку.

На заканчэньне — ліст ад нашага сталага слухача Мікалая Лясовіча зь Менску. Спадар Мікалай быў удзельнікам памятных “Дзядоў” 1988 году. У сваім лісьце ён падрабязна згадвае тыя падзеі — як міліцыянты спрабавалі перагарадзіць людзям дарогу на Курапаты, як пырскалі газам, зьбівалі, кідалі ў машыны...

“Самае дзіўнае, што ў нас, тых, хто ішлі, не было страху: нам было радасна, мы сьмяяліся, жартавалі, — згадвае Мікалай Лясовіч. — Гэта ж было ўпершыню, калі мы адважыліся адкрыта выказаць сваё стаўленьне да таталітарнага рэжыму. Іншымі словамі — тады мы ўпершыню адчулі Свабоду”.

Упэўнены, спадар Мікалай, што такое ж адчуваньне на ўсё жыцьцё засталося і ў тысяч іншых удзельнікаў таго драматычнага маршу на Курапаты. Многія з тых людзей, адолеўшы страх, ужо ніколі не пагодзяцца вярнуцца ў стан несвабоды, у якім жылі дагэтуль.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Міхаіл Данько з Давыд-Гарадку Столінскага раёну, Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну, Васіль Неназваны з Драгічынскага раёну, Аляксандар Сярдзюк са Смаргоні, Міхаіл Леках з Рыгі, а таксама Аксана Новікава, Віктар Скараход і Валеры Барташэвіч зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG