Значную частку нашай пошты заўсёды складалі лісты ад школьных настаўнікаў. Настаўнік у Беларусі яшчэ з савецкага часу застаецца асобай, вельмі залежнай ад улады, і з прычыны гэтай сваёй вялікай залежнасьці ня схільнай да грамадзкіх пратэстаў. Але і ў гэтым асяродзьдзі адбываюцца істотныя зьмены. Прынамсі, пра гэта сьведчыць ліст ад настаўніцы зь Віцебску, якая падпісалася як Ніна Насовіч:
“Беларусы сядзяць, як мышы пад венікам. Хоць амаль усе разумеюць, што цярпець больш немагчыма, што на жабрацкую зарплату можна толькі не памерці з голаду — па-чалавечы жыць на яе немагчыма. Але ўсе маўчаць. Вось учора нам, настаўнікам, сказалі, што блізкім часам зарплаты можам не чакаць, і “адпускных” за летнія месяцы — таксама. Здавалася б, тут страйк распачынаць трэба, на мітынг выходзіць, старшыню гарвыканкаму за грудзі браць... Не, маўчым.
Чаму? Я і сабе задаю гэтае пытаньне. Баімся непрыемнасьцяў, страты працы, тых няшчасных акладаў, за якія трымаемся, бо нічога лепшага ня можам сабе ўявіць. Бо і праўда, куды ўладкуесься са сваім нікому не патрэбным дыплёмам пэдінстытуту і досьведам настаўніка. Нейкае зачараванае кола, і выйсьця ня бачна.
Падпісваюся псэўданімам, бо, на жаль, таксама залежная ад усіх гэтых абставінаў, якія душаць любое імкненьне да таго, каб пачуваць сябе годнай і незалежнай асобай”.
Наўрад ці варта, спадарыня Ніна, дакараць сёньняшніх беларускіх настаўнікаў за тое, што яны не выходзяць на мітынгі й не наладжваюць страйкі. Прычыны вы самі ведаеце і напісалі пра іх. Але ёсьць сытуацыі, у якіх кожны мае магчымасьць і павінен выявіць сваю грамадзянскую пазыцыю, калі толькі ён жадае зьменаў у сваёй краіне.
Маю на ўвазе выбары. І настаўнікі ў такія пэрыяды здольныя зрабіць больш, чым многія іншыя. Бо звычайна менавіта іх выкарыстоўваюць падчас выбарчых кампаніяў у камісіях. І ад іхнай прынцыповасьці ў многім залежыць, ці будуць выбары сумленнымі й справядлівымі.
Ліст ад Разаліі Рубінчык зь Менску. Яна піша:
“Да глыбіні душы абураная прызначэньнем дэпутата так званай палаты прадстаўнікоў Касьцяна дырэктарам новага мэдыя-голдынгу, створанага на базе шасьці беларускіх выданьняў. Касьцян ня раз выступаў у перадачы дзяржаўнага радыё “Разговор по-существу”, і я шмат разоў чула, якія погляды ён там адстойваў. Ягоныя гутаркі зь вядучай Нінай Чайкай зводзілілся да пошуку ворагаў, якія нібыта замінаюць Лукашэнку. І вельмі часта ў якасьці такіх ворагаў называлі габрэяў. Асабліва любіў Касьцян спасылацца на вядомую кнігу “Вайна па законах подласьці” зь яўным антысэміцкім ухілам.
Упэўненая, што зь ягоным прыходам ні адно габрэйскае прозьвішча ў беларускія выданьні ня трапіць. Што ж гэта адбываецца?
Я яшчэ ў 2000 годзе з нагоды антысэміцкіх перадачаў дзяржаўнага радыё напісала адкрыты ліст да грамадзкасьці, а цяпер зьбіраю пад ім подпісы. Падпісаліся ўжо больш як 40 чалавек, і збор подпісаў працягваецца”.
Спадарыня Рубінчык таксама паведамляе некаторыя зьвесткі пра сваю сям’ю. Яе бацька прайшоў усю вайну, дзядзька загінуў на вайне, і яе абурае, калі асобы, надзеленыя дзяржаўнай уладай, ставяць пад сумнеў пакуты габрэйскага народу ў часе нацысцкай акупацыі.
На жаль, у Беларусі, сапраўды, маюць месца праявы антысэмітызму, у тым ліку на дзяржаўным узроўні. Калі выдаюцца кнігі, у якіх адкрыта выказваюцца самыя цемрашальскія антысэміцкія ідэі, калі габрэйскім абшчынам улада адмаўляецца вяртаць адабраныя бальшавікамі сынагогі, калі апаганьваюцца помнікі на габрэйскіх могілках — гэта ёсьць сур’ёзнымі сыгналамі таго, што ў дзяржаве існуюць істотныя праблемы ў міжнацыянальных адносінах.
Ліст ад нашага апанэнта Вячаслава Селяменева зь Менску:
“Учора слухаў вашу падрыўную радыёстанцыю — голас амэрыканскіх імпэрыялістаў. Як жа вы ненавідзіце беларускага прэзыдэнта, які кінуў выклік усяму вашаму капіталістычнаму балоту. Калі і можна за нешта папракаць Лукашэнку, дык толькі за тое, што ён дзейнічае не да канца рашуча.
Што ў нас зьмянілася пасьля таго, як Захад атрымаў магчымасьць вольна распаўсюджваць у нас свае тавары і ідэалёгію? Моладзь разбэшчаная заходняй парнаграфіяй і баевікамі; прамысловыя прадпрыемствы амаль разбураныя, бо Захад з правакацыйнымі мэтамі заваліў Беларусь танным шырспажывам. Захад, да якога цяпер далучыўся і прадажны маскоўскі рэжым, хоча паставіць Беларусь на калені.
Аляксандар Рыгоравіч выдатна бачыць гэта, і не павінен спыняцца. Выйсьце ёсьць: трэба закрыць межы, як гэта было пры Савецкім Саюзе, не прапускаць празь мяжу тое, што можа пашкодзіць нашаму ладу і нашай эканоміцы. Выпускнікі беларускіх і савецкіх ВНУ павінны працаваць на беларускі народ, а не на амэрыканскі капітал. Усе яны вучыліся на народныя грошы і павінны аддаць доўг народу.
Закрыўшы межы, мы абаронім свой рынак. Людзі будуць купляць сваё якаснае харчаваньне, а не заходнія хімічныя “сьнікерсы” ды “ножкі Буша”. У выніку на поўную магутнасьць будуць працаваць беларускія прадпрыемствы, ня будзе беспрацоўя, людзі будуць упэўненыя ў заўтрашнім дні.
А калі нехта захоча парушыць нашу стваральную працу, у нас будзе моцная армія, якая ня пусьціць на нашу зямлю агрэсіўны блёк NATO і дасьць адпор любой агрэсіі”, — напісаў Вячаслаў Селяменеў зь Менску.
Вашая мадэль дзяржаўнага ўладкаваньня, спадар Селяменеў, ужо ўвасобленая ў жыцьцё. Зроблена ўсё, як вы і прапануеце: межы агароджаныя калючым дротам; за мяжу нікога не выпускаюць; замежныя фільмы можна глядзець толькі тыя, якія прайшлі ідэалягічную цэнзуру; усе тавары — толькі сваёй вытворчасьці; у краіне — ніякага беспрацоўя і ніякага іншадумства...
Краіна гэтая называецца Паўночная Карэя. І ў гэтай краіне, спадар Селяменеў, прадукты харчаваньня і прамысловыя тавары разьмяркоўваюцца па картках, бо іх катастрафічна не хапае, і паўночныя карэйцы часта вымушаныя пакутаваць ад голаду; гарачая вада і электрычнасьць падаюцца ў кватэры па графіку, некалькі гадзінаў у суткі; людзі фактычна ня маюць права на прыватную ўласнасьць (забаронена мець нават асабістыя легкавыя аўтамабілі), затое ледзь не палова бюджэту выдаткоўваецца на войска.
Каб вырвацца з гэтага камуністычнага “раю”, самыя адчайныя карэйцы кідаюцца на калючы дрот альбо ўплаў на хліпкіх лодках, каб трапіць на поўдзень паўвыспы, дзе не паспыталі камуністычнага рэжыму ды ідэяў “чучхе”.
З настальгіяй згадвае пра камуністычнае мінулае і наш сталы слухач, доктар тэхнічных навук Міхаіл Леках з Рыгі, які даслаў яшчэ адзін ліст на тэму сёньняшняй сытуацыі ў Латвіі. Некалькі месяцаў таму я ўжо цытаваў ягоныя выказваньні.
Міхаіл Леках лічыць, што за камуністамі ў Латвіі жылося значна лепш, а вось пасьля таго, як краіна стала незалежнай, людзі, паводле спадара Лекаха, пакутуюць ад бяспраўя, беспрацоўя і недаяданьня. З маім камэнтаром слухач катэгарычна ня згодны і ў гэтай сувязі піша:
“У мяне склалася ўражаньне, што вы ня вольны ў сваіх выказваньнях і не валодаеце дастатковай аб’ектыўнай інфармацыяй пра так званыя “посьпехі” рэформаў у Латвіі, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы. Таму калі вы, спадар Жданко, свабодны сумленны журналіст, а не наняты дэзінфарматар, то распавядзіце пра гэты мой адкрыты ліст”.
Далей Міхаіл Леках прыводзіць статыстычныя зьвесткі пра тое, што сукупны ўнутраны прадукт у Латвіі склаў летась толькі 60% ад узроўню 1990 году і што 80% насельніцтва краіны сёньня — за рысай беднасьці.
Яшчэ адна цытата зь ліста слухача з Рыгі:
“Вы, спадар Жданко, абвяргаючы мае сьцьверджаньні, нагадалі пра чэргі па прадукты харчаваньня. Што было, тое было. Але вось які факт: у 1990 годзе (былі чэргі) у сярэднім кожны чалавек у Латвіі зьядаў 57 кіляграмаў мяса, а летась (пры адсутнасьці чэргаў) — толькі 26,5 кілаграма мясных прадуктаў. Вам гэта, відаць, невядома. Але, мяркую, Вы пагодзіцеся з тым, што лепш быць сытым і нармальна харчавацца, нават калі ёсьць чэргі, чым бедаваць і галадаць пры адсутнасьці чэргаў”.
Савецкая статыстыка, спадар Леках, зьява хітрая. Калі ёй верыць, савецкія грамадзяне ўвогуле ні ў чым сабе не адмаўлялі, зьядалі неймаверную колькасьць прадуктаў і нават апярэджвалі па гэтых паказчыках заходнія краіны.
Аднак кожны, хто жыў у Савецкім Саюзе, памятае іншую карціну: смурод і парожнія паліцы савецкіх гастраномаў, даўжэзныя чэргі з лаянкай і нават бойкамі, усеагульныя дэфіцыты. У прыбалтыйскіх рэспубліках сытуацыя была крыху лепшай — ім дазвалялі пакідаць у сябе больш мяса ды малака, чым іншым. Гэтым карысталіся жыхары памежных раёнаў Беларусі, а асабліва Расеі — там ня тое што мяса і каўбаса — дэфіцытам былі і масла, і малако. Адпаведным было стаўленьне жыхароў Прыбалтыкі да гэтых так званых “каўбасных” электрычак ды аўтобусаў — іх ціха (і ня толькі ціха) ненавідзелі.
Што да сёньняшніх цяжкасьцяў, якія перажывае Латвія ды іншыя балтыйскія краіны — яны сапраўды ёсьць. Пераходны пэрыяд, зьмена грамадзкага ладу — працэс складаны і супярэчлівы. Але заўважце, спадар Леках, ні на адных выбарах, ні на водным рэфэрэндуме, пачынаючы з 1990 году, большасьць жыхароў Латвіі не падтрымлівала тыя сілы, якія заклікаюць да вяртаньня камуністычных парадкаў.
На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Генадзь Мацьвеенка зь Віцебску і Алег Моньчын з Магілёва.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.