Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каўбасы гніюць у крамах — ніхто ня можа купіць…”


Валянцін Жданко, Менск

Пасьля таго, як паўгода таму Аляксандар Лукашэнка захаваў уладу, на колькі-небудзь істотныя зьмены ў эканоміцы Беларусі спадзяваліся нямногія. Тым ня менш, зьмены (і зьмены сур’ёзныя) адбываюцца. Гэта на ўмовах уласнага паўсядзённага побыту адчулі і тыя, хто галасаваў супраць Лукашэнкі, і ягоныя прыхільнікі. Адметна, што і ацэнкі, якія даюць гэтым зьменам людзі розных палітычных схільнасьцяў, у многім супадаюць. Вось які ліст даслаў нам удзельнік вайны, пэнсіянэр Віктар Скараход зь Менску:

“Сёньня, праз паўгода пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, я часам перачытваю нумар газэты “Советская Белоруссия” ад 5 верасьня мінулага году, які бясплатна кінулі ва ўсе паштовыя скрынкі. Агульны загаловак таго нумара — “От добра добра не ищут”. Пералічваліся дасягненьні. Сукупны ўнутраны прадукт за мінулы год, калі верыць “Советской Белоруссии”, павялічыўся на 36%; прадукцыя прамысловасьці — на 65%; інвэстыцыі ў асноўны капітал — на 26%.

Адпаведна гэтым выдатным паказчыкам павінна палепшыцца і матэрыяльнае становішча кожнай сям'і. Бачачы гэты, так бы мовіць, “высокі дабрабыт народу”, Лукашэнка пасьля сваёй “элегантнай перамогі” на выбарах заявіў, што ніякіх зьменаў ня будзе. Яно і зразумела: навошта зьмены, калі ўсё і так выдатна.

І тут раптам усе дзяржаўныя мэдыі запаланілі чуткі пра нейкую лібэралізацыю, прыватызацыю, акцыянаваньне, разьдзяржаўленьне ў горадзе і “тры мадэлі” на сяле. Што за злыдні стаяць за гэтымі буржуазнымі падкопамі? Навошта пускаць у эканоміку капіталістаў, калі ўсім вядома, што рынкавы сацыялізм у Беларусі дасягнуў стабільнасьці і росквіту, а краіна даўно адведзеная ад краю бездані? І чаму ў такой сытуацыі маўчаць камісары і палітрукі?”

Вашая іронія, спадар Скараход, зусім зразумелая. Падобныя пытаньні, відавочна, задае сабе кожны, хто параўноўвае лічбы афіцыйнай статыстыкі з рэальным станам рэчаў у эканоміцы і з уласным матэрыяльным становішчам. Высновы тут як быццам відавочныя, толькі і застаецца, што іранізаваць над мінулагоднімі перадвыбарчымі абяцанкамі. Аднак адказы на гэтыя пытаньні знаходзяць ня ўсе. І выглядае, што эканамічная палітыка ўладаў выклікае зьбянтэжанасьць нават сярод тых, хто заўсёды лічыўся апірышчам улады і падтрымліваў усе яе ініцыятывы. Вось які ліст даслаў нам пэнсіянэр зь Менску Васіль Лемзін:

“Вы на Свабодзе заклікаеце, каб Беларусь стала на шлях, які прынясе народу незьлічоныя пакуты. Каму стане лепш, калі паводле рэцэптаў вашых гаспадароў у Беларусі разбураць калгасы? Калгасьнікі застануцца бяз грошай, без заробкаў. А дзе яны возьмуць каня, каб пасадзіць бульбу, хто выдзеліць сена пэнсіянэрцы?”

Мне здаецца, пытаньне вашае, спадар Лемзін, крыху запозьненае.

Дакладна такія спасылкі — страх перад “незьлічонымі пакутамі” і клопат пра няшчасных пэнсіянэраў — гучалі дзесяць-пятнаццаць гадоў таму, калі пачаліся размовы пра неабходнасьць рэформы калгаснай сыстэмы. Заўважце, спадар Лемзін, тады яшчэ ў вёсцы было што рэфармаваць — была тэхніка, сякія-такія грошы ў калгасаў.

Але ўлады ў Беларусі паступілі дакладна ў адпаведнасьці з вашымі пажаданьнямі — чапаць калгасы было забаронена. У выніку калгасы засталіся — але грошы калгасьнікам бальшыня зь іх або зусім ня плаціць, або плаціць такія мізэрныя, што пражыць на іх немагчыма.

Пэнсіянэр Васіль Лемзін знаходзіць наступнае тлумачэньне цяперашнім беларускім рэаліям:

“Гэта вашыя гаспадары ўгаварылі, каб Лукашэнка адпусьціў цэны. І што адбылося? Каўбасы гніюць у магазіне — ніхто ня можа купіць. Я вось даношваю чаравікі, якія купіў яшчэ пры савецкай уладзе — на новыя не магу назьбіраць з пэнсіі.

Дарэмна прэзыдэнт слухаецца вашых буржуйскіх дарадцаў. Мы яго выбіралі за тое, што ён наш, разумее простага чалавека і не распрадае краіну. Але і яго ламаюць праз калена. Падмануў жа яго нехта — інакш чаму за люты мне трэба, каб заплаціць за кватэру і камунальныя паслугі, аддаць ледзь не паўпэнсіі? Такога яшчэ ніколі не было.

Лукашэнку вы і да вас падобныя сьвядома ўводзіце ў зман, каб ён танчыў пад вашую дудку. А гэта сьмерць — і для людзей, і для Лукашэнкі. Бо калі ён будзе праводзіць такую палітыку, яго больш ня выберуць. А якраз гэтага і дабіваецца апазыцыя”.

Зноў выбіраць Лукашэнку, спадар Лемзін, вам наўрад ці давядзецца — хіба толькі ў 2006-м годзе, пабыўшы пры ўладзе 12 гадоў, ён зноў перапіша аднаго разу ўжо перапісаную Канстытуцыю.

Што да парадаў заходніх эканамістаў, то стаўленьне да іх у спадара Лукашэнкі прыблізна такое ж, як і ў вас, спадар Лемзін. І ён ня раз паказваў, што ня мае намеру лічыцца зь імі. Няўжо вы ўсур’ёз думаеце, што пасьля досьведу васьмі гадоў бескампраміснага змаганьня з Захадам Лукашэнку нехта мог падмануць альбо ўгаварыць зьмяніць пазыцыю?

Ёсьць, аднак, законы, якія Лукашэнку непадуладныя — ні адмяніць іх, ні замяніць сваімі дэкрэтамі ён ня можа. Гэта — законы эканомікі. Нейкі час іх можна ігнараваць, але рабіць гэта працяглы час немагчыма. Якраз з наступствамі такога ігнараваньня і мае цяпер справу беларуская ўлада.

Ліст ад Алеся Цадко з Маладэчна:

“Як бы ні пярэчылі ангажаваныя вярхі апазыцыйных партыяў, на сёньняшні момант на беларускім палітычным небасхіле зоркай першай велічыні застаецца Зянон Пазьняк. Праўда, пасьля ад’езду за мяжу зорка значна паблякла, а таму трэба ўсё рабіць дзеля таго, каб Зянон Пазьняк вярнуўся на радзіму і ўзначаліў аб’яднаны БНФ. Думаю, што за ім пойдзе моладзь, якая стамілася ад апазыцыянэраў, што праседжваюць штаны на шматлікіх паседжаньнях ды палітычных тусоўках.

Ня партыя, а грамадзкае аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне” павінна стаць авангардам апазыцыі, выцясьніўшы з гэтай ролі так званы “трэці сэктар”, які стаў неблагой кармушкай для пэўнай часткі апазыцыйных лідэраў. Чаму б Захаду менавіта праз БНФ не раздаваць гуманітарную дапамогу, у тым ліку лекі, якія сталі цяпер для многіх недаступнымі? Які аўтарытэт быў бы ад гэтых дзеяньняў!

БНФ як грамадзкае аб’яднаньне мае таксама магчымасьць ствараць свае суполкі на прадпрыемствах і ва ўстановах. Але чаму гэта не выкарыстоўваецца?”

Ня думаю, спадар Цадко, што заходнія дабрачынныя арганізацыі пагодзяцца ажыцьцяўляць сваю гуманітарную дзейнасьць празь Беларускі Народны Фронт ці якую-небудзь іншую палітычную арганізацыю. Добразычлівыя і міласэрныя людзі дзе-небудзь у Нямеччыне ці Італіі зьбіраюць лекі, прадукты і адзеньне для няшчасных беларускіх пэнсіянэраў ды інвалідаў зусім ня дзеля таго, каб тут на іхных душэўных памкненьнях нехта спэкуляваў ды вёў уласную прапагандысцкую кампанію. Думаю, у БНФ гэта і самі ўсведамляюць.

Вы памыляецеся, спадар Цадко, калі называеце “трэці сэктар” “авангардам апазыцыі”. Сукупнасьць разнастайных грамадзкіх непалітычных арганізацыяў ёсьць падмуркам грамадзянскай супольнасьці. Гэтыя арганізацыі ня ставяць перад сабой палітычных мэтаў і ня могуць служыць інструмэнтамі ў руках палітычнай апазыцыі. І зусім зразумела, што БНФ ніяк ня можа прэтэндаваць на іхнае месца.

Што да магчымасьці вяртаньня Зянона Пазьняка, то рашэньне, мяркуючы па ўсім, цалкам залежыць ад яго самога. Вашая справа — ці лічыць яго галоўнай зоркай на беларускім палітычным небасхіле. Сацыялягічныя апытаньні, аднак, сьведчаць пра тое, што гэтае вашае цьверджаньне крыху перабольшанае.

На заканчэньне — урывак зь ліста Міколы Протаса з Кобрыну:

“Сёньняшнюю так званую “выканаўчую вертыкаль” выгадаваў ні хто іншы, як старая камуністычная сыстэма. І пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі калянізацыя і асыміляцыя беларусаў пайшла яшчэ шпарчэй, чым гэта было за камуністамі. Пасьля так званага “рэфэрэндуму” 1995 году беларуская мова фактычна выпіхнутая зь дзяржаўнага ўжытку. Тое, што на трасянцы размаўляюць некаторыя дыктары на тэлебачаньні і радыё, сытуацыю не ратуе. Калі так пойдзе, то яшчэ праз пакаленьне беларуская мова будзе зьнішчаная канчаткова.

Што рабіць? Апазыцыйныя партыі павінны ісьці ў прафсаюзы, да рабочых і сялян, паднімаць іх супраць рэжыму. Толькі рабочыя могуць зьмесьці гэты антыбеларускі рэжым. Але адныя рабочыя, без авангарду, нічога ня зробяць — гэта аксыёма”.

Неяк ня дужа пераканаўча выглядаюць вашыя, спадар Мікола, высновы пра значэньне рабочай клясы ў зьвяржэньні дзяржаўнага рэжыму і патрэбу пралетараў у палітычным авангардзе, на ролю якога вы рэкамэндуеце апазыцыйныя партыі. Уся схема быццам перапісаная з бальшавіцкага падручніка гісторыі. А тое, што марксісцкія схемы і догмы безнадзейна састарэлі, сёньня ўжо відавочна: крах КПСС, Савецкага Саюзу і наступныя падзеі ў сьвеце гэта выразна паказалі.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Ўладзімер Латышонак зь Мёраў, Сямён Гарабчук зь Берасьця, Мікалай Саскевіч з Калінкавічаў і Генадзь Дзямідка з Паставаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Лістуйце. Чакаем новых допісаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG