Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мне сорамна за тое, што я зьехаў зь беларусі й здрадзіў сваёй партыі — БНФ…” ды іншае.


Валянцін Жданко, Менск

Нам досыць часта дасылаюць лісты людзі, якія альбо ўжо сталі палітычнымі ўцекачамі, альбо зьбіраюцца пакінуць Беларусь і зьехаць на Захад, спасылаючыся на палітычны перасьлед на радзіме.

Вось, для прыкладу Мікалай Раманаў яшчэ два гады таму жыў у Менску, працаваў на аўтазаводзе і быў актыўным удзельнікам ўсіх акцыяў, якія наладжваў БНФ. Ужо больш як год спадар Мікалай жыве ў бэльгійскім горадзе Антвэрпэне. Праўда, адрозна ад пераважнай большасьці іншых эмігрантаў, ён зьбіраецца вярнуцца ў Беларусь. Мікалай піша:

“Ужо 13 месяцаў я далёка ад Беларусі, у Бэльгіі. У свой час працаваў на МАЗе, у транспартным цэху. Чаму зьехаў? Мне здалося: Адраджэньне, барацьба з рэжымам амаль нікому не патрэбныя. Часта думаю пра гэта. Магчыма, я і здрадзіў сваёй партыі БНФ, зь якой хацеў зьвязаць усё сваё астатняе жыцьцё.

Мне сорамна, што я зьехаў. Вельмі хочацца вярнуцца, і я зьбіраюся вярнуцца, як бы мне ні было кепска. А галоўнае, я ведаю, як будаваць новую Беларусь. Можа, ня ўсё ведаю, але многае. Трэба вяртацца і спрабаваць будаваць новую краіну. У нас у Беларусі добрыя, працавітыя людзі, мы маглі б і можам жыць лепей, чым бэльгійцы — можа, не ва ўсім, але шмат у чым.

Калі ўспамінаю Беларусь, нашыя мясьціны, слухаю нашыя песьні — на вачах зьяўляюцца сьлёзы. Хоць мне заўсёды здавалася, што я не сэнтымэнтальны”.

Мікалай Раманаў таксама выказаўся пра абарону Курапатаў. Яшчэ адна цытата зь ягонага ліста:

“Вельмі хочацца падзякаваць тым хлопцам, якія абараняюць Курапаты. Я якраз быў у гасьцях у свайго сябра з Афганістану, глядзеў польскі тэлеканал, калі раптам паказалі сюжэт зь Беларусі, з Курапатаў — як АМОН хапае і зьбівае нашых людзей. У тую хвіліну я вельмі хацеў быць побач з абаронцамі Курапатаў.

Свабоду я пастаянна слухаю і чытаю ў Інтэрнэце. Атрымліваю ад гэтага вялікую асалоду і ў думках вяртаюся ў родную Беларусь”, — напісаў беспрацоўны Мікалай Раманаў з Антвэрпэну, з Бэльгіі.

Нам часта дасылаюць лісты людзі, якія пытаюць, як стаць палітычнымі ўцекачамі, да якой партыі далучыцца, у якіх масавых акцыях удзельнічаць, каб хутчэй атрымаць магчымасьць уцячы на Захад і дамагчыся там адпаведнага статусу.

Мне неаднойчы даводзілася казаць пра цынізм і амаральнасьць падобных асобаў, якія ня толькі імкнуцца ўвесьці ў зман іміграцыйныя службы заходніх дзяржаваў — але й кідаюць цень на тых бескарысьлівых і мужных людзей, якія сапраўды змагаюцца за дэмакратыю ў сваёй краіне — ня дзеля таго, каб пры першай жа магчымасьці кінуць яе, а каб жыць тут і стаць вольнымі ў вольнай дзяржаве.

Магчыма, шчырыя прызнаньні Мікалая Раманава для кагосьці з тых, хто зьбіраецца цяпер у эміграцыю, стануць засьцярогай і папярэджаньнем.

Уладзімер Фрыцко зь Менску, пачуўшы па Свабодзе завочную дыскусію паміж двума нашымі слухачамі — Аляксандрам Івановым зь Менску і Яраславам Маскалевічам зь Вены, вырашыў далучыцца да размовы. Нагадаю: спрэчка зайшла пра тое, наколькі адрозьніваецца жыцьцёвы ўзровень у Менску і ў беларускай вёсцы. Спадар Іваноў сьцьвярджаў, што заробак у яго ніжэйшы за сярэдні, але гэта, тым ня менш, дазваляе яму мець поўную лядоўню.

Уладзімер Фрыцко ў гэтай дыскусіі стаў на бок Аляксандра Іванова. Ён піша:

“У Менску нават чалавек зь нізкім заробкам здольны забясьпечыць сябе якасным харчаваньнем. Узяць хоць бы мяне. Заробак мой наогул вельмі нізкі. У мяне няма ні машыны, ні лецішча, ні нават відэамагнітафона. Але ж у маёй лядоўні ёсьць і мяса, і яйкі, і малако са сьмятанай. А што да ліста Яраслава Маскалевіча, то зь ім я згодны толькі ў адным: у вёсцы сапраўды жывецца дрэнна”.

Што да палітычных сыімпатыяў, то тут Уладзімер Фрыцко цалкам на баку Аляксандра Лукашэнкі. Ён піша:

“Лукашэнка, я лічу, атрымаў заслужаную перамогу на выбарах, і ніякія Ганчарыкі яму не канкурэнты. Спадар Лукашэнка — гэта, на мой погляд, магутны палітык. Я падтрымліваю ўсе ягоныя крокі, і вельмі шкадую, што ён ня можа абірацца на трэці тэрмін”.

Палітычныя перакананьні, спадар Уладзімер — гэта вашая асабістая справа. Хоць для мяне даволі дзіўна чытаць пра ваша захапленьне палітыкай Лукашэнкі пры тым, што зарплаты вам хапае толькі каб пракарміцца. Няўжо вы сапраўды лічыце такую сытуацыю нармальнай? Ці вас супакойвае думка пра тое, што ў калгасах не маюць і гэтага? І гэта пры тым, што Лукашэнка пры ўладзе ўжо восьмы год.

Пра сябе Ўладзімер Фрыцко паведамляе:

“Я працую на піўзаводзе “Крыніца”, і мяне трывожыць думка пра хуткую перадачу кантрольнага пакету акцыяў нашага заводу расейскай “Балтыцы”. З аднаго боку, гэта і добра, бо ўстановяць новае абсталяваньне, падвысіцца якасьць, піва лягчэй будзе прадаць. Як вынік — вырасьце даход прадпрыемства і заробкі рабочых. Але, зь іншага боку, мяне бянтэжыць думка пра магчымае скарачэньне працоўных месцаў”.

“Крыніца”, як і іншыя беларускія бровары, не вытрымлівае канкурэнцыі нават на ўнутраным рынку з расейскімі вытворцамі. Відавочна, што яна ня можа болей існаваць без інвэстыцыяў і эканамічнага аздараўленьня.

І без скарачэньняў на заводзе наўрад ці абыдзецца, спадар Фрыцко — дужа неэфэктыўнай была структура ўсіх дзяржаўных прадпрыемстваў у Беларусі. Затое тыя рабочыя, хто застануцца, напэўна ж, здолеюць на свой заробак купляць ня толькі харчы. Амаль усе былыя сацыялістычныя краіны пайшлі гэтым шляхам яшчэ на пачатку 1990-х гадоў — і ўжо дасягнулі значных вынікаў.

Ліст ад Алега Пяткевіча з Полацку. Ён піша:

“Мне 45 гадоў, маю ўнівэрсытэцкую адукацыю, 11 гадоў адслужыў у войску, потым маю пасаду скарацілі. Цяпер сталай працы ня маю, хоць пасьля звальненьня скончыў некалькі курсаў — у тым ліку газаэлектразваршчыкаў і эканамістаў у справе маркетынгу. А ў мяне двое малых дзетак. Жонка таксама скончыла ўнівэрсытэт, а вымушаная працаваць пасудамыйкай. Мы галадаем. Ці ж гэтак павінна быць, каб двое здаровых, з адукацыяй людзей не маглі сябе пракарміць?”

Алег Пяткевіч таксама паведамляе ў сваім лісьце, што ў часе мінулых выбараў быў назіральнікам і сьведкам шматлікіх фальшаваньняў на карысьць Лукашэнкі. Яго адхіліў ад назіраньня кіраўнік тамтэйшай участковай выбарчай камісіі Жыроў, але ён усё роўна склаў некалькі пратаколаў пра парушэньні. Алег Пяткевіч з гэтай нагоды піша:

“Наша Бацькаўшчына павінна абараняцца ад такіх несумленных людзей — любымі мэтадамі й спосабамі. Каб не галадалі мае малалетнія дзеткі. Каб я і мая жонка маглі мець магчымасьць зарабіць грошы”.

А на заканчэньне Алег Пяткевіч просіць нас знайсьці людзей, якія б дапамаглі яму са стартавым капіталам, тады б ён здолеў распачаць уласную справу і стаў незалежным ад рэжыму.

На жаль, спадар Алег, мы не маем магчымасьці займацца пошукам інвэстараў — гэта не ўваходзіць у нашыя функцыі. Ёсьць прадпрымальніцкія арганізацыі, дзе вам могуць даць адпаведную кансультацыю, ёсьць урэшце банкі, задачай якіх і ёсьць даваць крэдыты. Зразумела, зусім непрымальная сытуацыя, што вы, чалавек з адукацыяй і ў росквіце сілаў — галадаеце. Але, каб выправіць становішча, відавочна, найперш патрэбныя вашыя асабістыя намаганьні ды ініцыятыва.

На заканчэньне — ліст-заўвага ад Аляксандра Олеся зь мястэчка Ракітна Ровенскай вобласьці, што ва Ўкраіне.

“Хацелася б, каб у сваёй перадачы вы агучвалі (хаця б коратка) усе лісты, што прыходзяць на Беларускую службу Радыё Свабода. Мяне, напрыклад, вельмі цікавіць, пра што пішуць тыя, чыя лісты не трапляюць у эфір. Тое, што вы іх ігнаруеце — на маю думку, ёсьць непавагай і да тых, хто піша, і да тых, хто слухае. Скажаце, што бракуе эфірнага часу? Але гэта не аргумэнт, панове”, — выказвае да нас прэтэнзіі Аляксандар Олесь з украінскага мястэчка Ракітна Ровенскай вобласьці.

Мы, спадар Аляксандар, стараемся максімальна выкарыстоўваць лісты нашых слухачоў, і калі не цытаваць, дык хаця б згадваць пра іх. На жаль, знаёміць вас са зьместам усіх лістоў не выпадае — і ня толькі з прычыны абмежаванасьці эфірнага часу. Многія слухачы адмыслова зазначаюць, што іхныя лісты не прызначаныя дзеля выкарыстаньня ў эфіры; многія выказваюць прыватныя просьбы; у некаторых выкарыстоўваецца неправераная інфармацыя, зьневажальная для іншых асобаў альбо арганізацыяў — і такія лісты маюць патрэбу ў дадатковай праверцы.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Алесь Цадко з Маладэчна, Эдуард Тобін са Смалявічаў, Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну і Іван Жухавіцкі зь вёскі Баяры Маладэчанскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG