Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хочаш выжыць — лезь з галавой у сьметнік…” ды іншае.


Валянцін Жданко, Менск

Цягам некалькіх апошніх месяцаў — пасьля таго, як пачалося супрацьстаяньне ў Курапатах і дэмакратычная моладзь паўстала на абарону курапацкага мэмарыялу — у нашай пошце часьцей сталі зьяўляцца лісты ад дзяцей і ўнукаў ахвяраў бальшавіцкай улады.

Зьяўляюцца і новыя ідэі наконт ушанаваньня памяці мільёнаў людзей, зьнішчаных за час камуністычнага панаваньня. Вось зь якой прапановай зьвяртаецца ў сваім лісьце наш слухач Валянцін Паборцаў з Асіповічаў. Ён піша:

“Майго бацьку, Паўла Паборцава, у 1937-м годзе арыштавалі, назвалі “ворагам народу” і рэзыдэнтам польскай выведкі, і празь некалькі тыдняў расстралялі. Мне тады быў толькі адзін год. У 1957-м годзе бацьку рэабілітавалі, але я дагэтуль ня ведаю, дзе ён пахаваны.

Для мяне галоўная мэта цяпер — дамагчыся ўзьвядзеньня ў Беларусі помніка пад назвай “Сьлёзы ахвяраў сталінізму”. Гэта мая ідэя і мой боль. Я хачу стварыць адпаведны фонд. Зьбярэм грошы і ўзьвядзем помнік — можна накшталт таго, што ўсталяваны воінам-афганцам на Востраве Сьлёз у Менску.

Ведаю, у Беларусі ўсё залежыць ад волі аднаго чалавека — Лукашэнкі. Я двойчы зьвяртаўся да яго з адпаведнымі лістамі, але адказу па сутнасьці не атрымаў.

Фонд мой пакуль не зарэгістраваны. Днямі з гэтай нагоды іду ў гарвыканкам. Спадзяюся на разуменьне”.

Валянцін Паборцаў таксама просіць нашай дапамогі ў напісаньні прэсавага рэлізу і далучэньні да фонду вядомых асобаў Беларусі. Сярод дакумэнтаў, дасланых спадаром Паборцавым, зьвяртае на сябе ўвагу ліст ягонай маці Зінаіды, які яна адрасавала ў 1957-м годзе Галоўнаму ваеннаму пракурору. Ёсьць у гэтым лісьце такія радкі:

“Муж працаваў галоўным аграномам Глускай раённай нарыхтоўчай канторы. Арыштавалі яго 24 лістапада 1937 году органы НКВД. 28-га лістапада, пры адпраўцы яго з Глуску ў Бабруйск, я яго бачыла — мне дазволілі спатканьне. Не ўяўляю, як можна было так зьмяніць чалавека за тры дні. Я нават спалохалася яго. Выгляд быў жахлівы: жоўты худы твар, вочы чырвоныя, позірк нейкі бессэнсоўны… Нават праз дваццаць гадоў мне страшна ўспамінаць, што зь ім зрабілі. Ён мне паказваў рукі — усе ў кровападцёках.

Падчас спатканьня прысутнічалі сьледчыя — Міхайлаў і Касько. Яны супакойвалі мяне і мужа, казалі, што ўсё высьветліцца, што яго вышлюць на вольнае пасяленьне і ён забярэ сям’ю. Але пазьней, як толькі мужа павезьлі, гаварыць больш не захацелі. А тагачасны начальнік НКВД Арбузаў (пазьней я даведалася, што яго таксама расстралялі) сказаў мне: “Лес сякуць — трэскі ляцяць”.

Гэта былі радкі зь ліста Зінаіды Паборцавай, у якім яна прасіла ў 1957-м годзе рэабілітаваць ейнага расстралянага мужа.

Гісторыя сям’і Паборцавых — тыповая. Такі ж лёс напаткаў сотні тысячаў беларускіх семьяў.

Але наўрад ці варта, спадар Паборцаў, вынаходзіць нейкія новыя назвы для помнікаў, новыя арганізацыі ці новыя месцы для магчымага манумэнта. Ня толькі для Беларусі — для ўсяго сьвету сымбалем сталінскіх злачынстваў, сымбалем трагедыі беларускага народу і змаганьня за гістарычную праўду і справядлівасьць сталі Курапаты.

Змаганьне гэтае доўжыцца ўжо больш як дзесяць гадоў. Вакол гэтага змаганьня і людзей, якія яго вядуць, відавочна, павінны аб’яднацца ўсе, хто хоча, каб Курапаты ператварыліся ў сапраўдны мэмарыял, сымбаль трагедыі й барацьбы беларускай нацыі.

Тэму лёсу былых вязьняў і ахвяраў дыктатарскіх рэжымаў закранае ў сваім лісьце і Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну. Ён піша:

“Хачу паразважаць наконт праблемы кампэнсацыі маральнага, матэрыяльнага і фізычнага ўрону ўдзельнікам Другой усясьветнай вайны, вэтэранам працы, палітзьняволеным, вязьням канцлягераў, гета, так званым “усходнім рабочым”, якіх прымусова вывозілі ў Нямеччыну. Адным, як вядома, выплачвае нейкую драбязу родная дзяржава, другім — вельмі салідныя сумы — радзіма нацызму.

Размова ня толькі пра тое, наколькі адрозьніваюцца памеры выплат зь беларускага і зь нямецкага бюджэтаў. Пытаньне ў прынцыповым адрозьненьні дзяржаўнай палітыкі. Ахвяры нацысцкага рэжыму, якія хаця б некалькі месяцаў папрацавалі ня якога-небудзь нямецкага баўэра, атрымліваюць цяпер кампэнсацыю, на якую можна набыць калі не кватэру, дык добрую машыну.

А што ж дзясяткі мільёнаў бязьвінна рэпрэсаваных савецкімі фашыстамі? Працавалі яны ня месяцы — гады і дзесяцігодзьдзі, і не ў мяккім нямецкім клімаце — а на Калыме і ў Варкуце, дзе тысячамі паміралі ад холаду”, — напісаў Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну.

Зусім слушныя заўвагі, спадар Бельскі. Валянцін Паборцаў, ліст якога я цытаваў вышэй, доўгі час дамагаўся ад дзяржавы кампэнсацыі за сьмерць бязьвінна расстралянага бацькі. І дамогся: летась яму Глускі райвыканкам выплаціў кампэнсацыю ў памеры дзьвюх зарплатаў расстралянага. Гэтак улада ацаніла пакуты сям’і, у якой у 1937-м годзе адабрала і бязьвінна асудзіла на сьмерць карміцеля, пакінуўшы маладую жанчыну зь немаўлём на руках і ўсім да канца жыцьця паламаўшы лёс.

Ліст ад Віктара Баранава з Рагачова. Слухач падсумоўвае некаторыя вынікі першых месяцаў пасьля пераабраньня Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта. Ён піша:

“Пераабралі людзі ў верасьні Лукашэнку — і папярхнуліся. Чацьверты месяц цэны паўзуць уверх, а зарплаты і пэнсіі на месцы, і нават сталі ніжэйшыя. Калі б прэзыдэнтам выбралі кагосьці іншага, пачалі б абурацца — маўляў, пры Лукашэнку было лепш. А Лукашэнку ўсё даруюць — усе ягоныя пустыя абяцанкі.

Чаго вартае адно толькі абяцаньне стодаляравай зарплаты. Я дык адразу зразумеў, што гэта падман. Адкуль тыя сто даляраў узяць, калі сельская гаспадарка пры Лукашэнку прыйшла ў нечуваны заняпад. Паглядзіце на мясныя паліцы крамаў — адкуль прывезеныя харчы? З Амэрыкі, Заходняй Эўропы, Расеі. І рэдка хто наважыцца ўзяць кавалачак мяснога, бо дорага.

А як выжываць? Ды як заўсёды. Хочаш выжыць — лезь з галавой у сьметнік, калі іншага выйсьця няма.

А ўрад тым часам бясконца рапартуе пра нейкія мітычныя дасягненьні ў эканоміцы. Для мяне сёньня адно зразумела: жыць добра будзе толькі той, хто сам здольны забясьпечыць сабе добрае жыцьцё. А мэдыкі, настаўнікі, пэнсіянэры добрага жыцьця не дачакаюцца. Як кажа Лукашэнка, “будуць жыць кепска, але нядоўга”, — напісаў Віктар Баранаў з Рагачова.

У вашым лісьце, спадар Віктар, я асабліва зьвяртаю ўвагу на вельмі слушную заўвагу пра тое, што толькі сам чалавек уласнай працай, уласнай ініцыятывай і актыўнасьцю здольны забясьпечыць свой дабрабыт. А ўсе палітычныя перамогі Лукашэнкі падмуркам маюць наіўную веру многіх людзей у тое, што даброты ў выглядзе бясплатнага жыльля і мэдыцыны, высокай зарплаты і пэнсіі забясьпечыць ён, Лукашэнка.

Наколькі даўгавечнай можа быць гэтая вера, і чаму такая няхітрая папулісцкая тактыка спрацоўвае? Вось што піша на гэтую тэму наш сталы слухач Віктар Скараход зь Менску:

“Апошнім часам ад дэмакратаў часта пачуеш, што, маўляў, няма сёньня ў беларусаў палітыка, якога можна было б супрацьпаставіць Лукашэнку. Я з такой думкай катэгарычна не пагаджаюся.

Разумных, высокаадукаваных, інтэлігентных людзей — адданых патрыётаў Айчыны — нямала ва ўсіх сацыяльных групах беларускага грамадзтва. Але як палітыку стаць нацыянальным лідэрам бяз сродкаў масавай інфармацыі? А ў Беларусі ўсе дзяржаўныя (гэта значыць — агульнанародныя) мэдыі вось ужо восьмы год прыватызаваныя ўладай.

Для старэйшай па ўзросту часткі грамадзтва ня мае значэньня, што дзесяць абяцанак Лукашэнкі зь першай прэзыдэнцкай кампаніі і пустая папка са сьпісам карупцыянэраў, якой размахваў у Авальнай залі галоўны барацьбіт з карупцыяй, былі хітрай і пустой дэмагогіяй.

Для пэнсіянэраў важна было пачуць жаданае: “Я свой народ у бядзе не пакіну”, “Адбяру катэджы ў карупцыянэраў”, “Дам 100-даляравую зарплату”, “Падвышу пэнсіі” і гэтак далей. Вось гэтыя падманныя абяцаньні і трымаюць наіўных людзей у духоўным палоне. А магчымасьці незалежных мэдыяў, на жаль, абмежаваныя”, — напісаў Віктар Скараход зь Менску.

Яго дапаўняе Мікалай Волчык зь вёскі Зімовічы Пружанскага раёну. Ён піша:

“Які лёс чакае нашу Бацькаўшчыну ў 2002-м годзе? Шкада, што сацыяльна-эканамічная сытуацыя пагаршаецца. Гэта ўжо бачаць нават тыя, хто аддаў свой голас на выбарах за Лукашэнку. Але колькі трэба часу, каб зразумеў просты працаўнік, што становішча трэба мяняць? Проста нейкая роспач у людзей, ці што? Разумнае слова чуць ня хочуць, жывуць сёньняшнім днём. А што будзе заўтра?..

Ідзе ачмурэньне людзей. Напэўна, улада добра ўсьвядоміла словы Бісмарка: “Рабі сваю справу — заўсёды знойдзецца некалькі палітыкаў, якія ў любы момант апраўдаюць цябе”.

Мікалай Волчык таксама паведамляе, што стала слухае беларускую Свабоду з 1960-х гадоў па сваім магутным лямпавым прыймачы з вонкавай антэнай і што яму заўсёды прыемна чуць знаёмыя галасы на хвалях Свабоды.

Дзякуй вам за добрыя словы, спадар Мікалай. Вельмі многія слухачы, як і вы, задаюць сабе гэтыя і падобныя пытаньні — і мы разам з вамі спрабуем і будзем спрабаваць сумленна на іх адказваць.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты і віншаваньні з Калядамі Яўген Бяласін і Генадзь Паўлаў зь Берасьця, Ільля Копыл, Людміла Літвінава і Мікалай Невядомскі зь Менску, Алесь Шустоўскі з Барысава, Сямён Баярчук з Пружанаў, Юзэф Русакевіч зь Вільні, Яўген Вашчылка з Баранавічаў і Іван Антановіч з Горадні.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG