Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Раз яны ня толькі слухаюць ненавісную Свабоду, але і пішуць вам лісты, вы на правільным шляху…”


Валянцін Жданко, Менск

Апошнім часам у нашай пошце заўважна больш стала лістоў ад тых слухачоў, якія не пагаджаюцца з пачутым, і ўвогуле — падазрона і недружалюбна ставяцца да самога існаваньня Радыё Свабода. Тым ня менш, яны вельмі ўважліва і пільна сочаць за нашымі перадачамі й актыўна выказваюць сваю пазыцыю ў лістах і тэлефанаваньнях.

Як ставіцца да гэтай тэндэнцыі? Наш сталы актыўны слухач Ільля Копыл зь Менску, пачуўшы некалькі такіх лістоў у эфіры, напісаў:

"Раз яны ня толькі слухаюць ненавісную ім Свабоду, але нават пішуць лісты, то гэта азначае, што вы на правільным шляху.

Вось некалькі тыдняў таму паслухаў я ліст Казіміра Нарковіча зь Берасьця, які напісаў, што ў савецкі час можна было слухаць любыя замежныя галасы — нібыта не было ніякай забароны. Паспрабую яму запярэчыць.

Першае, усё так глушылася, што трэба было ўвесь час прыхіляць вуха да самага радыёпрыёмніка і пастаянна круціць ручку настройкі. А другое, слухаць можна было толькі вельмі позна, калі дзеці клаліся спаць — каб яны выпадкова не прагаварыліся пра гэта ў школе.

Па-трэцяе, на службе нас заўсёды правакавалі, каб высьветліць, хто слухае замежныя галасы. Рабілася гэта даволі прымітыўна. Нампаліт, чытаючы нейкую лекцыю пра посьпехі ў пабудове "разьвітога сацыялізму", адрываўся ад напісанага тэксту і даверліва зьвяртаўся да нас: "Між іншым, я ўчора слухаў Радыё Свабода, дык там перадавалі цікавыя зьвесткі. Можа, яшчэ хто слухаў? Тады мне лягчэй будзе весьці размову". Але мы рабілі выгляд, што нас гэта ня тычыцца. У іншым выпадку размова са слухачом "варожага" радыё працягвалася б у кабінэтах начальнікаў.

Па-чацьвёртае, у кожным падразьдзяленьні быў інфарматар КГБ — асобага аддзелу, "сексот" з нашага асяродку. Пад маёй камандай былі 24 афіцэры, і гэтага аднаго — "сексота" — я ведаў. Аднойчы на нарадзе афіцэраў я яго раскрыў, за што атрымаў вымову — нібыта за зрыў нейкай спэцапэрацыі КГБ", — напісаў Ільля Копыл зь Менску.

Дадам, што спадар Копыл у свой час служыў у савецкіх войсках стратэгічнага прызначэньня, ён — маёр у адстаўцы, і парадкі, якія панавалі ў той час у савецкім войску, ведае, відавочна, няблага.

Цьверджаньні Казіміра Нарковіча пра тое, што яму падчас ягоных замежных вандровак на савецкім гандлёвым судне ніхто не замінаў слухаць заходняе радыё, хоць усе пра гэта нібыта ведалі — сапраўды, выклікаюць шмат пытаньняў у тых, хто памятае савецкія парадкі і дзейнасьць "сексотаў" КГБ, якія павінны былі сыгналізаваць пра найменшыя праявы палітычнай неляяльнасьці да рэжыму.

Для таго, хто трапляў у сьпісы нядобранадзейных, аўтаматычна закрываліся ўсе шляхі і да кар'ернага росту, і да атрыманьня дазволу на выезд з краіны.

Леанід Хмялеўскі зь Менску ў сваім лісьце разважае пра магчымасьць зьмены палітыкі заходніх дзяржаваў да беларускага рэжыму. Слухач піша:

"Ужо ўсім відавочна — ніякая ізаляцыя Лукашэнку ня зломіць. Наадварот, чым большы зьнешні ціск, тым больш ён умацоўваецца. Захад павінен прызнаць уладу Аляксандра Лукашэнкі і тыя палітычныя зьмены, якія адбыліся пры ім у Беларусі.

Што з таго, што гэтыя зьмены ня надта дэмакратычныя. Дык і народ беларускі — гэта ж ня немцы і не французы. Жывуць яны не на вілах і не ў маёнтках, п'юць не "Бардо", апранаюцца не ад Кардэна, адпачываюць не на Гаваях... Дык чаму законы ў іх павінны быць, як у Нямеччыне ці Францыі? Кожнаму сваё. Не патрабуюць жа амэрыканцы ад Савудаўскай Арабіі, каб тая праводзіла дэмакратычныя выбары караля і не карала за крадзеж публічным адсячэньнем рук...

А Лукашэнка паезьдзіць па заходніх сталіцах — глядзіш, і навучыцца заходнім парадкам, сёе-тое перайме. Мо, і карысьці ад гэтага будзе болей, чым ад бясплённай ізаляцыі", — лічыць Леанід Хмялеўскі зь Менску.

Падобныя аргумэнты наконт таго, што Аляксандра Лукашэнку можна перавыхаваць, адчыніўшы перад ім дзьверы на Захад — ня новыя, спадар Хмялеўскі. Асабліва папулярныя яны былі ў першы год прэзыдэнцтва Лукашэнкі — у 1994–95 гадах. І Лукашэнку, нягледзячы на ўсе апасеньні, прымалі тады на Захадзе — адбыліся ягоныя візыты ў ЗША, Францыю, Нямеччыну…

Але спадзяваньні ня спраўдзіліся. У перапынках паміж візытамі беларускі лідэр то даваў загад на зьнішчэньне паветранага шара з амэрыканскімі спартоўцамі, то душыў страйк мэтрапалітэнаўцаў, то насылаў АМОН на дэпутатаў.

Цяпер наконт таго, што "Беларусь — не Нямеччына і не Францыя". Так, спадар Хмялеўскі, беларусам далёка да заходніх стандартаў жыцьця. Але Беларусь мяжуе не з Пэрсідзкай затокай і не з Султанатам Аман. За Бугам — краіны НАТО і Эўразьвязу, Беларусь — частка эўрапейскага кантынэнту і эўрапейскай цывілізацыі. І эўрапейскім дзяржавам зусім не абыякава, паводле якіх правілаў будзе жыць дзяржава, разьмешчаная побач зь імі.

Школьнік Зьміцер Панкавец зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну, разважаючы ў сваім лісьце пра вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, акцэнтуе ўвагу на дзейнасьці моладзевай арганізацыі "Зубр". Ён піша:

"Галоўная іхная мэта, на мой погляд — скінуць Лукашэнку і паставіць "не-Лукашэнку". А вось на нацыянальна-культурніцкія каштоўнасьці гэтай моладзі напляваць. Ня ведаю, хто стварыў "Зубр" і дзеля якой мэты, але ўсё гэта яўна ня проста", — лічыць наш сталы слухач і аўтар, школьнік Зьміцер Панкавец зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну.

Моладзь з арганізацыі "Зубр" сапраўды была вельмі актыўнай у часе выбарчай кампаніі і не акцэнтавала ўвагу на нацыянальных праблемах. Але наўрад ці варта, Зьміцер, толькі на гэтай падставе падазрона ставіцца да яе ці залічваць у ворагі Беларусі. Сярод моладзі, як і ў цэлым у грамадзтве, шмат розных ідэяў і перакананьняў. І такая моладзь мае права аб’ядноўвацца ў свае суполкі.

Вашае права — падзяляць погляды ці то Маладога Фронту, ці "Зубра", ці БПСМ. Галоўнае, каб гэтыя арганізацыі дзейнічалі ў межах дэмакратычных законаў і каб дзяржава аднолькава ставілася да ўсіх іх, ня дзелячы на сваіх і чужых.

Ліст ад Cтаніслава Лісоўскага зь Менску. Ён піша:

"Пасьля выбараў галоўным кадравіком краіны — кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі — Аляксандар Лукашэнка паставіў расейскага кагэбіста Ўрала Латыпава. Былых разьведчыкаў не бывае — гэта ўсім вядома. Фактычна Расея праз Латыпава ўзяла пад свой поўны кантроль кадры краіны, каб закончыць працэс зьнішчэньня яе незалежнасьці.

Якіх словаў варты кіраўнік краіны, які робіць такія прызначэньні? І чаго лепшага ад яго чакаць? У свой час ён спрабаваў стаць прэзыдэнтам Расеі, хлусячы ўсюды, што дбае сваімі паездкамі па расейскіх губэрнях толькі пра нацыянальныя інтарэсы. Хлусьня не прайшла. Не праходзіць хлусьня перад міжнароднай супольнасьцю і пра так званыя "изящные" выбары. А вось на беларускім узроўні кадравая і моўная палітыка, накіраваная на зьнішчэньне беларускай дзяржавы, яму яшчэ ўдаецца", — лічыць Станіслаў Лісоўскі зь Менску.

Па-мойму, спадар Лісоўскі, ва ўмовах цяперашняй сыстэмы ўлады ў Беларусі не выпадае перабольшваць значэньня каго б там ні было з падначаленых Лукашэнку чыноўнікаў — у тым ліку і Ўрала Латыпава. У канчатковым выніку галоўным кадравіком краіны застаецца ўсё тая ж пэрсона, якая і Латыпава, і Ярмошына, і Навіцкага, і Шэймана ў любы момант перастаўляе гэтак, як ёй зручна.

Крытычная заўвага ад Уладзіслава Жыгалкі зь Менску. Ён піша:

"Сёньня пачуў па вашым радыё тое, што вымушае мяне слаць вам праклёны — інакш не назавеш… Вы — журналюгі-правакатары. Мала вам таго, што Лукашэнка — марыянэтка, якога ўсялякія ворагі Беларусі піхаюць да здачы незалежнасьці, дык і ў вас сталі гучаць подлыя "разважаньні" наконт наступных рэфэрэндумаў… Яны ж вас слухаюць, і ўважліва. Дык вы ім яшчэ тлумачыце, як. Ганьба. Не будзіце ліха, пакуль яно ціха", — напісаў Уладзіслаў Жыгалка зь Менску.

Відавочна, спадар Жыгалка, вы маеце на ўвазе адну зь нядаўніх праграмаў "Экспэртыза Свабоды", у якой палітолягі абмяркоўвалі наступствы мінулых рэфэрэндумаў і разважалі пра тое, наколькі верагодныя рэфэрэндумы новыя, у тым ліку пра зьмену Канстытуцыі ў зьвязку з інтэграцыйнымі намерамі Масквы і Менску. Замоўчваць грамадзка значную інфармацыю, спадар Уладзіслаў, на той падставе, што яе могуць выкарыстаць тыя ці іншыя палітычныя сілы — недазваляльна для сродку масавай інфармацыі, які імкнецца быць аб’ектыўным і даражыць сваёй рэпутацыяй.

На заканчэньне — ліст ад Івана Жухавіцкага зь вёскі Баяры Маладэчанскага раёну. Ён піша:

"Я — даўні слухач вашых перадач. Шчыра дзякую вам за праўду, якую вы праз эфір даносіце да нас. Вельмі прашу падрыхтаваць шэраг перадач пра Вунію. Цікава, у якім становішчы цяпер вуніяцкая царква на Беларусі, якія ў яе стасункі з праваслаўем? Зычу ўсім вам Боскай дапамогі ў вашай працы і здароўя", — напісаў Іван Жухавіцкі зь вёскі Баяры Маладэчанскага раёну.

Дзякуй за добрыя словы, спадар Іван, і за прапанову — мы пастараемся яе ўлічыць.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Іван Бібік з Маладэчна, Андрэй Полацкі з Полацку, Ганна Матусэвіч і Віталь Сьцепулёнак з Койданава і Вячаслаў Рагачоў зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG